29 сакавiка 2024, Пятніца, 8:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Танкавы прарыў у мінулае стагоддзе

5
Танкавы прарыў у мінулае стагоддзе

Жыць без вайны гэтыя людзі не могуць. Не разумеюць, як іншым чынам нагадаць усяму свету, што імперыя з распадам Саюза не знікла.

Яна толькі крыху змяніла абрысы. Цяпер набірае сілы. І хутка пакажа сябе ў новым абліччы.

Расійскія ідэолагі старанна пераглядаюць гісторыю  сваёй краіны. Там павінны быць найпеш вялікія здяйсненні і бясспрэчныя перамогі. На вялікі жаль, не усе войны бездакорна адпавядаюць гэтай новай канцэпцыі. А вось Вялікая Айчынная ў свядомасці незлічоных палітыкаў і вайскаводаў новай генерацыі амаль што бездакорная. Для сённяшняй расійскай дзяржавы гэта самы надзейны фундамент. Што заўгодна можна будаваць – стагоддзі прастаіць, не варухнецца.  

І няма чаго здзіўляцца, што не паспеў нават скончыцца студзень, як Масква ўжо вызначыла галоўную падзею бягучага года. Гэта будзе вайсковы парад на Краснай плошчы. І адначасова - яшчэ ў дваццаці шасці гарадах Расіі. З такім размахам адзначыць краіна 70-годдзе вялікай Перамогі.

Той парад пад сценамі Крамля не павінен выглядаць чарговым звыклым мерапрыемствам з нагоды круглай даты. Расійскаму кіраўніцтву патрэбна штосці незвычайнае, нават сакральнае. Каб эмацыйны эфект быў гэткім жа, як ад незабыўнай алімпіяды ў Сочы. Тады агаломшаная публіка, асабліва замежная, безнадзейна закахалася ў Расію і яе шчодрае і такое шчырае кіраўніцтва. Сапраўды, фантастычнае, ні з чым не параўнанае было наладжана відовішча. Спорт без межаў. Слёзы і радасць. І так дарэчы над усім - бетховенскае “Абдыміцеся, мільёны!”

А потым – прыкрае, безнадзейнае расчараванне. Высветлілася раптам, што пад прыкрыццём шыкоўнай той алімпіяды крамлёўскі стратэг фармаваў ударную вайсковую групоўку. І пайшло-паехала. Прымітыўная агрэсія. Аншлюс. Вайна, даўно забытая ў Еўропе. А далей – усё, што павінна быць у такім выпадку. Санкцыі. Крызіс. Глыбокая дэпрэсія. Прадчуванне блізкай і непазбежнай катастрофы.

Як пры гэткіх умовах аднавіць былы аўтарытэт краіны? Ён жа абрынуўся амаль што да нуля. Новай алімпіяды чакаць не выпадае. Чэмпіянат па футболе таксама не панацэя. А таму быў знойзены менавіта гэты варыянт з парадам. Просты і зразумелы. На першы погляд звыклы, але надзвычай крэатыўны.

Сямідзесяцігоддзе Перамогі – гэта зразумела і блізка ўсім. Святая дата. Сабрацца зноў, як ў даўнія часы. Усёй антыгітлераўскай кааліцыяй. На Краснай плошчы. Нібы ў адным акопе. І ўспомніць тое, што ў цяжкія гады саюзнікаў яднала. Няўжо хтосьці з іх адмовіцца?

Аднак заходнія журналісты звярнулі ўвагу на дзіўную недарэчнасць гэтай грандыёзнай задумы. На памятны парад крамлёўскія валадары запрашаюць першых асоб шмат якіх краін. Ад Барака Абамы да сумнавядомага Кім Чэн Ына. Прэзідэнт Злучаных Штатаў Амерыкі наўрад ці ўзрадуецца магчымасці пастаяць на маскоўскай плошчы побач з паўночнакарэйскім дыктатарам. Дык навошта было планаваць загаддзя гэткае несумяшчальнае суседства? Тым болей, што падчас вайны Карэя ўвогуле была пад японскай акупацыяй.

Усё тут вельмі проста. Расійскае чынавенства плануе бязпройгрышны варыянт. Зусім верагодна, што пры сённяшнім раскладзе знойдзецца не зашмат кіраўнікоў заходніх краін, якія пагадзіліся б нават на выпадковыя сустрэчы з такімі адыёзнымі асобамі. Гэта своеасаблівы тэст на перспектыву. Не зладзіцца новы альянс з Еўропай і Амерыкай, у такім выпадку больш выразна і рашуча будзе акрэслены азіяцкі курс Расіі на бліжэйшыя гады. А таму і Кім Чэн Ын за пуцінскім сталом зусім не лішні. Масква прасоўвае надзвычай прыбытковы кантракт на газапровад у Паўднёвую Карэю. Без дарагога Кіма не абысціся.

Ніякага цынізму тут няма. Звычайны менэджмент, разлік, не болей. Пасля распаду ад Савецкага Саюза новыя правіцелі атрымалі ў спадчыну сапраўдны капітал. Апошняя бясспрэчная каштоўнасць – перамога ў той вайне. Больш за душой у сённяшніх правіцеляў няма нічога. Дык чаму ж не скарыстацца даўнім запасам, такім бязмежным і надзейным? Тым болей, што круглая дата не прымусіла сябе чакаць. Можна зноў напампаваць краіну патрыятызмам пад завязку. Узняць свой рэнтынг. Усе бяздарныя правалы ў эканоміцы спісаць на каварства незлічоных ворагаў. І ганяць па плошчы танкі ды ракеты, палохаючы свет.

Чым пачварнейшы рэжым, тым больш выразнае імкненне далучыцца да славы пераможцаў той вайны. А то як жа – нашчадкі! Таму так любяць вялікія і дробныя правіцелі постсавецкай прасторы наладжваць вайсковыя парады з ветэранамы, чапляць сабе неадпаведныя пагоны ды выстаўляць у музеях вайны свае уласныя партрэты. А яшчэ – круціць старую хроніку, каб у свядомасці электарата узнікалі неабходныя для ўлады паралелі. Сапраўды, якія кадры!

Масква, Красная плошча, халодная восень сорак першага. Замеценая снегам браня танкавых калон. Зацярушаныя той жа завірухай шэрыя шынялі вайскоўцаў. Проста з плошчы, з гэтага параду яны пойдуць у бой.

А потым – з хронікай у стык – пакажа тэлебачанне тую ж плошчу нашых дзён. Амаль гэткія ж парадныя калоны. Танкі і ракеты. Магутны рух вайсковай сілы. Але не ўзнікае чамусьці чаканая паралель. Штосьці зусім нядаўняе, не забытае ёй замінае.

Здаецца, у імперыі магчыма ўсё. І калі захоча маленькі чалавечак на трыбуне, усе гэтыя танкі, як і калісьці, пойдуць на прарыў. Куды заўгодна. Толькі той даўняй славы ім не здабыць. Іншы час, гісторыя не тая.

Прарыў магчымы толькі ў бездань.

Уладзімір Халіп, спецыяльна для charter97.org

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках