20 красавiка 2024, Субота, 9:09
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Магілёўскага журналіста будуць судзіць за працу на «Нямецкай хвалі»

Магілёўскага журналіста будуць судзіць за працу на «Нямецкай хвалі»

Уладам не спадабаўся артыкул «Сцежка кантрабандыста: ці працуюць расейскія санкцыі ў памежжы?».

Супрацоўнікі міліцыі Ленінскага РАУС Магілёва 30 верасня вярнулі незалежнаму журналісту Аляксандру Буракову два ноўтбукі, якія належаць яго жонцы і былі канфіскаваныя падчас «агляду» кватэры журналіста, а таксама адзін з сістэмных блокаў з кватэры яго бацькоў. Другі сістэмны блок па-ранейшаму застаецца ў супрацоўнікаў Ленінскага РАУС, як рэчавы доказ, паведамілі сайту charter97.org у Беларускай асацыяцыі журналістаў.

Намеснік начальніка Ленінскага РАУС маёр Уладзімір Пугачоў азнаёміў Аляксандра Буракова з падрыхтаваным загадзя пратаколам аб адміністрацыйным правапарушэнні. Журналісту інкрымінуецца парушэнне часткі 2 арт. 22.9 КаАП - незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ. У пратаколе названы канкрэтны прыклад такой «незаконнай прадукцыі» - размешчаны на сайце DW.de 25 жніўня 2014 г. артыкул «Сцежка кантрабандыста: ці працуюць расейскія санкцыі ў памежжы?» за подпісам Аляксандра Буракова.

У якасці сведак у пратаколе пазначаны прозвішчы супрацоўнікаў з таго ж Ленінскага РАУС горада Магілёва.

Маёр Пугачоў паведаміў журналісту, што пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні будзе перададзены ў суд, куды Аляксандра Буракова павінны выклікаць на разгляд да 10 кастрычніка.

Раніцай 16 верасня ў прыватнай кватэры Аляксандра Буракова з санкцыі пракурора г. Магілёва супрацоўнікі Ленінскага РАУС правялі «агляд месца адміністрацыйнага правапарушэння». Пазней у той жа дзень на той жа падставе правялі ператрус у кватэры бацькоў журналіста, падчас якога канфіскавалі сістэмныя блокі ад двух кампутараў.

Аляксандр Буракоў 18 верасня накіраваў скаргі на дзеянні супрацоўнікаў Ленінскага РАУС горада Магілёва міністру ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь Ігару Шуневічу і начальніку УУС Магілёўскага аблвыканкама Аляксандру Кавальчуку. Таксама ён накіраваў скаргу на дзеянні службовых асоб Ленінскага РАУС горада Магілёва і намеснікаў пракурора горада Магілёва на імя пракурора Магілёўскай вобласці.

Журналіст мяркуе, што агляды і канфіскацыі кампутарнай тэхнікі ў кватэрах яго і яго бацькоў былі ўчыненыя незаконна, і ўсе доказы, атрыманыя пры правядзенні гэтых працэсуальных дзеянняў, не маюць юрыдычнай сілы.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках