20 красавiка 2024, Субота, 12:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Трагічна скончылася «Санта-Барбара» у Рэчыцкім раёне

14
Трагічна скончылася «Санта-Барбара» у Рэчыцкім раёне

У Рэчыцкім раёне 19-гадовы хлопец забіў сваю аднагодку, калі яна сказала яму пра цяжарнасць.

Як потым высветлілася, яна ўвесь час ашуквала. У верасні пачалося судовае разбіральніцтва гэтай крымінальнай справы, піша «Наша Нiва».

Трагічна скончылася мясцовая «Санта-Барбара» у Рэчыцкім раёне. 19-гадовая Віка цягам некалькіх месяцаў падманвала свайго хлопца Аляксея, сцвярджаючы, што цяжарная ад яго і нават што нарадзіла дзіця. Аляксей жа вырашыў яе забіць.

Наўмысна ці выпадкова, жудаснае злачынства адбылося ў Дзень усіх закаханых, 14 лютага.

Паводле абвінавачання, 14 лютага а 21.30 каля вёскі Перавалока Рэчыцкага раёна зямляк нябожчыка паэта Анатоля Сыса, жыхар вёскі Гарошкаў 1994 года нараджэння, учыніў забойства 19-гадовай дзяўчыны, жыхаркі вёскі Салтанава.

Дапамагаў меркаванаму забойцу (ступень яго віны дакажа суд) ягоны сябар Вячаслаў, жыхар вёскі Броннае 1993 года нараджэння.

Аляксей, былы хлопец Вікі, забіў яе, некалькі разоў ударыўшы палкай па галаве. Да цела мёртвай дзяўчыны злачынец прывязаў мех з камянямі і ўтапіў у сажалцы.

Суд спрабуе да дробязяў высветліць абставіны Дня ўсіх закаханых, які стаў для 19-гадовай Вікі апошнім.

У зале шмат людзей. Сваякі забітай і меркаваных забойцаў рассаджваюцца ў судзе далей адзін ад аднаго. Але і тыя, і іншыя часта не могуць стрымаць слёзы.

Двое хлопцаў на лаве падсудных трымаюцца спакойна, упэўнена і нават бадзёра. Вячаслаў часам усміхаецца, з гатоўнасцю адказвае на пытанні суддзі. Аляксей паказвае сваякам сціснуты і падняты кулак, стрымана усміхаецца.

Паказанні, якія давалі абвінавачаныя на следстве, некалькі адрозніваюцца ад тых, якія яны даюць у зале суда. Але гэта тычыцца не асноўных момантаў злачынства. Паводле версіі Аляксея, з Вікай ён раней вучыўся ў ВВК (вучэбна-вытворчы камбінат), але не сябраваў. У 2013 годзе яны выпадкова сустрэліся ў Рэчыцы на вуліцы, завязалася блізкае знаёмства, маладыя людзі пачалі сустракацца. Праз два месяцы пасля знаёмства Віка «ўзрадавала» Аляксея весткай аб тым, што цяжарная. Ён жа не хацеў мець з Вікай сур'ёзных стасункаў і таму прапанаваў зрабіць аборт. Тая адмовілася.

Потым высветлілася, што пра цяжарнасць Віка схлусіла, спрабуючы такім чынам утрымаць Аляксея, бо даведалася, што ён змяніў свой ​​статус «Вконтакте» - маўляў, у яго новая сяброўка.

Гэта і прымусіла Віку прыдумаць версію пра цяжарнасць. Яна стала пагражаць, маўляў, у выпадку калі ён яе кіне, яна пойдзе да бабак-шаптух і «навядзе на яго погань». Са словаў другога абвінавачанага, Вячаслава, ягоны сябар Аляксей баяўся погані, таму не разрываў стасункі з Вікай, прыязджаў да яе перыядычна. Аляксей таксама ў сваіх паказаннях на папярэднім следстве прызнаваў, што баяўся пагроз Вікі, што тая пры дапамозе ведзьмаў «адбярэ ў мяне здароўе». Тады, восенню 2013 года, у хлопца і нарадзілася думка, якую ён агучыў у паказаннях: «Калі ў Вікі будзе выкідыш, гэта пазбавіць мяне ад праблем, яна больш не будзе палохаць мяне шаптухамі».

Ён папрасіў свайго сябра Вячаслава, каб той падпільнаваў Віку і збіў яе нагамі ў жывот, мяркуючы, што пасля гэтага ў той здарыцца выкідыш.

Суддзя ўдакладняе: «Адкуль вы ўзялі, што, калі біць нагамі ў жывот, - будзе выкідыш? Вы чыталі спецыяльную літаратуру» Аляксей адказвае? «Бачыў такое праз тэлевізар, у серыяле. Нехта штурхнуў жанчыну, яна стукнулася - і ў яе здарыўся выкідыш».

Дарэчы, вінавацілі «ва ўсім» тэлевізар, фільмы і серыялы, і сваякі забітай Вікі, калі размаўлялі пасля судовага паседжання. «Гэта ж дзеці, ім жа па 20 гадоў, праблемы не ўмеюць развязваць, нагледзеліся гэтых серыялаў, вось так і атрымалася», - разважалі сваякі.

У той восеньскі вечар Вячаслаў вартаваў дзяўчыну ў кустах каля яе дома. Аляксей жа, змовіўшыся з ім, падвёз Віку дадому і абяцаў патэлефанаваць, калі ахвяра будзе на месцы.

Віка выйшла з аўтамабіля Аляксея, той патэлефанаваў Вячаславу, той нацягнуў на галаву пакет (каб яна яго не пазнала) і кінуўся на ахвяру са спіны. Ад моцнага ўдару віка ўпала на зямлю і закрычала. Спрацавала сігналізацыя на прыпаркаваным побач аўтамабілі, злачынец спалохаўся і ўцёк. Пазней ён даў справаздачу аднаму, што ўсё ж такі ўдарыў Віку, як той і прасіў, нагамі па жываце.

«Чаму вы пагадзіліся на просьбу сябра збіць Віку? Вы разумелі, якія могуць быць наступствы для яе?» - пытае суддзя. «Я не ведаю. Цяжка сказаць», - мямліць Вячаслаў.

Тым часам Віка паскардзілася на тэлефон Аляксею, што хтосьці напаў на яе ля пад'езда. Яна працягвала настойваць, што цяжарная. Праз некаторы час паведаміла, што яна нарадзіла раней за тэрмін, і хлопчык знаходзіцца «пад каўпаком» у лякарні ў Гомелі.

Аляксей сцвярджаў на судзе, што неаднаразова прасіў Віку паказаць «сына», тая ж аднеквалася, тлумачыла, што немаўля то ў шпіталі, то ў бабулі. Між тым, са словаў Аляксея, яна прасіла ў яго грошы на «памперсы». Дзяўчына казала, што сына назвала Маратам.

У лютым, відавочна, Аляксей пастанавіў забіць Віку. На судзе ён даказвае, што не планаваў забойства і гэта выйшла выпадкова, у спрэчцы.

«Мы ехалі на дыскатэку ў вёску Перавалока. Па дарозе пасварыліся, выйшлі з аўтамабіля, кіраваў якім Вячаслаў, лаяліся, яна мяне абражала, штурхала кулаком у грудзі, мацюкалася, я не вытрымаў, схапіў нейкую палку і ўдарыў яе некалькі разоў па галаве», - распавядаў малады чалавек.

Факты ж кажуць пра іншае. У багажніку аўтамабіля быў ​​ужо падрыхтаваны мех з цаглінамі, дрот, гумовыя боты.

Мех з цаглінамі пры дапамозе дроту забойца прывязаў да цела ахвяры і скінуў у тэхнічны вадаём. Боты былі патрэбныя, каб дабрацца па возеры да палонкі.

Вячаслаў даводзіў на судзе, што нічога не ведаў. Пра тое, адкуль у багажніку з'явіліся дрот і мех з камянямі, кажа, што паклаў іх Аляксей перад паездкай, патлумачыўшы, што хоча «запалохаць Віку». Якім менавіта спосабам - не ўдакладняў.

Са словаў Вячаслава, ён не дапамагаў забіваць дзяўчыну, бачыў, як Аляксей яе ўдарыў палкай. Потым дапамог падцягнудь цела да вадаёма.

«Чаму вы не дапамаглі Віке, не абаранілі яе, калі бачылі, як Аляксей яе б'е палкай па галаве?» - пытаецца суддзя.

«Я быў у шокавым стане. Я баяўся Аляксея», - апраўдваецца саўдзельнік злачынства.

Пасля забойства хлопцы едуць у Рэчыцу, ідуць у бар, потым купляюць «віно, шакаладку і прэзерватывы» і праводзяць вечар і частку ночы ў кампаніі дзяўчат.

На паседжанне не з'явіліся сведкі, таму суд вынес пастанову даставіць іх прымусова.

Нагадаем, гэта не адзінае жорсткае забойства ў Рэчыцкім раёне.

29 жніўня 2013 была жорстка забітая 19-гадовая жыхарка Рэчыцы Алеся. Яе забойца арыштаваны, неўзабаве ў Гомельскім абласным судзе пачнуцца слуханні справы. Забойца і ягоная ахвяра былі знаёмыя, яны былі равеснікі. Ён праводзіў дзяўчыну дадому, а потым жорстка забіў яе.

Улетку 2013 каля вёскі Воўчая Гара Рэчыцкага раёна была забіта 23-гадовая Ліля, выпускніца Мазырскага педуніверсітэта. Аказалася, што адабраў у яе жыццё былы сябар і аднакурснік. Дзяўчына адмовілася прадаўжаць з ім стасункі. Помста ягоная была страшная. На судзе малады чалавек быў прысуджаны за забойства да 15 гадоў зняволення.

Пасля судовага паседжання да маці забітай Вікі падыходзіць маці Аляксея. Абедзве жанчыны пра штосьці ціха размаўляюць каля акна, абедзве плачуць. Чуваць, што маці хлопца просіць прабачэння ад яго імя. Сам ён пакуль гэтага не зрабіў.

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках