25 красавiка 2024, Чацвер, 18:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мечыслаў Грыб: Пуцін пераацэньвае сілу расейскага войска

23
Мечыслаў Грыб: Пуцін пераацэньвае сілу расейскага войска

Супастаўляць сілу NATO і Расеі нельга.

Учора стала вядома, што ў размове з прэзідэнтам Украіны Пятром Парашэнкам прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін заявіў, што можа ўвесці свае войскі не толькі ў Кіеў, але і ў Вільню, Варшаву і іншыя еўрапейскія сталіцы. «Калі б я захацеў, то на працягу двух дзён расейскія войскі маглі б быць не толькі ў Кіеве, але і ў Рызе, Вільні, Таліне, Варшаве і Бухарэсце», - заявіў ён.

Паводле традыцыі, пазней гэтыя словы Пуціна яго прэс-сакратар назваў «качкай». Аднак няма дыму без агню.

Наколькі дапушчальныя такія выказванні з вуснаў кіраўніка дзяржавы? Ці адэкватна ацэньвае Пуцін ваенныя магчымасці Расеі? На гэтыя пытанні «Радыё Свабода» адказвае былы старшыня Вярхоўнага Савета Беларусі Мечыслаў Грыб.

- Наколькі ўласцівыя такія выказванні кіраўнікам дзяржаў? Можна сказаць, што гэта нешта неардынарнае ў сусветнай практыцы - прынамсі, у мірны час?

- Наколькі я разумею, такія выказванні кіраўніка кожнай дзяржавы - не зусім нармальныя, мякка кажучы. Бо кожны кіраўнік дзяржавы - гэта перш за ўсё палітык і дыпламат, ён павінен думаць, перш чым нешта сказаць.

Зразумела, гэта ўсё магчыма - увесці расейскія войскі. Але войскі ў адказ можа ўвесці і NATO на тэрыторыю Расеі. Аднак гэта вайна, гібель людзей - каму гэта трэба, навошта, дзеля чаго? У маім разуменні такія выказванні Пуціна проста недапушчальныя.

- Можна выказаць здагадку, што Пуцін не зусім адэкватна ацэньвае вайсковую і геапалітычную моц Расеі? І ён сапраўды мяркуе, што расейскія войскі могуць захапіць розныя еўрапейскія краіны?

- Я думаю, Пуцін не вельмі рэалістычна ацэньвае вайсковую моц Расеі. Так, яны могуць акупаваць Крым, іх войскі мацнейшыя за войска Украіны, Беларусі. Але што тычыцца краін Еўразвяза, то яны ўсе - сябры NАТО. А ў статуце NATO напісана, што напад на адну з дзяржаў блока азначае напад на ўсю арганізацыю. А калі супастаўляць сёння вайсковыя магчымасці Расеі і NATO - то гэта вельмі розныя велічыні.

- Вы былі ў 1994 годзе кіраўніком Вярхоўнага Савета, першай службовай асобай у дзяржаве. Ці былі ў вашай палітычнай практыцы такія моманты, калі палітыкі іншых краін казалі нешта падобнае на гэтыя словы Пуціна?

- Я такіх выказванняў не памятаю. Ды і тады быў такі час, пасля распаду СССР, калі ўсё ў постсавецкіх краінах казалі, што нам нішто і ніхто не пагражае, абстаноўка вакол мірная, і нам няма чаго баяцца. Казалі нават, што нам і войска асабліва не трэба.

Бачыце ж, мы тады, і Беларусь, і Украіна, і Казахстан, добраахвотна аддалі сваю ядзерную стратэгічную і тактычную зброю. Калі б тады ў нас былі думкі, што зброя павінна ў нас застацца, паколькі яна дапаможа засцерагчы нас ад агрэсіі суседзяў, то, магчыма, мы б яе і не аддавалі. Не важна, што ў нас не было ключоў ад ядзерных узбраенняў - зрабілі б, для навукоўцаў гэта нескладаная задача. Але ж тады ўсе былі ўпэўненыя, што ўсё будзе развязвацца мірным шляхам, ніхто на чужыя землі тады не прэтэндаваў.

Напісаць каментар 23

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках