29 сакавiка 2024, Пятніца, 12:32
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Да Васіля Парфянкова зноў не даходзяць лісты

Да Васіля Парфянкова зноў не даходзяць лісты

Так мяркуе актывістка Вольга Нікалайчык, якая рэгулярна перапісвалася з палітвязнем.

Два тыдні таму Вольга Нікалайчык прыязджала ў калонію ў Горках, дзе трымаюць Парфянкова. Сустрэцца з Васілём Парфянковым ёй не дазволілі, перадачу для яго не прынялі. З тых часоў Вольга адправіла Парфянкову некалькі лістоў і днямі атрымала ад яго ліст, з якога вынікае, што яе лісты і пасланні іншых сяброў-аднадумцаў да Парфянкова не даходзяць, перадае «Радыё Свабода».

«Не пусцілі да яго і перадачу не прынялі. Як вярнулася з той паездкі ў калонію, адправіла Васілю два ці тры лісты: з часопісамі, з газетамі, з пустымі паштоўкамі, як ён просіць. І вось прыйшоў ад яго ліст, у якім ён піша, чаму маўчым, чаму яму нічога не пішуць. Гэта значыць, ніякіх нашых лістоў ён не атрымлівае і нават не ведае, што да яго прыязджалі», - распавяла яна.

Васіль Парфянкоў у калоніі ў Горках некалькі разоў быў пакараны карцэрам, і доўга знаходзіўся не ў атрадзе, як большасць зняволеных, а ў ПКТ - памяшканні камернага тыпу, прызначаным для парушальнікаў рэжыму. Парфянкоў павінен вызваліцца ў гэтым годзе ў снежні. Былы палітвязень быў пакараны годам калоніі строгага рэжыму нібыта за парушэнне правілаў прэвентыўнага нагляду, які за ім усталявалі пасля затрыманняў на акцыях салідарнасці з удзельнікамі Плошчы 2010.

Васіль Парфянкоў - адзіны з былых палітвязняў Плошчы, які пасля вызвалення ў 2011 годзе зноў апынуўся ў зняволенні паводле палітычных прычын.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках