29 сакавiка 2024, Пятніца, 9:04
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Горад-спадарожнік Фаніпаль: пустыя новабудоўлі і кава з-пад крыса

26

Фаніпаль - адзін з шасці гарадоў-спадарожнікаў і адзін з самых блізкіх да сталіцы.

Усяго 23 кіламетры ад цэнтра Менска. Ад кальцавой наогул 13.

Паўгадзіны на электрычцы ў бок Стоўбцаў - і вы на месцы. Кошт задавальнення 3100 рублёў за паездку. Танней, чым на грамадскім транспарце.

Выходзім на станцыі Фаніпаль і ідзём не ў прамысловую частку горада, а ў жылую. Дарэчы, прамысловасці ў Фаніпалі шмат. Тут і завод жалезабетонных маставых канструкцый, і доследна-механічны завод, і вытворчасць аўтамабільных радыятараў. У прыгарадзе Фаніпаля - найбуйнейшая птушкафабрыка, на якой працуе кожны сёмы жыхар горада. У горадзе, дарэчы, жыве 14 тысяч чалавек.

Адразу за станцыяй ідуць прыватныя дамкі. Старыя, але дагледжаныя. На пляцах пастрыжаны газон, агароджы стаяць роўныя, пафарбаваныя.

Праз пару сотняў метраў злева і справа - дробныя крамы, рамонт абутку, атэлье, спартыўны клуб... Адзінае, што бянтэжыць - гэта нейкі пах. Такое адчуванне, што хтосьці паліць гуму. Пытаем у мінака: можа, гэта ад якога-небудзь з шматлікіх заводаў так пахне?

- Пах? Я не адчуваю ніякага паху. Напэўна, звык, - усміхаецца мужчына. - Калі крыху далей пройдзеце, вось там будзе пах. Ад каналізацыі.

І сапраўды, варта было прайсці яшчэ метраў дзесяць, як дыхаць стала ўжо зусім складана. Гэты ж пах мы адчулі недалёка ад адной з будоўляў, дзе будаваўся квартал жылых дамоў. Калі ўлічыць, што ў Фаніпалі будуецца шмат жылля, каналізацыю, мабыць, трэба абнавіць.

Калі павярнуць налева на вуліцу Камсамольскую, адчуванне, што ідзеш па алеі: уздоўж дарогі з абодвух бакоў высаджаныя дрэвы. Злева стаяць прыватныя домкі, а справа - шматпавярховікі. Тыя, што бліжэй да дарогі, ужо старэнькія.

Крыху далей - новабудоўлі. Прычым досыць шмат дамоў яшчэ будуецца, ёсць расчышчаныя пляцоўкі пад новыя катлаваны. Ужо сфармавалася некалькі новых жылых кварталаў. І то тут, то там бачныя расцяжкі «Запрашаем набыць кватэру». Цэннік значна таннейшы за сталічны. За адзін квадратны метр - ад 1050 да 1150 даляраў. Многія дамы ўжо пабудаваныя.

- Вы тэлефануйце і купляйце. Тут шмат пустога жылля, - дае параду будаўнік, які выйшаў на перакур.

- А чаму не купляюць?

- У мяне вось грошай няма. Выходзьце за мяне замуж, купім з вамі кватэру, - аджартаваўся мужчына.

Дарэчы, у горадзе практычна кожны другі сустрэты жыхар быў з маленькім дзіцем. У Фаніпалі сапраўдны бэбі-бум. Мяркуючы з форумаў, дзе матулі абмяркоўваюць перавагі таго ці іншага садка, дашкольных устаноў тут стае.

На 14 000 насельніцтва тут 4 дзіцячыя садкі, адная школа і адная гімназія. Але бацькі, якія ездзяць на працу ў Менск, аддаюць перавагу сталічнай адукацыі для дзетак.

З чым напружана ў мястэчку, дык гэта з крамамі. Як і ў кожным прыгарадзе, большая частка гандлю засяроджаная ў міні-крамах. Іншымі словамі, выбар нешта накшталт ёсць 2 - 3 гатункі каўбасы, але для сталічных перабор, гэтага мала. Затое вось пошта, вось банк, вось банкамат, які працуе, вось рамонт адзення і абутку, цырульня... Жыві і радуйся!

«Праўда, каб прыехаць у Фаніпаль раніцай, давялося рана прачнуцца. Каву я выпіць не паспела. Дай, думаю, зайду ў кавярню. Але тут мяне напаткала расчараванне. Мясцовыя жыхары адпраўлялі мяне ў рэстарацыю, якая, знаходзіцца дзесьці далёка, каля царквы. Наважыла спытацца пра кавярню ў найбліжэйшай крамцы», - піша аўтарка артыкула.

- Ледзь далей на вуліцы сапраўды ёсць рэстарацыя. Але цяпер (11 раніцы) яна закрытая, - вінавата кажа прадавачка.

- І што, кава нідзе нельга выпіць?

- Ну, я магу вам зрабіць. За асобную плату. Так нельга, вядома, але зраблю.

На каву ў мяне сышло пару тысяч рублёў. Гэта быў кошт пластыкавага кубачка і распушчальнай кавы «тры ў адным». А прадавачка проста была добрая і нагрэла вады, за што ёй шчыра дзякую. - У нас тут праблема з кавярнямі. І пайсці няма куды, - сказала яна напрыканцы.

Магчыма, «няма куды пайсці» - гэта і ёсць самая вялікая праблема маленькіх гарадкоў.

Пакуль журналісты шпацыравалі па Фаніпалі, даведаліся, што можна аддаць дзіця ў адзін з шматлікіх гурткоў у Доме культуры, можна схадзіць на кірмаш адзення з Туркменістана. Вось і ўсё. Сумнавата. 14 тысяч жыхароў пасля працы пойдуць да сябе дадому.

Напісаць каментар 26

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках