Расея сцягвае ў акупаваны Крым ударную авіяцыю
8- 27.01.2015, 11:17
- 19,390
Расея нарошчвае баявую моц сваіх вайскова-паветраных сіл на тэрыторыі акупіраванага Крыма, незаконна выкарыстоўваючы аэрадромную сетку вс Украіны.
Пра гэта заявіў на брыфінгу намеснік кіраўніка інфармацыйна-аналітычнага цэнтра РНБА Уладзімір Палявы, піша «Крым.Реалии».
«Рэалізуюцца меры ў пашырэнні сістэмы базавання ўдарна штурмавой авіяцыі. Сведчаннем гэтага з'яўляецца ўзмацненне расейскіх дэсантна-штурмавых частак гелікоптэрамі Мі-24 і вайскова-транспартнымі самалётамі Іл-76», - сказаў ён.
Паводле інфармацыі прадстаўніка РНБА, у пачатку студзеня, на вайсковым аэрадроме непадалёк ад Джанкоя было размешчана да 50 адзінак расейскіх ударных гелікоптэраў.
Акрамя гэтага, з яго інфармацыі, у складзе марской авіяцыі Чарнаморскага флоту Расеі фармуецца асобны полк беспілотных лятальных апаратаў.
«У гэтыя дні марская авіяцыя Чарнаморскага флоту Расеі праводзіць вучэбна-баявыя палёты з пускам рэактыўных снарадаў на палігоне «Опук». Для забеспячэння палётаў задзейнічаныя ўсе аэрадромы марской авіяцыі, якія цяпер эксплуатуюцца Чарнаморскім флотам Расеі», - адзначыў Палявы.
У канцы лютага, пачатку сакавіка 2014 перакінутыя з Расеі і крымскіх баз Чарнаморскага флоту Расеі войскі без апазнавальных знакаў акупавалі Крымскую паўвыспу.
16 сакавіка 2014 года на тэрыторыі Крыма і горада Севастопаля прайшоў так званы рэферэндум аб статусе паўвыспы, паводле вынікаў якога Расея ўключыла Крым у свой склад. Ні Украіна, ні Еўрапейскі звяз, ні ЗША не прызналі гэтае галасаванне і ўважаюць, што Крым Расея анэксавала.
Пасля гэтага ЗША і Еўрапейскі звяз увёў шэраг эканамічных санкцый у дачыненні да Расеі. Захад надалей настойвае на тым, што Крым з'яўляецца часткай Украіны.