29 сакавiка 2024, Пятніца, 12:09
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларускія журналісты адмовіліся ехаць на канферэнцыю ў Маскву

5
Беларускія журналісты адмовіліся ехаць на канферэнцыю ў Маскву

Праўленне Беларускай асацыяцыі журналістаў прыняло пастанову ўстрымацца ад удзелу ў канферэнцыі Еўрапейскай федэрацыі журналістаў (ЕФЖ), якая пройдзе ў лістападзе ў Маскве.

«Мы ўважаем канферэнцыю EFJ галоўнай падзеяй года ў свеце еўрапейскай журналістыкі. Таму ад імя сябраў нашай нацыянальнай арганізацыі мы выказваем нязгоду з правядзеннем гэтай канферэнцыі ў сталіцы дзяржавы, улады якой цягам апошняга часу мэтанакіравана спрыялі і спрыяюць разбурэнню этычных і прафесійных стандартаў журналістыкі», - гаворыцца ў адкрытым лісце БАЖ ад 16 верасня.

Прыняцце заявы ГА «БАЖ» пракаментавала старшыня арганізацыі Жанна Літвіна:

- Падзеі, звязаныя з расейска-украінскім канфліктам, і асабліва іх асвятленне, прымушаюць па-новаму зірнуць на прафесію. З такім узроўнем інфармацыйнай агрэсіі мы яшчэ не сутыкаліся. Падчас асвятлення падзей расейскія СМІ маніпулявалі інфармацыяй, фота, відэа, дэманструючы поўную безадказнасць і бяздумна, парушаючы ўсе прынцыпы нашай прафесіі. Чаго толькі каштуюць асвятленне Першым расейскім каналам дня прэзідэнцкіх выбараў ва Украіне і дэзінфармацыя што да перамогі кандыдата ад «Правага сектара»... Гэта і выкарыстанне ў праграме Кісялёва кадраў, знятых на Паўночным Каўказе, і выкарыстанне кадраў з мастацкага фільма «Берасцейская крэпасць», якія выдаваліся за бамбаванне Данбаса.

На вачах СМІ ператварылася ў зброю, якая раз'ядае грамадскую свядомасць. Дэзінфармацыя, прапаганда, інфармацыйныя правакацыі - шлях да нянавісці і варожасці. У сённяшняй сітуацыі патрэбен глыбокі аналіз усяго, што адбывалася, аналіз ролі СМІ ў гэтых працэсах. І ёсць вялікая верагоднасць, што на канферэнцыі ў Маскве такая размова не атрымаецца, што само правядзенне канферэнцыі будзе выкарыстана ў прапагандысцкіх мэтах. Таму сёння як ніколі ўкраінскім журналістам патрэбна падтрымка. І мы сваёй пастановай дэманструем і падтрымку, і салідарнасць з нашымі калегамі.

Прэс-служба арганізацыі нагадвае, што 14 верасня прадстаўнікі Асацыяцыі польскіх журналістаў, Нацыянальнага саюзу журналістаў Украіны і Незалежнага медыяпрафсаюза Украіны заклікалі сябраў EFJ не праводзіць у Маскве кангрэса.

Акрамя ГА «БАЖ», якое прадстаўляе Беларусь у EFJ, аб неўдзеле ў маскоўскім форуме паводле стану на 17 верасня абвясцілі Грузія, Венгрыя, Люксембург, Славенія, Украіна і Фарэрскія выспы.

Кіраўнік EFJ Магэнс Бліхер-Б’ерэгард заклікаў сябраў арганізацыі паважаць як пастанову тых, хто ўдзельнічае ў маскоўскім форуме, так і пастанову тых, хто пастанавіў адмовіцца.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках