25 красавiка 2024, Чацвер, 18:33
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Крыніцы: у Растоўскую вобласць перакідваюць тысячы вайскоўцаў і танкі

26
Крыніцы: у Растоўскую вобласць перакідваюць тысячы вайскоўцаў і танкі

Жаўнераў тэрміновай службы прымушаюць падпісваць кантракты для магчымай адпраўкі ва Украіну.

Чуткі аб падрыхтоўцы падраздзяленняў войска РФ да вайны на фоне паведамленняў аб меркаванай загубе расейскіх вайскоўцаў у часе баёў у Данбасе усё ходзяць. Прэса паведамляе пра тое, што ўсе новыя аддзелы фармуюцца ў частках, якія адпраўляюць быццам на вучэнні, а напраўду яны трапляюць на фронт. Таксама з'явілася інфармацыя, што жаўнераў тэрміновай службы нібыта прымушаюць падпісваць кантракты для магчымай адпраўкі ва Украіну, піша NEWSru.com.

Афіцыйныя органы РФ катэгарычна адмаўляюць факт удзелу Масквы ў вайне, аднак СМІ сцвярджаюць, што колькасць вайскоўцаў з РФ, якіх рыхтуюць для баёў на Украіне на баку сэпаратыстаў, імкліва расце. Так, ананімныя крыніцы, блізкія да сваякоў вайскоўцаў з Пскова, сярод якіх, паводле пэўных звестак, ужо ёсць страты, распавялі "Независимой газете", што ў горад Каменск-Шахцінскі Растоўскай вобласці сцягваюцца некалькі тысяч расейскіх вайскоўцаў і перакідваюцца танкі Т-90.

Са слоў суразмоўцаў выдання, "шмат каго абурае хлусня". Як патлумачылі крыніцы, затрыманым у Данецкай вобласці дэсантнікам, нібыта згубленым на мяжы і надоечы перададзеным Расеі, сапраўды казалі, што яны едуць на вучэнні ў Растоўскую вобласць.

Крыніцы выдання і прадстаўнікі прэсы пацвердзілі заявы афіцыйнага Кіева, што Данецк узялі расейскія вайскоўцы, якія цяпер рыхтуюць наступ на Валнаваху, а танкавы батальён з РФ нібыта штурмаваў аэрадром у Луганску. Журналіст "Эхо Москвы" і ТК "Дождь" Цімур Алеўскі таксама паведаміў са спасылкай на мясцовых жыхароў, што на Данбасе з'явіліся рэгулярныя часткі расейскага войска.

"Тэлефон здаў, на Украіну з'ехаў"

Са слоў крыніцаў "Независимой газеты", якія б спасылаліся на вайскоўцаў, на ўкраінскай вайне ўжо загінулі не менш за 80 расейцаў. Раней аб меркаванай загубе больш за 100 вайскоўцаў на Данбасе паведамілі чальцы Рады развіцця грамадзянскай супольнасці і правоў чалавека пры прэзідэнце Расеі Эла Палякова і Сяргей Крывенка, аднак іхнія падазрэнні былі аспрэчаныя Мінабароны. Афіцыйны зварот да міністра абароны Сяргею Шайгу з заклікам адказаць пра лёс расейскіх вайскоўцаў, якія загінулі на тэрыторыі Украіны, адправіў дэпутат Дзярждумы Дзмітрый Гудкоў.

"Новая газета" распавяла гісторыю аднаго з, як мяркуецца, загінулых на ўсходзе Украіны жаўнераў - 20-гадовага жыхара Козьмадзям’янска Рэспублікі Марый Эл Антона Туманава.

Са слоў маці загінулага малодшага сяржанта Алены Туманавай, рэчы, пашпарт і вайсковае пасведчанне сына ёй пакуль не аддалі. 20 жніўня жанчына атрымала толькі закрытую труну з целам і копію пасведчання аб смерці з растоўскай трупярні. У ім пазначаная дата смерці - 13 жніўня 2014 года, месца загубы - "пункт часовай дыслакацыі вайсковай часціны 27777", а таксама адзначана, што "падчас выканання абавязкаў вайсковай службы "жаўнер атрымаў "спалучаную траўму - множныя аскепкавыя раны ніжэйшых канцавін з пашкоджаннем буйных крывяносных судзін". Да смерці прычынілася масіўная страта крыві.

У войска Антон пайшоў з Козьмадзям’янска ў 2012 годзе. Навучанне прайшоў у Пензе, служыў у Паўднёвай Асеціі. Як патлумачыла маці, прыйшоўшы з войска, ён хацеў знайсці працу, але не здолеў: "У сьледчы ізалятар яго не ўзялі, бо ў яго анэмія. Для войска ён прыдатны, а для працы - не".

У траўні маладзён наважыў ісці служыць паводле кантракту. Хоць маці адгаворвала юнака, баючыся, што яго могуць паслаць ваяваць на Украіну, ён быў упэўнены, што гэтага не адбудзецца. У 18-ю Асобную мотастралковую брыгаду, в/ч 27777, у паселішча Каліноўская ў Чачні Антон з'ехаў 21 чэрвеня. Месца службы абраў сам. Заплату за паўтары месяцы службы Антон так і не атрымаў.

Маці распавяла, што дадому Антон тэлефанаваў амаль штодзень. На пачатку ліпеня распавёў, што ў частцы пытаюцца, хто хоча самохаць паехаць на Украіну, і, паводле ягоных слоў, ахвочых не было. Потым Антон напісаў маме, што яго адпраўляюць пад Растоў.

На расейска-ўкраінскай мяжы вайскоўцы часткі 27777, паводле ягоных слоў, былі 11 ліпеня. 17-гадовай нявесце Насці Чарнавой Антон распавядаў больш, чым маці. Так, 23 або 25 ліпеня ён паведаміў ёй: "Едзем на вайну" і растлумачыў, што "ў ролі «ополченцев»". Другім разам, як распавёў Антон Насці, іх адправілі на Украіну 3 жніўня, на два дні.

10 жніўня Антон паведаміў і маці, што расейскіх вайскоўцаў адпраўляюць у Данецк "на дапамогу «ополченцам»". Насці Антон дадаў, што будзе на Украіне месяцы два-тры, магчыма, да лістапада, без сувязі. 11 жніўня дзецюку Антону выдалі дзве гранаты і 150 набояў для аўтамата. А трэцяй гадзіне дня ён даслаў маме паведамленне "Вконтакте": "Тэлефон здаў, на Украіну з'ехаў". Больш ён на сувязь не выходзіў.

Экспэрты мяркуюць, што прысутнасць расейскіх вайскоўцаў Крамлю трэба не для таго, каб далучыць Данбас да Расеі, як Крым. "Ёсць план кантраляваць дзеянні кіеўскіх улад", - выказаў сваё меркаванне вядомы маскоўскі палітолаг Нікалай Пятроў. Паводле ягонага прагнозу, расейскія вайскоўцы ў той ці іншай якасці будуць удзельнічаць у канфлікце ў той меры, "у якой гэта трэба, каб ўкраінскія войскі не дамагліся поспеху". "Кантроль над Украінай з дапамогай падтрымання канфлікту ў Данбасе, а ў далейшым, магчыма, ператварэння Данбаса ў рэгіён накшталт Прыднястроўя, будзе захоўвацца", - упэўнены ён.

Фота: Reuters

Напісаць каментар 26

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках