16 красавiка 2024, aўторак, 7:41
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Андрэй Палуда: Улады могуць пашырыць ужыванне смяротнага пакарання

11
Андрэй Палуда: Улады могуць пашырыць ужыванне смяротнага пакарання

Выкарыстанне смяротнага пакарання можа быць пашырана шляхам унясення зменаў у заканадаўства.

Пра гэта заявіў каардынатар кампаніі "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання" Андрэй Палуда, каментуючы заявы Аляксандра Лукашэнкі, якія прагучалі на ўчорашняй прэс-канферэнцыі, піша сайт ПЦ "Вясна".

"Ягоная пазіцыя што да смяротнага пакарання ім самім агучвалася не раз, што на гэтай прэс-канферэнцыі толькі пацвердзілася. Што да яго выказванняў наконт апошніх гучных крымінальных спраў, то трэба ведаць, што частка 1 артыкула 139 Крымінальнага кодэкса, якую выставілі забойцу Юліі Саламацінай (а менавіта гэта злачынства і меў на ўвазе прэзідэнт), не прадугледжвае ўжывання смяротнага пакарання. Гэтак жа, як і з трагічным выпадкам на сталічнай вуліцы Гая. Чалавек, які ўчыніў злачынства і ДТЗ можа пазбегнуць крымінальнага пакарання - у выпадку, калі яго прызнаюць вар’ятам. Ён ужо вярнуўся пасля абследавання ў псіхіятрычным шпіталі назад у следчы ізалятар. Але вынікі экспэртызы пакуль не выдаюцца.

Але, скажу шчыра, я не здзіўлюся, калі ў нас могуць унесці ў дзейнае заканадаўства нейкія змены, што нярэдка робіцца апошнім часам, і такім чынам пашырыць выкарыстанне смяротнага пакарання, як гэта практыкавалася за савецкім часам.

Больш за ўсё ў гэтым каментары прэзідэнта мой слых закранула здагадка аб тым, што кіраўнік дзяржавы дагэтуль мяркуе, што смяротнае пакаранне мае стрымальны чыннік. Ён мяркуе, што дзякуючы смяротнаму пакаранню ў нас "не так буяюць гэтыя злачынствы". Можна ўспомніць, што ў 90-х гадах штогод выконваліся дзесяткі расстрэлаў, але злачыннасць пры гэтым заставалася высокай. Цяпер колькасць такіх прысудаў зменшылася да 2-3 за год, стала менш і цяжкіх злачынстваў. Прымаючы ўдзел у рознага тыпу канферэнцыях, з удзелам, у тым ліку і дзяржаўных экспэртаў, юрыстаў, выкладчыкаў Акадэміі МУС, пераконваешся ў тым, што яны добра разумеюць, што смяротнае пакаранне не з'яўляецца стрымлівальным фактарам. Вось гэтую інфармацыю і варта было б данесці да кіраўніцтва нашай краіны", - сказаў праваабаронца.

У прафілактыцы цяжкіх злачынстваў Андрэй Палуда бачыць іншую праблему, якая знаходзіцца хутчэй у сацыяльна-эканамічнай плоскасці.

"Куды важней, на маю думку, заняцца прафілактыкай тых цяжкіх і рэзанансных злачынстваў, якія ўчыняюцца ў стане алкагольнага ап'янення, што мы бачым і ў справе забойства Юліі Саламацінай. Дзяржаве перш за ўсё трэба думаць аб тым, не як зарабляць лёгкія грошы на продажы таннага алкаголю, а як лепш уплываць на прафілактыку такіх злачынстваў, і не праз наяўнасць смяротнага пакарання, а менавіта праз абмежаванне продажу алкагольных напояў", - сказаў ён.

Андрэй Палуда адзначае ў словах Аляксандра Лукашэнкі і пэўны ціск на правасуддзе, праводзячы паралель са словамі правадыра дзяржавы і яго ранейшым жорсткім выказваннем падчас сустрэчы з Генеральным пракурорам, калі гаворка ішла аб пераглядзе справы Аляксандра Грунава, якога Гомельскі абласны суд другім разам прысудзіў да смяротнага пакарання.

Нагадаем, учора, адказваючы на пытанні журналістаў падчас прэс-канферэнцыі Аляксандр Лукашэнка эмацыйна выказаўся з нагоды смяротнага пакарання. Прынамсі, ён прыгадаў апошнія нашумелыя злачынствы: "Мяне ўсё больш цягне да таго, каб мы за наўмыснае забойства ставілі чалавека да сценкі. Бывае па-рознаму: жыццё такое... З неасцярожнасці, яшчэ неяк. Але якое ты маеш права жыць, калі ты пазбавіў жыцця чалавека.

Пры гэтым, калі гаворка ідзе пра бездапаможных, пра дзяцей. Напрыклад, узяў муж нядаўна прытоўк жонку, сям'ю загубіў і свайго дзіця парэзаў, прабачце мяне. Выехаў на аўтамабілі і яшчэ там кагосьці збіў, забіў. Ты якое, нягоднік, маеш права далей існаваць? Гэта жалезна, ніхто гэтага не зрушыць. Гэта маё стаўленне. Я не цісну на суды, але гэтую пазіцыю выказваю.... Забіў, рассек з маці, парэзаў на кавалкі і дзесьці закапаў. Стаўленне адназначнае - да сценкі... Гэтаму прабачэння быць не павінна".

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках