25 красавiка 2024, Чацвер, 8:26
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Вінаваты ў аварыі ў Гародні не зразумеў, што збіў людзей на прыпынку

21

Кіроўца быў пад уздзеяннем спайсу.

Аб страшэннай аварыі, якая адбылася ўчора раным-рана ў Гародні на вуліцы Белуша, гамоніць увесь горад. 19-гадовы шофер, які не ўкіраваў, вылецеў на ходнік. Перад гэтым ён пераехаў усю праезную частку вуліцы, збіў два асвятляльныя слупы, а затым збіў двух пешаходаў на прыпынку. На гэтым хаатычны рух «Сэата» не спыніўся. Ён пратараніў металічны паркан, скамячыў дзве яго сэкцыі і даслоўна вылецеў на падахоўную стаянку. І ўжо там рэзнуўся ў стаялы «Пэжо». Да таго часу абодва пярэднія колы ў самахода ўжо адарвала, а заднія сталіся спушчаныя, піша «Комсомольская правда в Беларуси».

Як распавядаюць відавочцы, аўто неслася на велізарнай хуткасці, і ўсё адбылося ў лічаныя сэкунды. Людзі, якія стаялі на прыпынку, паспрабавалі ўхіліцца ад самахода, аднак дзве жанчыны не паспелі. 48-гадовая гарадзенка памерла на месцы. Другая пацярпелая была дастаўлена ў лякарню - цяпер жыццё 30-гадовай кабеты па-за небяспекай. Былі на прыпынку і маленькія дзеці, якіх бацькі везлі ў дзіцячы садок. На шчасце, ніхто з іх не пацярпеў.

Сам жа вінаваты ў аварыі адплаціўся толькі ўдарамі. Мала таго, ён паспрабаваў уцячы з месца здарэння. Аднак мужчыны на прыпынку праз дарогу на часе зарыентаваліся і не дазволілі яму гэта зрабіць. Яны і скруцілі яго да прыезду ДАІ. Пры затрыманні маладзён паводзіўся неадэкватна, нешта крычаў, брыкаўся, спрабаваў вырвацца. Супрацоўнікі гарадзенскай аўтаінспекцыі адразу выказалі здагадку, што дзяцюк знаходзіцца пад уздзеяннем наркотыкаў - мабыць, спайсу.

- Стан кіроўцы не дазваляў яму адказаць нават на элемэнтарныя пытанні: як завуць, колькі гадоў і дзе ён жыве. У будынку ДАІ ён сеў на падлогу, пасміхаўся, пляваўся, выдаваў незразумелыя гукі і не мог нічога прамовіць выяўна. Ён не разумеў, што ўчыніў непапраўнае, - распавёў старшы інспэктар ДАІ УУС Гарадзенскага аблвыканкама Алег Дук.

Цяпер затрыманы знаходзіцца пад канвоем ва ўстанове аховы здароўя. Там правядуць патрэбныя біялагічныя даследаванні, якія дазволяць даведацца, што менавіта стала прычынай неадэкватных паводзін маладога кіроўцы. Вядома, што пасведчанне ён атрымаў толькі два месяцы таму. Калі хлопец ачомаецца, з ім зноў пачнуць працаваць інспэктары і следчыя.

Управай Следчага камітэта Гарадзенскай вобласці распачатая крымінальная справа паводле ч.4 арт.317 КК РБ. Хлопцу пагражае да 7 гадоў пазбаўлення волі.

Фота: ДАІ

Напісаць каментар 21

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках