19 сакавiка 2024, aўторак, 14:24
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Бясплатная вучоба ў Менску

1
Бясплатная вучоба ў Менску

Дзе здаволіць вераснёвую смагу ведаў, не выдаткаваўшы ні капейкі.

Аб гэтым піша гарадскі партал CityDog.

лятучы ўніверсітэт

Новы навучальны год пачынае Лятучы універсітэт. Да 25 верасня тут можна запісацца на розныя курсы, школы і семінары (дзе-нідзе для паступлення можа спатрэбіцца эсэ). «Прыкладная семіётыка», «Школа Бібліі», «Уводзіны ў вусную гісторыю» - гэта зацікавіць, у першую чаргу, гуманітарыяў. Але для аматараў дакладных навук таксама сёе-тое знойдзецца: напрыклад, курс «Як карыстацца матэматыкай». Каб з першых рук даведацца ўсё аб праграме на 2014/2015 год, прыходзьце 9 верасня ў «ЦЭХ» - і піце гарбату-каву ў асяроддзі лектараў і арганізатараў.

ECLAB

У Менску адкрываецца Еўрапейскі каледж Liberal Arts ў Беларусі (калі карацей, ECLAB). Мы ўжо запрашалі вас на Дзень адчыненых дзвярэй, але калі вы ўсё прапусцілі, не бяда: зараз вытлумачым. Навучанне вядзецца па трох напрамках: «Сучаснае грамадства, этыка і палітыка», «Масавая культура і медыя», «Публічная гісторыя». Цягам года студэнты, якія абралі той ці іншы кірунак, змогуць праслухаць больш за дзесяць навучальных курсаў. Каб паступіць, трэба напісаць уступнае эсэ. Тэмы самыя разнастайныя: «Адкуль мы ведаем, што добра, а што дрэнна?», «Як вы сабе ўяўляеце «ідэальны» школьны падручнік па гісторыі Беларусі?». І гэтак далей. Заяўкі можна падаваць да 14 верасня.

«Еўрапейскае кафэ»

Не забывайце зазіраць на лекцыі «Еўрапейскага кафэ». 8 верасня чакаем прафесара гісторыі Усходняй Еўропы Томаса Бона з развагамі «Зубры або партызаны? Адкрыты ліст аўтару «Малой падарожнай кніжцы па Горадзе Сонца», а з 4 па 14 верасня запланавана некалькі лекцый у рамках Еўрапейскага міжкультурнага фестывалю.

Клуб гісторыі Менска

Гэта двухгадзінныя фармальна-нефармальныя сустрэчы моладзі, якая цікавіцца гісторыяй Менска. Першая ў новым навучальным годзе лекцыя, прысвечаная развіццю тралейбуснага і аўтобуснага руху ў сталіцы, пройдзе ўжо 4 верасня. Гасцей просяць загадзя запісацца.

«Мова наноў»

Папулярныя курсы па вывучэнні беларускай мовы пачнуцца 8 верасня ў галерэі «Ў» са святкавання 500-годдзя бітвы пад Оршай. Ёсць і першае «хатняе заданне»: развучыць словы песні «Стары Ольса» «бітва пад Воршай», каб дружна грымнуць яе ў «класе». Весці заняткі, як звычайна, будуць філолаг Алеся Ліцвінаўская і журналіст Глеб Лабадзенка.

Фотокурс «Лаві момант»

З 13 верасня да 16 лістапада фотарэпарцёры AP і вядучых беларускіх і замежных выданняў будуць дзяліцца сакрэтамі майстэрства. Бясплатны курс, у першую чаргу, разлічаны на журналістаў і ўсіх тых, хто марыць публікаваць свае фатаграфіі ў СМІ. Заняткі будуць праводзіцца раз на тыдзень па суботах, заяўкі можна падаваць да 8 верасня.

Лінуксоўкі «Фаланстэра»

Не зусім курсы, а, хутчэй, калектыўнае самаадукацыя з дапамогай парадаў і інтэрнэту. У «Фаланстэра» рэгулярна збіраюцца на «Лінуксоўкі»: вячоркі прасунутых карыстальнікаў АС GNU/Linux. Бліжэйшая - 12 верасня.

Loft Lab

Бясплатныя лекцыі, семінары і сустрэчы ў Loft Café працягваюцца. Пакуль расклад фармуецца, але калі вас цікавіць барнае мастацтва, маркетынг, прасоўванне і PR, замежныя мовы - будзьце напагатове.

COURSE.BY

Адкрыты адукацыйны праект COURSE.BY пачне працу з кастрычніка. Якім будзе новы навучальны год, стане ясна праз тыдзень, але арганізатары ўжо паабяцалі доўгатэрміновы курс па Javascript і, як звычайна, па HTML. Усё астатняе - калі знойдуцца выкладчыкі.

«Моваведа»

Курсы беларускай мовы «Моваведа» сыходзілі на жнівеньскія вакацыі і вяртаюцца ўжо 4 верасня з заняткам па беларускай лацінцы. Уласна, пачаткам новага навучальнага года гэта ніхто не называе: прыйдуць тыя ж людзі, паціснуць рукі пачаткоўцам - і ўсе разам надалей будуць камунікаваць на беларускай мове кожны чацвер у 19:00.

Курсы іўрыту ў Ізраільскім культурным цэнтры пры пасольстве Ізраіля

Узровень вашага іўрыту тут не важны, гэтак як і час, калі вы вырашылі ўзяцца за вывучэнне гэтай мовы: запісацца на курсы можна цягам усяго года. Калі пашанцуе, прапануюць далучыцца да новай групы (як раз такая вось-вось распачне заняткі), калі не, папросяць пачакаць да наступнага разу. Яшчэ ў Ізраільскім культурным цэнтры анансавалі сустрэчы клуба айцішнікаў ITea-club, але «займальнае падарожжа ў свет ізраільскага хайтэка» - гэта ўжо зусім на аматара.

«Фіальта»

Асаблівая ўвага ў праграме Моладзевага адукацыйнага цэнтра «Фіальта» раім звярнуць на цыкл лекцый «Навука па-за сябе», дзе аб сур'ёзным і разумным распавядаюць цікава і нефармальна. У «Фіальта» нам паведамілі, што аб наступнай сустрэчы яшчэ нічога не вядома, але яна абавязкова будзе, так што сачыце за афішай. І не забывайце, што ў цэнтры ёсць Fialta English Club, дзе можна паразмаўляць па-ангельску.

Coffee & Architecture

Аб раскладзе адкрытых архітэктурных лекцый Coffee&Architecture таксама не можам сказаць нічога пэўнага, акрамя таго, што яны працягнуцца. Арганізатары абяцаюць радаваць прыхільнікаў кавы і архітэктуры сустрэчамі не радзей чым раз ў месяц у кавярні «Зерне». Дадамо, што стваральнік праекта Марыя Пагарэлава выступіць на Вялікім модным маркеце з лекцыяй аб 3D-друку - але да Coffee&Architecture гэта не належыць.

TEDxNiamiha

Услед за TEDx Minsk з'явілася TEDxNiamiha. Сустрэча ў стылі сусветна вядомага TED пройдзе 4 кастрычніка ў бізнэс-клубе IMAGURU пад дэвізам «Ідэі, вопыт, дзеянні». Абяцаюць, што ключавы спікер падзеі прыляціць з Даніі і раскажа пра ідэі, якія рэалізуе прыкладная фізіка, - а за такое, наогул, Нобелеўскую прэмію даюць.

А яшчэ не выпускайце з-пад увагі «Беларускі калегіюм», AlterEDU і курсы «Мова ці кава» - там таксама варта чакаць навін.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках