24 красавiка 2024, Серада, 18:40
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Расейскія СМІ: «Бацькава» малако скісне?

11
Расейскія СМІ: «Бацькава» малако скісне?

Беларускія малако і мяса могуць патрапіць пад расейскія «антысанкцыі» за рээкспарт з Прыбалтыкі.

Рассельгаснагляд РФ пагражае ўвядзеннем забароны на пастаўкі мяса-малочнай прадукцыі з Беларусі, якая з'яўляецца сябрам Мытнага саюза. Расейскае нагляднае ведамства заявіла аб тым, што беларускія прадукты не адпавядаюць патрабаванням якасці, што прад'яўляюцца да прадуктаў харчавання, піша расейскае выданне polytika.ru.

Так, прэтэнзіі прад'яўленыя беларускім вытворцам «Бабуліна крынка», «Савушкін прадукт», «Біякам», а таксама мясакамбінатам «Бабруйскі», «Бярозаўскі», «Берасцейскі», «Магілёўскі», Віцебскай бройлернай фабрыцы, кампаніі «Магілёўскія далікатэсы», агракамбінату «Дзяржынскі» і шэрагу іншых прадпрыемстваў. Пры гэтым высветлілася, што Рассельгаснагляд занепакоены ростам незаконнага рээкспарту малака і мяса з прыбалтыйскіх рэспублік.

«Ледзь не кожны дзень мы фіксуем выпадкі паставак забароненай прадукцыі з Еўразвяза праз Беларусь. Яны ўжо вымяраюцца тонамі, прычым кожны дзень. Гэта нас турбуе. Да таго ж парушаецца закон. Таму мы прапанавалі беларускім калегам абмеркаваць магчымасць працы расейскіх спецыялістаў разам з беларускімі на замежнай мяжы Мытнага саюза, гэта значыць на мяжы Беларусі з Літвой і Польшчай. Пакуль мы не атрымалі згоды», - гаворыцца ў лісце Рассельгаснагляду, які апынуўся ў распараджэнні беларускіх журналістаў.

Беларускія ўлады парушэнні адмаўляюць, заяўляючы, што мясцовыя перапрацоўшчыкі здзяйсняюць рээкспарт еўрапейскіх прадуктаў харчавання ў Расею на законных падставах. У прыватнасці, сцвярджаецца, што мяса-малочная прадукцыя з Еўропы можа быць пастаўлена ў Беларусь, перапрацаваная і далей адпраўлена на рынак Расеі. «Гэта законныя мерапрыемствы. Выкарыстоўваюцца дадатковыя магутнасці, вядзецца перапрацоўка прадукцыі, пасля чаго тавар набывае беларускае паходжанне і пастаўляецца далей у Расейскую Федэрацыю. Тут пытанні кантралююць, у тым ліку нашы ветэрынарныя, фітасанітарныя службы», - падкрэслівае намеснік кіраўніка беларускага Дзяржаўнага мытнага камітэта Сяргей Полудзень.

Між тым, ужо не сакрэт, што пасля ўвядзення рэжыму забароны на імпарт прадуктаў харчавання з ЕЗ у Расею Беларусь стала найбуйнейшым транзіцёрам незапатрабаванай сельгаспрадукцыі з шэрагу краін, у тым ліку Польшчы, Літвы, Латвіі і Эстоніі. Асабліва цяжкая сітуацыя склалася на прыбалтыйскім рынку, які быў арыентаваны на пастаўкі малочных прадуктаў харчавання ў Расею. Цяпер жа ўнутраны рынак затавараны, а адзіным выхадам застаецца везці малако, тварог і смятану ў Беларусь. Якая на самой справе глыбіня перапрацоўкі прадукцыі з ЕЗ на беларускіх прадпрыемствах, застаецца толькі здагадвацца. Аднак, калі прытрымлівацца логіцы, то беларусы наўрад ці наогул займаюцца такой перапрацоўкай: які сэнс, напрыклад, перапрацоўваць ужо гатовыя сыры, тварог ці смятану?

Ды і перапрацоўка прыбалтыйскага малака патрабуе выдаткаў, без якіх можна лёгка пазбегнуць, проста расфасаваць малако з літоўскіх і латвійскіх цыстэрнаў у беларускія пластыкавыя бутэлькі. Далей - справа тэхнікі: малочная прадукцыя з ЕЗ як цякла ракой, так і працягвае цячы на прылаўкі расійскіх гандлёвых сетак. Праўда, ужо пад беларускімі брэндамі. Але гэта ўжо дэталі, якія не цікавяць спажыўца. Затое прыбалтыйскім вытворцам такі беларускі рээкспарт вельмі нават выгадны, нягледзячы на тое, што цяпер паміж імі і Расеяй узнікае пасярэднік. Выгадна і беларусам, якія дзякуючы рэжыму антысанкцый маюць дадатковы заробак з транзіту прыбалтыйскай прадукцыі.

Такія ж няхітрыя схемы дзейнічаюць і на рынку мяснога рээкспарту. Над умовай «глыбокай перапрацоўкі» мяса з ЕЗ на беларускіх мясакамбінатах адкрыта смяюцца. Навошта ж псаваць дабро, якое прайшло строгі еўрапейскі кантроль? Таму пасля простай пераклейкі этыкетак і пераафармлення мытных дакументаў мяса з Еўразвязу спакойна перагружаецца ў беларускія фуры, каб адправіцца звыклым маршрутам у РФ.

Дарэчы, наладжаны збыт нават польскіх яблыкаў, якія да нядаўніх часоў фігуравалі ў рэпартажах расейскіх тэлеканалаў пра «яблычны крызіс» у гэтай краіне. На прызнанне намесніка кіраўніка беларускага ДМК Сяргея Полудня, з увезенымі ў Беларусь яблыкамі падначаленыя Лукашэнкі разабраліся гэтак жа паспяхова, як з малаком і мясам. «Мы іх можам закупляць, адпраўляць на перапрацоўку, а свае яблыкі пастаўляць у Расею», - распавядае пра хітрую схему беларускі чыноўнік. Пры гэтым відавочна, што прымаючы бок не мае фармальных падстаў прычапіцца да яблыкаў, што ўвозяцца ў РФ. Гэтая садавіна аднолькавая як у Польшчы, так і ў Беларусі. На іх не напісана, дзе менавіта яны вырашчаныя. А вось польскія суправаджальныя паперкі перад рээкспартам грузу ў Расею старанна замяняюцца на беларускія.

Зразумела, што прадпрымальніцкія хітрасці беларусаў на самай справе выгадныя і расейцам, паколькі пасля ўвядзення эмбарга на ўвоз прадуктаў харчавання і асабліва сыравіны з ЕЗ на рынку назіраецца дэфіцыт сырога малака, што прыводзіць да росту спажывецкіх коштаў. Але вось з палітычнага пункту гледжання мірыцца з беларускім харчовым рээкспартам ніяк нельга. Гэта што ж атрымліваецца: усе спробы Расеі пакараць еўрапейцаў ні да чаго не прывялі? З іншага боку, прычасаць пад адзін санкцыйны грабянец з ЕЗ хітрую, але ўсё ж «брацкую» Беларусь таксама было б няправільна, піша выданне.

Бо забарона на ўвоз мяса-малочных прадуктаў цэлага шэрагу перадавых беларускіх прадпрыемстваў, якім пагражае Рассельгаснагляд, можа абярнуцца скандалам і разладам двухбаковых стасункаў. Як на гэта паглядзіць «Бацька» Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка, які трапятліва ставіцца да свайго аграпрамысловага сектару? Ці не распачне сустрэчныя санкцыяў у дачыненні да расейскай эканомікі? Давядзі справу да такога фіналу - і ў Расеі наогул амаль не застанецца саюзнікаў у еўрапейскай частцы свету.

Таму Рассельгаснагляду наўрад ці дазволяць секчы з пляча беларускі рээкспарт еўрапейскага харчавання. А вось, напрыклад, кіраўнік нацыянальнага саюза вытворцаў малака «Саюзмалако» Андрэй Даніленка прагназуе, што беларускі малочны рээкспарт хутка і сам адамрэ праз павышэнне коштаў у расейскіх крамах. Паводле ягоных разліках, чым вышэй падымаюцца ў гандлёвых сетках кошты на малочныя прадукты, тым менш грамадзяне іх купляюць. Значыць, попыт рытэйлераў на замежныя пастаўкі, уключаючы беларускія, пойдзе на змяншэнне. У выніку, калі расейцы канчаткова збяднеюць, расейскія вытворцы нарэшце і самі змогуць цалкам задавальняць моцна паніжаны спажывецкі попыт. І сапраўды: пры такім раскладзе ўвесь сталічны рэгіён можна будзе напаіць малаком адных толькі замарнаваных даліненкаўскіх «Рускіх ферм». Калі, вядома, сам грамадзянін ЗША Андрэй Даніленка да таго часу не перабярэцца куды-небудзь у Каліфорнію.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках