29 сакавiка 2024, Пятніца, 8:27
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Толькі адна жыхарка Магілёва навучаецца па-беларуску

22
Толькі адна жыхарка Магілёва навучаецца па-беларуску

У Магілёве застаўся адзін клас з беларускай мовай навучання. У класе вучыцца адна вучаніца - Ялінка Салаўёва.

У пачатку гэтага навучальнага года бацькі паведамлялі, што адміністрацыя школы прапаноўвала ім, каб дачка перайшла ў клас з беларускай мовай навучання. Ім гарантавалі, што Ялінцы прадметы будуць выкладаць на беларускай мове. Як бы гэта выглядала на практыцы, Надзея і Дзмітрый Салаўёвы прадставіць не маглі і выказалі сумнеў у мэтазгоднасці такога навучання, паведамляе «Радыё Свабода».

Першы тыдзень вучобы Ялінка прахварэла. А калі яе прывялі пасля хваробы ў школу, высветлілася, што пяты клас з беларускай мовай навучання для яе пакінулі, адзначае маці школьніцы Надзея Салаўёва.

«Яна вучыцца ў 5 «В» беларускім класе. Жадаючых вучыцца з Ялінкай не знайшлося. Вучыцца адна. Ходзіць толькі на фізкультуру і ангельскую мову з вучнямі з іншага класа. Ёй выдзелілі асобных настаўнікаў, і ў іх свае гадзіны, адпаведна, відаць, і заробак. Нараканняў у нас няма. Ёй самой падабаецца, што да яе цяпер прыходзяць розныя настаўнікі. Вось прынесла яна дзённік. Сёння - беларуская мова - 9, матэматыка - 9, руская мова - 9, а літаратура - 10. Яе кожны дзень выклікаюць», - распавядае пра вучобу дачкі Надзея Салаўёва.

Маці вучаніцы дадала, што пра клас пачалі пісаць дзяржаўныя газеты. «У адной з гарадскіх газет нават выйшла інтэрв'ю са мной», - кажа Надзея.

Напярэдадні гэтага навучальнага года выйшаў і рэкламны ролік пра адзіны ў горадзе беларускамоўны клас. Рабілі яго, каб знайсці вучнёўскую кампанію для Ялінкі.

Клас з беларускай мовай навучання з'явіўся ў Магілёве пасля дзесяцігадовага перапынку, дзякуючы намаганням грамадскасці. Калі прыйшоў час запісваць у яго дзяцей, гэта зрабіла толькі сям'я Салаўёвых. Непрацяглы час разам з Ялінкай вучыліся яшчэ двое дзяцей, але праз праблемы ў сям'і іх перавялі ў іншую школу.

Напісаць каментар 22

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках