24 красавiка 2024, Серада, 22:23
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пракаповіч упаўнаважаны заявіць і перазаявіць

30

Дзіўныя метамарфозы адбыліся з заявай віцэ-прэм'ера што да планаў у павелічэнні ставак ПДВ і падаходнага падатку.

Не паспелі экспэрты і аналітыкі як след абмеркаваць заяву віцэ-прэм'ера Пятра Пракаповіча аб тым, што стаўкі ПДВ і падаходнага падатку павялічвацца не будуць, як стала вядома, што абмяркоўваць гэтую тэму трэба было зусім у іншым ракурсе, пішуць «Беларускія навіны».

Ці то Пракаповіч не тое сказаў, ці то ў яго сем пятніц на тыдні, як у ветранай дзяўчыны (хаця якія дзяўчыны ў 72 гады і з хворым сэрцам), ці то журналісты яго не так ужо зразумелі, але выявілася, што казаў Герой Беларусі рэчы цалкам супрацьлеглыя тым, якія чырвонымі загалоўкамі разнесліся ў байнэце.

Нагадаем, 17 верасня, адказваючы на пытанні прадстаўнікоў СМІ, Пётр Пракаповіч заявіў, што «павелічэнне ПДВ і падаходнага падатку абмяркоўвалася, але пастанова пра гэта не прынятая і, я думаю, прынятая яна не будзе».

Пасля вядомых падзей з дэвальвацыяй беларускага рубля верыць Пятру Пятровічу на слова, вядома, цяжка. Але ў гэтым выпадку падставы паверыць былі, бо згаданыя падаткі датычаць фізічных асоб і іх павелічэнне перад прэзідэнцкімі выбарамі можа негатыўна адбіцца на эканамічнай сітуацыі (рост ПДВ разганяе інфляцыю) і, адпаведна, настроях насельніцтва.

Аднак сёння дзяржаўнае агенцтва БелТА апублікавала новую рэдакцыю ўчорашняй нататкі, у якой Пётр Пракаповіч кажа пра тое, што «пастанова аб павышэнні падаходнага падатку з 12% да 13% абмяркоўвалася і, хутчэй за ўсё, будзе прынятая».

Пры гэтым папраўкі ў Падатковы кодэкс, з якімі азнаёміўся БелаПАН, не прадугледжваюць павелічэнне стаўкі ПДВ у наступным годзе, а таксама не мяркуюць павелічэння стаўкі падаходнага падатку з фізічных асоб.

Улетку гэтага года дзяржорганы ўносілі ва ўрад прапанову павялічыць стаўку падаходнага падатку з цяперашніх 12% да 13%, а стаўку падатку на даданую вартасць - з цяперашніх 20% да 22%. Міністэрства фінансаў матывавала прапанову аб павелічэнні ставак падаткаў неабходнасцю забяспечыць устойлівасць бюджэту.

«Абмяркоўваецца заўсёды шмат варыянтаў, а канчаткова мы пастанову прымем на пасяджэнні прэзідыума Савета міністраў у суботу. Мы павінны не павышаць падаткаабкладаемую базу для прадпрыемстваў. Мы павінны ствараць умовы, каб прадпрыемствы былі канкурэнтаздольнымі», - заявіў учора Пракаповіч.

Варта адзначыць, што ў 2013 годзе ў беларускі ўрад таксама ўносілася прапанову аб павелічэнні стаўкі падатку на даданую вартасць. Аднак пасля працяглых абмеркаванняў гэткая прапанова была адхіленая.

Дзіўныя метамарфозы з выказваннямі Пятра Пракаповіча могуць сведчыць пра тое, што складаная сітуацыя з напаўненнем бюджэту ўсё ж прымушае ўлады пайсці на непапулярныя меры і павысіць падаткі для насельніцтва. У народную кішэню дзяржава, праўда, хоча залезці пад добрапрыстойнай падставай. «Усе грошы будуць накіраваныя на сям'ю, на падтрымку дзяцей», - сказаў віцэ-прэм'ер у адрэдагаванай версіі сваёй заявы.

Напісаць каментар 30

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках