25 красавiка 2024, Чацвер, 16:26
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сябар Міхаіла Жызнеўскага: Дайце нам крыху цяжкай зброі, і мы пераможам

6
Сябар Міхаіла Жызнеўскага: Дайце нам крыху цяжкай зброі, і мы пераможам

У кіеўскім вайсковым шпіталі знаходзіцца паранены баец батальёна «Данбас» - сябар беларуса загінулага на Майдане.

Міхаіл не называе свайго прозвішча, але не хавае асобы. Ягоны бацька - беларус, родам з вялікай палескай вёскі Агдэмер Драгічынскага раёна Берасцейскай вобласці. Сам ён нарадзіўся ў расейскай Цюмені, куды бацькі з'ехалі на заробкі. Ва Украіну Міхаіл прыехаў дзесяцігадовым. Мінулай зімой ён стаў удзельнікам Еўрамайдану, а гэтым летам паехаў ваяваць у Данбас.

У кіеўскім вайсковым шпіталі паранены баец другой штурмавой роты батальёна «Данбас» адказаў на пытанні карэспандэнта «Радыё Свабода».

- Міхась, як вы сталі салдатам батальёна «Данбас»?

- Адразу запісаўся ў батальён на Майдане ў Кіеве 1 чэрвеня. 2 чэрвені мы з сябрам паехалі сваім ходам у Новыя Пятроўцы (на палігон Нацыянальнай гвардыі). На Майдане быў з пачатку снежня. Сябраваў з Міхаілам Жызнеўскім. Мы часта сустракаліся, размаўлялі з ім, абмяркоўвалі сітуацыю. Класны быў хлопец. На вуліцы Грушэўскага з яшчэ адным беларусам Анатолем мы ўсталёўвалі бел-чырвона-белы сцяг і Пагоню. У батальёне «Данбас» ёсць салдаты з Расеі, Грузіі, Беларусі.

- Які быў першы сур'ёзны бой з вашым удзелам?

- Першы сур'ёзны бой быў, калі нашы 70 чалавек заходзілі браць Папасную 22 ліпеня. Калі падаеш на асфальт, тут куля, там куля, зверху лісце з дрэў сыплюцца... Нас мачылі тады па поўнай. Спаўзае ў кювет, бачыш - пацана параніла, другому куля ў бронекамізэльку патрапіла, трэцяму каску раскурочыла. У нашай роце было 4 забітых, 13 параненых. Бойня была там. Сепаратысты сышлі з Папаснай пасля таго бою.

У Папаснай быў смешны выпадак. Да нашага блокпосту пад'ехалі сепаратысты, палезлі абдымацца. Думалі, што свае. Але зразумелі, схапіліся за галаву. Траіх тады мы ўзялі ў палон. Мы пазначалі сябе жоўтым скотчам. Яны - каларадскімі стужкамі.

Калі мы сыходзілі, ішлі як зомбі. Спёка, амуніцыя. Кулі вакол чыркаць аб асфальт, а нам пасля той бойні, якую мы перажылі, калі заходзілі ў горад, ужо накшталт як усё роўна было. Сепаратысты пісалі ў сацсетках потым, што мы былі абкураныя.

- Калі вашы аперацыі былі найбольш паспяховымі?

- Лепш за ўсё, калі ніхто з вышэйшага кіраўніцтва нічога не ведае. Толькі калі пачынаеш што-небудзь сумеснае рабіць з рэгулярным войскамі... Далі нам на сумеснай аперацыі БМП і БТР 2, едзем у Ілавайск. Заходжу ў чат Папаснай. Паміж сабой людзі перапісваюцца і абмяркоўваюць, як мы едзем трыма калонамі. Я сам пра тры калоны не ведаў. Меркаваў, што ідзем двума. Палітыкі і генералы вельмі шмат гавораць на публіку і мала робяць. Калі мы працуем самастойна, партызанскімі метадамі, спрацоўвае фактар нечаканасці. Такія аперацыі найбольш паспяховыя.

- Як вас паранілі?

- Я быў паранены ў Ілавайску 21 жніўня. Нас ужо пачыналі браць у кола. Адной мінай 4 чалавекі параніла. Калі міна ляціць на цябе, яе не чуваць. Мне ў галаву асколак трапіў, у бронекамізэльку, руку і яшчэ 20 аскепкаў ў ногі. Другому, які стаяў за мной ад месца выбуху, асколак трапіў у горла. Трэцяму прабіла локаць. Ён потым уцёк з лякарні на перадавую. Чацвёртаму адзін асколак ў галаву патрапіў. Яго выратаваў індык. Мы ж у Ілавайску бралі прадуктаў на дзень. А затрымаліся там на тыдзень. Заходзілі ў кінутыя гаспадаркі, бралі тую ці іншую ежу. Дык той хлопец трымаў індыка, калі выбухнула міна. Большая частка аскепкаў трапіла ў птушку.

Мяне параненага вывезлі з зоны баявых дзеянняў на інкасатарскай машыне ў Старабешава. Мне пашанцавала, у адрозненне ад тых, хто застаўся ваяваць. Бо большасць з іх загінула або трапіла ў палон у Ілавайскім катле.

- Як мясцовыя ставіліся да вас?

- Скажу за Ілавайск. Да нас у бамбасховішча прыходзілі жанчыны з дзецьмі. Мужчын няма. Пытаем: дзе мужыкі? Няма... ваююць. Ім апошнія гады ўбівалі ў галаву, што яны вялікія шахцёры, кормяць Украіну. Але яны датацыйныя. 30% рускага насельніцтва, прапаганда...

- Раскажыце, што адбылося пад Ілавайскам?

- Нашы пасты і база стала абстрэльвалася артылерыяй і мінамётамі прыцэльным агнём. Гэта почырк прафесійных вайскоўцаў. 24-га пачалі абстрэльваць «Градам», знішчылі амаль увесь транспарт (аўтобусы, мінібусы). Нас кінулі туды, як мяса. Армія выйшла з тэхнікай, а батальёны засталіся. Вайсковыя часткі дакладвалі: «Мы выехалі. За намі «Данбас». Добраахвотнікаў недалюбліваюць, таму што мы нікому не падпарадкоўваемся, нас цяжэй кантраляваць. Можам падняцца і вызваліць горад без загаду зверху. Таму нам і тэхніку не даюць, так як мы будзем ваяваць. Нам далі аўтаматы і падствольнікі, і ўсё.

Нам выдзелілі нібыта калідор паводле сумеснай дамовы. Калі пачалі выходзіць па калідоры з атачэння, нас пачалі масіравана абстрэльваць. Большасць з тых, хто выйшаў, выходзілі самастойна абходнымі шляхамі.

Нас трэба было выводзіць яшчэ 20-га, калі стала ясна, што дапамогі не будзе. Нас тупа расстрэльвалі. Кожны дзень па 5 забітых і 15 параненых без усякага бою. Закідвалі мінамі, снарадамі. А Сяменчанка ляжаў у Кіеве, атрымліваў ордэн.

- Куды плануеце пасля шпіталя?

- Я ўжо небаяздольны. На перадавую нельга. Хіба інструктарам, альбо сапёрам. Бегаць хутка дакладна не змагу. А трэба своечасова і ў падвал заскочыць, калі пачынаюць працаваць «Градам».

- Хто больш дапамагае валанцёрскім батальёнам?

- Асноўнае забеспячэнне робяць валанцёры. Прыехалі, прывезлі рэчы, раздалі жаўнерам. Вось гэта дапамога! Ні касак, ні бронекамізэлек, ні абутку, ні нармальнага адзення войска не дало. Толькі пісталеты, аўтаматы, падствольныя гранатамёты. Усё астатняе прывезлі валанцёры. Вязуць таксама адзенне, акумулятары, ліхтарыкі, складныя ножыкі - усю неабходную дробязь.

Прыехаў Авакаў. Па ТВ паказалі, што нам прывезлі 5 грузавікоў «Урал» для перавозкі людзей. З'ехаў Авакаў, з'ехалі і «Уралы». На прысягі нас здымалі на фоне новых БТРаў. Не далі ніводнага. Паказуха.

Мая рота перамяшчалася на двух аўтобусах, адабраных у сепаратыстаў або іх памочнікаў. Напрыклад, нам паведамілі, што дырэктар хлебазавода ў Арцёмаўску дапамагаў сепаратыстам, пёк і адвозіў ім хлеб. Прыехалі да яго, пагаварылі сур'ёзна: «Дакументы ёсць на фуру? Няма. Канфіскоўваем». Потым перавозілі ў ёй рэчы. Тое ж і з аўтобусамі.

Батальён «Данбас» хоць пад міліцыяй ходзіць. Добраахвотны ўкраінскі корпус Яраша наогул ні пад кім. Ім нічога не дае дзяржава. Толькі валанцёры.

- Што больш правільна, на вашу думку - абвяшчэнне антытэрарыстычнай аперацыі або вайсковага становішча?

- Якое АТА? У нас калек ўжо тысяч пяць, забітых тысячы чатыры. Гэтыя звесткі не афішуюцца. Дадзена каманда падаваць інфармацыю ў станоўчым святле, каб не падаў баявы дух. Але праўда ўсё роўна адкрыецца. Ідзе сапраўдная вайна. І лагічным было б абвяшчэнне ваеннага становішча адразу пасля выбараў прэзідэнта.

- Перамір'е - дабро ці зло?

- Перамір'е - тактычны крок. Ён неабходны, каб вызваліць нашых хлопцаў, якія трапілі ў палон. На днях павінны вызваліць аднаго з нашых камандзіраў з пазыўным Лермантаў. Вось яго б паставіць камбатам. Класны чалавек, прыроджаны баец, расійскі афіцэр! Цудоўны стратэг.

- Як вы ставіцеся да ўдзелу ў палітычным працэсе?

- Я не партыйны быў падчас Майдана, і цяпер супраць усіх палітыкаў. Мы свядомыя ўкраінцы, якія выйшлі на Майдан, каб памяняць сістэму, а не свінню каля карыта. Гэтага палітыкі баяліся. Паглядзіце спісы тых, хто быў на Майдане. Яны альбо ў бальніцы, альбо забітыя. Усе ішлі на перадавую. Іх проста падставілі і кінулі. Трэба было прыбраць радыкальных людзей з Майдана.

- Як вы ставіцеся да ідэі развіцця партызанскага руху?

- Батальёны, як «Данбас», у нечым падобныя да партызанскага руху. Корпус Яраша так наогул сапраўдныя партызаны. Пачынаюць пашырацца ініцыятывы мясцовых мсціўцаў, якія паступова забіваюць і адстрэльваюць прарасейскіх тэрарыстаў. Ёсць каманда чачэнцаў, якая партызаніць.

Батальён «Данбас» павялічылі да 800 чалавек. Даюць БТРы, будзе таксама танкавая рота. Са старога складу засталіся 100 чалавек. Раней у нас былі толькі аўтобусы. Адно трапленне снарада - і ён ператвараецца ў брацкую магілу.

- Хто з палітыкаў вам здаецца найбольш надзейным?

- Калі шчыра, ніхто. Хіба што Парашэнка (пакуль не паціснуў руку Пуціну) альбо Каламойскі. Ён хоць і алігарх, але першы заправіў за свой кошт машыны для вайскоўцаў і забяспечыў эфектыўны імунітэт у сваім рэгіёне ад праяў сепаратызму. Можа, таксама Парубій прыстойны. Турчынаў здаецца чалавекам справы, а не балбатні.

- Праўду кажуць аб высокім баявым духу ўкраінцаў?

- Так. Жадаючых трапіць у батальён «Данбас» было шмат. Ішоў жорсткі адбор. Калі была судзімасць, спажываў наркотыкі, адразу адсейвалі. Многія адсяваюцца самі. Калі панюхалі пораху, з 600 чалавек засталося 500. Не кожны псіхалагічна быў гатовы. У нас камандзіры ставіліся спакойна: пішаш заяву і сыходзіш. Бо патрэбен чалавек, які не разгубіцца ў самую цяжкую хвіліну і дапаможа баявому таварышу.

Нам трэба не абкопвацца, а наступаць і ціснуць захопнікаў, таму што гэта наша зямля. У нас патрыятызм. Гэта наша сіла. Нам крыху цяжкай зброі, і мы пераможам!

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках