25 красавiка 2024, Чацвер, 23:43
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Гомелі дзве сям'і судзяцца за месца на могілках

11
У Гомелі дзве сям'і судзяцца за месца на могілках

Некаторыя грамадзяне ходзяць у суд як на працу.

У суд як інстанцыю пошукаў «законнай справядлівасці» людзі звяртаюцца з рознымі праблемамі. Некаторыя грамадзяне ходзяць у суд як на працу. Адзін чалавек у Гомелі 12 гадоў судзіцца з прадпрыемствам, якое звольніла яго. Праз суд дзеляць сям'і, дзяцей, нерухомасць, грошы і нават месцы на могілках, піша «Наша Нiва».

Калі нарматыў жылой плошчы для чалавека - 15 квадратных метраў, то на могілкі кожны грамадзянін РБ пасля смерці мае права атрымаць надзел 1,6 на 2,2 метра ці двайны надзел плошчай 2,2 на 2,3 метра. На падвойным надзеле можна хаваць сваякоў: унукаў, бабуль, братоў, бацькоў, стрыечных пляменнікаў і гэтак далей. Галоўнае, каб пахаванне адбылося ў згодзе з іншымі блізкімі сваякамі, якія не прэтэндуюць на гэтае месца.

Каб не было праблем, тыя, хто хавае сваіх блізкіх, даюць распіску аб тым, што ў выпадку ўзнікнення непаразуменняў паміж сваякамі праз тое, хто мае большае права спачываць у гэтай магіле, ўсе судовыя выдаткі бярэ на сябе сваяк памерлага.

Цяпер у адным з раённых судоў Гомеля разглядаецца грамадзянская справа пазову жыхароў абласнога цэнтра да мужчыны, які без іх дазволу пахаваў сваю маці каля іх сваякоў.

Са слоў заяўнікаў, адказчык не меў такога права, бо не з'яўляецца іх сваяком і не ўзгадняў з імі пытанне пахавання сваёй маці.

Заяўнік сцвярджае, што ён пахаваў маці менавіта ў гэтым месцы, бо выконваў яе апошнюю волю - яна пры жыцці прасіла сына пахаваць менавіта тут, ля сваіх знаёмых, магілы якіх прыбірала пры жыцці.

Мірным шляхам бакі не дамовіліся. Таму цяпер справу разглядае суд. Заяўнік патрабуе эксгумацыі жанчыны, якая памерла больш за год таму. Калі адказчык прайграе суд, ён будзе вымушаны правесці эксгумацыю за свой рахунак і выплаціць судовыя выдаткі.

Часам здараецца і такое, што блізкія людзі праз суд аспрэчваюць права адзін аднаго быць пахаваным каля, напрыклад, бацькоў. Прычым у судзе людзі часам апелююць такімі аргументамі, як «ён маці не любіў, не клапаціўся пра яе, таму я павінна быць пахаваная там, а не мой брат».

Так, паўтара года судзілася ў розных інстанцыях жыхарка Гомеля са сваякамі яе нябожчыка брата.

Калі памёр брат, яго пахавалі каля нябожчыкаў бацькоў. Сястра была супраць, бо меркавала, што яна і яе муж павінны там быць пахаваныя пасля смерці. Маўляў, пры жыцці бацькоў існавала такая вусная дамоўленасць: у выпадку смерці дачка зможа ляжаць побач з імі, як і яе муж. Тым часам брат памёр першым. Сястра ж пачала дамагацца праз суд яго эксгумацыі і перапахавання ў іншым месцы. Суду, можна сказаць, прапаноўвалася роля «вымяральніка» ступені маральнасці і любові да бацькоў бакоў - вызначыць, хто (брат або сястра) больш варты быць пахаваны каля бацькоў.

Суд паставіў кропку ў гэтай доўгай справе такім чынам, што мае права на пахаванне каля бацькоў той з дзяцей, хто першы пакінуў гэты свет. Прасцей кажучы: «Хто першы памёр, той і лёг».

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках