20 красавiка 2024, Субота, 16:20
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Старшыня прафсаюза ЕГУ: Чым далей, тым больш праблем з іміджам універсітэта

5
Старшыня прафсаюза ЕГУ: Чым далей, тым больш праблем з іміджам універсітэта

Выкладчык Аляксей Крывалап сцвярджае, што ў Статуце ВНУ нават не існуе пасады «прэзідэнт ЕГУ», якую атрымаў Анатоль Міхайлаў.

Сёння стала вядома пра змены ў кіраўніцтве Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта: нязменны рэктар Анатоль Міхайлаў сыходзіць са сваёй пасады і атрымлівае новую пасаду - прэзідэнт ЕГУ. Што гэта азначае і як зменіцца сітуацыя для выкладчыкаў, распавёў сайту charter97.org старшыня прафсаюза ЕГУ Аляксей Крывалап.

- У мяне з гэтага года, напрыклад, кантракту з ЕГУ няма. Усім тым, хто ствараў прафсаюз, сказалі «дзякуй, да пабачэння». Што тычыцца пасады прэзідэнта ЕГУ, то ў нас ёсць Статут, паводле якога функцыянуе ВНУ. Ён зацверджаны, афіцыйна зарэгістраваны ў Літве. Аднак у гэтым годзе ва універсітэце было ўжо шмат такіх незразумелых прэцэдэнтаў, калі ўзнікалі структуры, не прапісаныя ў Статуце, якія прымалі пастановы, на падставе якіх нешта адбывалася, а потым высвятлялася, што гэта супярэчыць Статуту, і, адпаведна, закону.

- Ці законнае прызначэнне былога рэктара прэзідэнтам ВНУ і што зменіцца на практыцы?

- Пасады прэзідэнта ЕГУ ў тым Статуце, які дзейнічае на сённяшні момант, няма. Незразумела, калі Статут ужо змянілі, тады ўзнікае пытанне, якім чынам гэта было зроблена, ці выкананая тая працэдура, якая павінна для гэтага быць выкананая.

Асобна здзіўляе, калі цяпер, у апошнія два тыдні, з'яўляецца вельмі шмат згадак прозвішча Міхайлава ў кантэксце «рэктар-заснавальнік». А пасада «рэктар-заснавальнік» на працягу 20 гадоў - гэта вельмі дзіўная фармулёўка. Бо былі яшчэ людзі, якія мелі самае непасрэднае дачыненне да стварэння ЕГУ ў Беларусі, у Менску, і якія з'яўляюцца сузаснавальнікамі. Але тут з'яўляецца чалавек, які кажа, што ён адзін гэта зрабіў. Як гэта можна каментаваць?

- Ва ўніверсітэце паведамляюць, што на пасаду рэктара будзе абвешчаны «адкрыты міжнародны конкурс». Вы верыце ў непрадузятасць такога адбору?

- Пакуль незразумела, хто наогул будзе выбіраць новага рэктара. Па вялікім рахунку, існуе кіраўнік савету і відавочна, што гэта яго прэрагатыва. Прынамсі, так прапісана ў цяперашнім Статуце, але якім дакументам кіруюцца яны - я без паняцця. З нагоды міжнароднага конкурсу, я магу прывесці прыклад, як гэта было: той конкурс, які праходзіў раней і называўся міжнародным, да яго засталася маса пытанняў з нагоды таго, як была сфарміраваная камісія, колькі было парушэнняў уласнага становішча і Статута аб тым, як гэта павінна было быць зроблена ў дачыненні да адміністрацыі, Сената і гэтак далей.

Досвед правядзення міжнародных конкурсаў, вынікі якіх не выклікаюць сумнення, на сённяшні дзень у ЕГУ вельмі сумнеўны. Я, напрыклад, не прайшоў у конкурсе, у якім не ўдзельнічаў. Гэта значыць, з такім поспехам можна сказаць, што я не перамог у Алімпійскіх гульнях у Сочы. Сапраўды гэтак жа яшчэ некалькі чалавек так жа «не прайшлі ў конкурсе», не беручы ў ім удзелу. Відавочна, што чым далей, тым больш узнікае праблем з іміджам універсітэта. Часам яны спрабуюць гэтыя праблемы развязаць, але часам гэта праблемы больш глыбіннага характару, звязаныя з досведам, узростам, з чалавечым фактарам агулам.

- Пасада «прэзідэнт універсітэта» відавочна мае на ўвазе больш улады...

- Так, можна павіншаваць Анатоля Міхайлава з новай пасадай прэзідэнта ЕГУ пасля 20 гадоў кіраўніцтва. Яшчэ можна нагадаць яму пра іншага «прэзідэнта», якога ўсе мы выдатна ведаем, які таксама кіруе ўжо 20 гадоў. Цяпер у іх яшчэ больш агульнага. Ай, сумна ўсё гэта...

Фота: n-europe.eu

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках