23 красавiка 2024, aўторак, 12:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Уцякачка з Луганску ў Берасці: Не магла больш баяцца і чакаць, калі ўпадзе бомба

11
Уцякачка з Луганску ў Берасці: Не магла больш баяцца і чакаць, калі ўпадзе бомба

Жыхарка Луганску распавяла, чаму пераехала ў Беларусь.

Цяпер Святлана жыве ў Берасці, дзе ўладкавалася на працу афіцыянткай, піша «Вячэрні Гродна».

- Я не магла больш баяцца, уставаць па начах, чакаць, калі ўпадзе бомба, - распавядае яна. - У Берасці ў мяне жыве хросны, таму я абрала Беларусь, а брат паехаў да сваякоў у Расею. У Луганску ў нас засталася мама, праз сямейныя абставіны яна не змагла выехаць. У горадзе няма святла, вады, але газ ёсць. Людзі выходзяць на вуліцу толькі да 12 раніцы, каб узяць гуманітарку і пітво, горад разбураны, на вуліцах сустракаюцца трупы.

На працу дзяўчыну прынялі нелегальна, статусу ўцякачкі яна не дамагалася. Святлана не ведае, што рабіць, калі трэба будзе да доктара, не ведае аб магчымасцях легальнага працаўладкавання і працягу вучобы. Яна маладая, добра выглядае і распавядае сваю сумную гісторыю незнаёмым людзям, наведвальнікам кавярні. Словы вылятаюць як птушкі і тонуць у баршчы і халадніку. Хоць у яе ёсць магчымасць змяніць свой статус у кожны момант, яна пакуль не карыстаецца сваімі правамі.

Як распавёў Генеральны консул Украіны ў Берасці (курыруе і Гарадзенскую вобласць) Алег Мысік, за апошнія восем месяцаў у Берасцейскую вобласць прыехалі звыш трох з паловай тысяч грамадзян Украіны, з іх больш за дзве тысячы - з Луганскай і Данецкай абласцей. Мігранты ёсць і ў Гародні, але ў меншай ступені. За статусам уцекачоў звярнуліся 15 чалавек.

Кожны дзень у Генконсульства прыходзяць дзясяткі наведвальнікаў, людзі розных узростаў, ад дзяцей да пенсіянераў, але ў большасці сваёй - працаздольныя, адзначае Алег Мысік. У дыпслужбе можна атрымаць неабходныя даведкі аб несудзімасці, стаць на ўлік. У службе міграцыі ўжо выдадзена больш за дзве тысячы дазволаў на знаходжанне. У спісе - больш за 90 прадпрыемстваў, дзе ўкраінцам прапануюць працу. Звыш 1100 чалавек працаўладкаваныя.

- Ці захочуць гэтыя людзі вярнуцца?

- Усё будзе залежаць ад сітуацыі на Украіне, мы не можам чалавека абмежаваць. Ён мае права жыць і працаваць там, дзе ўважае за патрэбнае. Галоўным крытэрыем стане ступень эканамічнага і дэмакратычнага развіцця Украіны, еўраінтэграцыя можа паўплываць на тых, хто з'ехаў. Моладзь ужо будзе глядзець на свет па-іншаму, галоўнае, каб хацелі адаптавацца ў сучаснай Украіне. Калі ў краіне заняпад, то да чаго вяртацца? Калі будзе лепш, людзі вернуцца да сваіх хатаў, родных.

- Ці ёсць афіцыйная праграма, якая вызначае стаўленне да людзей, якія ў складаны момант пакінулі краіну або сёння знаходзяцца ў зоне АТА?

- Такой праграмы пакуль няма. Мы разумеем, што людзі адурманеныя прапагандай, паддаліся пад яе ўплыў. Аднак нават тыя, хто падтрымліваў сепаратыстаў, трапяць пад амністыю, і гэта афіцыйна агучана. Але ў каго кроў на руках, хто зрынаў уладу, марадзёрстваў, забіваў, тыя будуць пакараныя. Па-іншаму не можа быць.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках