28 сакавiка 2024, Чацвер, 18:43
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Вінцук Вячорка: Лукашэнка з трыбуны распальвае міжнацыянальную варожасць

19
Вінцук Вячорка: Лукашэнка з трыбуны распальвае міжнацыянальную варожасць

Дыктатар чарговым разам публічна прынізіў беларускую мову.

Пра гэта заявіў палітык, мовазнаўца і грамадскі дзеяч Вінцук Вячорка ў каментаванні заявы Аляксандра Лукашэнкі падчас сённяшняй прэс-канферэнцыі ў Менску, паведамляе «Радыё Свабода».

«Кіраўнік дзяржавы фактычна зноў выкарыстаў трыбуну для таго, каб прынізіць беларускую мову, - сказаў ён. - Ён зноў паўтарыў тэзіс аб тым, што мова няздольная абслугоўваць цэлыя галіны ведаў - такія, як фізіка альбо філасофія. Залішне казаць, што гэта антынавуковыя тэзісы, што яны зневажаюць усіх людзей, якія шануюць беларускую мову і ведаюць аб яе сапраўдным багацці.

Лукашэнка сёння зноў нагадаў сваю ўлюбёную байку пра нейкіх расейцаў, якія сядзелі на нейкіх валізках пры нейкіх нацыяналістах у пачатку 90-х гадоў. Пры гэтым ён не ведае значэння слова «нацмэн». Ён, мабыць, думае, што гэта нейкія нацыянальныя супермэны, хоць гэтае слоўца вядомае з часоў любімага ім Сталіна. Яно азначае «нацыянальную меншасць». Мабыць, менавіта такімі ён і хоча нас, беларусаў, бачыць.

Безумоўна, ніякія расейцы ні на якіх валізках у Беларусі не сядзелі. Гэта няпраўда. Такім чынам, трэба сказаць, што гэты чалавек выкарыстаў сённяшнюю трыбуну для распальвання міжмоўных крыўдаў і міжнацыянальнай варожасці».

Нагадаем, сёння Лукашэнка заявіў, што ў Беларусі няма ніякіх праблем з расейскай і беларускай мовамі. «Пытанне «мовы» развязанае раз і назаўсёды. У нас ёсць дзве родныя дзяржаўныя мовы. Гэта тэма зачыненая, пакуль прэзідэнтам з'яўляецца Лукашэнка», - сказаў дыктатар.

«Я нічога не забараняю. Я не буду цкаваць і ціснуць на людзей. А пашыраць прымяненне беларускай мовы можна адным шляхам - размаўляйце дома на беларускай мове», - працягнуў Лукашэнка.

Напісаць каментар 19

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках