18 красавiка 2024, Чацвер, 20:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Rzeczpospolita: ЕЗ занадта хоча верыць у добрыя намеры Расеі

4
Rzeczpospolita: ЕЗ занадта хоча верыць у добрыя намеры Расеі

Напад сепаратыстаў на Марыупаль сігналізуе пра гатоўнасць Расеі, якая падтрымлівае іх, да яшчэ больш маштабнай агрэсіі.

Рэч не ў тым, што загінулыя мірныя грамадзяне – больш важныя за ахвяр канфлікту ў іншых месцах на ўсходзе Украіны. Хоць суботняя атака выклікае асаблівае абурэнне і жах, бо загінула надзвычай шмат людзей, а метад, якім яна была праведзеная (наўмысны абстрэл жылых дамоў), быў выключна злачынным, піша Rzeczpospolita (пераклад — Иносми.ру).

Напад сепаратыстаў на Марыупаль, аднак, адрозніваецца ад іншых нападаў тым, што ён сігналізуе пра гатоўнасць Расеі, якая падтрымлівае іх, да яшчэ больш маштабнай агрэсіі і да распальвання вайны на новых украінскіх тэрыторыях. Ён паказвае, што Крэмль незадаволены ранейшымі пастановамі, яму мала ўплыву на лёс часткі Данбаса, і ён ужо цалкам адкрыта вяртаецца да плана падпарадкавання сабе ўсёй Украіны ўсялякімі сродкамі.

Ніякія дыпламатычныя намаганні Захаду не схілілі Уладзіміра Пуціна скончыць з агрэсіўнай палітыкай. Падарункі, якія рыхтаваліся для яго ў выглядзе гандлёвай дамовы паміж ЕЗ і створаным Крамлём Еўразійскім саюзам або паступовым змякчэнні санкцый, былі адрынутыя.

Якімі наіўнымі здаюцца нядаўнія планы кіраўніцы еўрапейскай дыпламатыі Федэрыкі Магерыні (Federica Mogherini), якая прамаўляла, што да Расеі варта ўжываць адмысловы падыход, гэта значыць, заплюшчваць вочы на яе дзеянні ва Украіне, паколькі ён патрэбны для развязання іншых праблем ЕЗ, прынамсі, на Блізкім Усходзе. Зрэшты, Масква дагэтуль нічога там у адпаведнасці з пажаданнямі Захаду не наладзіла, з чаго б яна пачала рабіць гэта цяпер?

Еўразвяз зноў паказаў, што занадта хутка захацеў паверыць у добрыя намеры Расеі. Пагроза захопу Марыупаля і перамяшчэння фронту далёка за дэмаркацыйную лінію, пазначаную чатыры месяцы таму, павінна падзейнічаць эфектыўна. Расея застаецца сапраўды такой жа, якой яна была падчас анэксіі Крыма і развязвання вайны ў Данбасе.

Нарэшце на гэтую тэму выказаўся кіраўнік Еўрапейскай рады Дональд Туск (Donald Tusk) і абсалютна справядліва рэзюмаваў, што «палітыка саступак чарговым разам схіляе агрэсара да эскалацыі гвалту».

У ЕЗ з'явілася магчымасць быць мудрым наперад, не дапусціўшы захопу Марыупаля сепаратыстамі пры падтрымцы Расеі. Мудрасць палягае не ў сігналах, што санкцыі будуць скасаваныя незалежна ад таго, што ўчыняе Масква на ўжо заваяваных тэрыторыях. Наадварот: яна палягае ў дэманстрацыі таго, што Захад гатовы салідарна і яшчэ больш жорстка караць і ізаляваць Расею. Не толькі праз Украіну, але таксама праз асцярогу перад будучай агрэсіяй - гэтым разам якая ўжо закране краіны, якія ўваходзяць у ЕЗ і NАТА.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках