28 сакавiка 2024, Чацвер, 23:02
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Магілёўцы просяць спыніць вандалаў з БРСМ

25

Магілёўцы звярнуліся ў Магілёўскі гарвыканкам з просьбай прадухіліць сталае апаганьванне гістарычных будынкаў.

"У кастрычніку мы зрабілі рамонт будынка і ягоную афарбоўку, як нам прадпісала пракуратура, але ў лістападзе яго зноў абмалявалі", - распавёў БелаПАН пастар пратэстанцкай царквы "Віфанія" Павел Бродаў, якая размешчаная ў гістарычнай частцы горада на вуліцы Лазарэнкі, 5. З ягоных слоў, ён звяртаўся ў міліцыю праз новы факт апаганьвання.

"Я пісаў начальніку Ленінскага РАУС, падаваў каштарыс усёй гэтай шкоды, але ніякіх адказаў і прывітанняў. Толькі прыходзіў следчы, напісаў пратакол, і больш нічога", - распавёў пастар.

Грамадзяне, якія звярнуліся да ўладаў, вінавацяць у апаганенні будынка БРСМ, актывісты якога яшчэ ў 2008 годзе праводзілі акцыю размалёўвання сцяны пуцеправода, які праходзіць на вуліцы Лазарэнка праз раку Дубровенку. Пасля гэтага, адзначаюць яны, і пачалося несанкцыянаванае нанясенне абразлівых надпісаў як на сцяне пуцеправода, так і на іншых будынках.

"Функцыянеры ГА "БРСМ" арганізавалі нанясенне на падпорнай сцяне пуцеправода насупраць царквы графіці, пасля чаго быў спаскуджаны будынак і самой царквы евангельскіх хрысціян", - гаворыцца ў звароце.

Падпісанты патрабуюць ад гарадскіх уладаў, у прыватнасці, зафарбаваць несанкцыянаваныя абразлівыя надпісы, абавязаць сяброў БРСМ ачысціць ад графіці сцяну пуцеправода, "даручыць аддзелу адукацыі і ГА "БРСМ" правесці прафілактычныя мерапрыемствы супраць учынення гэтых правапарушэнняў бээрэсэмаўцамі".

"Мы разглядаем гэты зварот з выхадам на месца, з усімі зацікаўленымі", - заявіла начальніца кіравання ідэалагічнай працы, культуры і спраў моладзі Магілёўскага гарвыканкама Іна Караткевіч.

"Вінаваціць можна каго заўгодна, але хто злавіў таго ж бээрэсэмаўца за руку, калі той нешта абмалёўваў? Я не магу сказаць, грунтоўныя тыя абвінавачванні ці не, але ні ў адных зводках не праходзіць, што кагосьці затрымалі, і ён - бээрэсэмавец", - адзначыла ідэёлагка.

Са слоў Караткевіч, у гарвыканкаме створаная камісія, якая стала дзейнічае, што праводзіць абследаванне культурна-гістарычных каштоўнасцей. "І калі ёсць нейкія "замалёўкі", мы тут жа робім прадпісанні ў органы ўнутраных спраў, каб яны ўзмацнілі работу, актывізавалі, можа быць, патрульныя пасты", - сцвярджае чыноўніца.

Нагадаем, пасля першага звароту грамадзян аб апаганенні будынкаў на Лазарэнка вясной 2013 года намеснік начальніка кіравання аховы правапарадку і прафілактыкі міліцыі грамадскай бяспекі УУС Магілёўскага аблвыканкама Дзмітрый Паркаў абяцаў зрабіць "магчымыя адэкватныя захады, каб больш такога не паўтаралася".

Напісаць каментар 25

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках