19 красавiка 2024, Пятніца, 9:24
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сяргей Міхалок: Мы - вольная незалежная Беларусь

11
Сяргей Міхалок: Мы - вольная незалежная Беларусь

Лідар гурта BRUTTO распавёў пра крымінальны пераслед у Беларусі.

Сяргей Міхалок даў інтэрв'ю радыё BBC у аўтарскай праграме Севы Наўгародцава «БибиСева».

«Я ўжо больш за пяць гадоў знаходжуся ў руху, - сказаў ён. - З таго часу, як гурт «Ляпис Трубецкой» пачаў негалосна пераследвацца ў Беларусі, я ўвесь час змяняю геалакацыю. Не сакрэт, што беларускімі ўладамі былі ініцыяваныя некалькі крымінальных спраў - спачатку пракуратурай, потым Следчым камітэтам. Была сфабрыкаваная справа аб абразе прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Мне прыйшлося хавацца ў сяброўскім Еўразвязе, у Маскве, Кіеве, Кішынёве, Тбілісі. Я вандраваў усюды, нідзе доўга не затрымліваўся, бо гурт «Ляпис Трубецкой» з'яўляецца анарха-сіндыкатам, то хлопцы прыязджалі, то хлопцы прыязджалі на канцэрты туды, куды я пераязджаў, рэпеціравалі ў дарозе. Таму тое, што я з'явіўся ў Кіеве - не стане нечаканасцю. Тут мы з «Ляпісамі» запісвалі тры самыя апошнія баявыя альбомы - «Рабкор», «Матрёшка», «Веселые картинки». Тут жа мы здымалі самыя баявыя кліпы з Аляксандрам Стэкаленкам. Тут жывуць нашыя сябры.

Пасля таго, як мы падтрымалі Майдан і выступілі на ім, нашая песня «Воины света» стала ягоным негалосным гімнам, «Рабкор», «Матрёшка», «Броненосец» сталі гучаць на барыкадах і на вуліцах Кіева, на канцэртах, куды прыязджалі нашыя беларусы з бел-чырвона-белымі сцягамі і крычалі разам з украінцамі антыімперыялістычныя крычалкі, гурт «Ляпис Трубецкой» цягам года цярпеў жорсткі прэсінг. У мяне былі допыты з афіцэрамі ФСБ Расеі, стала на канцэртах прысутнічалі аператыўнікі з падраздзялення «Э» - гэта падраздзяленне ў барацьбе з моладзевым экстрэмізмам, проста міліцыянты. Я так звыкся з іх прысутнасцю, што мы для іх нават асобны столік рыхтавалі ў грымёрках».

Паводле слоў Сяргея Міхалка, ягоны новы праект - BRUTTO - сутыкнуўся з тымі ж праблемамі, што і ранейшы гурт.

«Ляпис Трубецкой» завяршыў сваё існаванне ў жніўні мінулага года, - сказаў ён. - Я стварыў гурт, над ідэяй якога працаваў апошнія пяць гадоў. Гэты гурт BRUTTO - новы калектыў, які складаецца з маладых андэграўндных персанажаў, футбольных хуліганаў, знакамітых спартсмэнаў. Мы паспрабавалі разам з імі ездзіць, даваць канцэрты, але былі асобамі нон-грата. Нашыя выступы забаранілі і ў Расеі, і ў роднай Беларусі. Пасля таго, як сталі паступаць пагрозы непасрэдна ўдзельнікам калектыву і арганізатарам канцэртаў, мы вырашылі перанесці штаб-кватэру BRUTTO ў Кіеў.

Мы не адмаўляемся ад свайго грамадзянства, мы па-ранейшаму грамадзяне Беларусі. Мы не лічым сябе дысідэнтамі або маргіналамі. Тыя рэчы, якія мы ўслаўляем, падзяляе велізарная колькасць беларусаў. Мы таксама лічым сябе часткай Еўропы, і нам няма справы да досыць слізкай палітыкі ўлады Беларусі. Гэта значыць, калі і вашым, і нашым: і перамовы з Крамлём, і падтрымка сепаратыстаў ДНР і ЛНР, і руканне з законнай уладай Украіны. Нам гэта не вельмі падабаецца. Мы лічым сябе вольнай незалежнай Беларуссю. Мая пазіцыя - гэта не пазіцыя маргінала. Таму адмаўляцца ад грамадзянства Беларусі я не хачу. Але для таго, каб легальна жыць у Кіеве, мы атрымаем тут від на жыхарства. Мы сустрэліся з міністрам культуры Украіны. Для мяне было нечакана ўбачыць не старога чынушу, які гаворыць штампамі. Малады класны хлопец. Свабодная і, як мне здаецца, рэвалюцыйная Украіна нас прыняла добра».

Нагадаем, лідар гурта BRUTTO Сяргей Міхалок пакінуў Беларусь яшчэ ў снежні, прадзюсер калектыву Антон Азізбякян далучыўся да яго ва Украіне ў студзені.

24 студзеня яны сустрэліся з міністрам культуры Украіны. Музыкі папрасілі яго аб накіраванні запыту на падачу віду на жыхарства ў гэтай краіне.

У аўторак таксама стала вядома, што Мінкульт Украіны гарантуе Міхалку «лепшыя ўмовы для творчасці».

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках