24 красавiка 2024, Серада, 5:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Інавацыі па-беларуску: трымальнік для мыла і сродак ад жукоў

10
Інавацыі па-беларуску: трымальнік для мыла і сродак ад жукоў

Беларусь у адрозненне ад абсалютна ўсіх найбліжэйшых суседзяў не трапіла ў апублікаваны кампаніяй Bloomberg топ-50 самых інавацыйных дзяржаў свету.

І гэта нягледзячы на тое, што з 2005 года на тэрыторыі Беларусі працуе Парк высокіх тэхналогій, дасягненні айчынных вучоных у фізіцы, лазерных тэхналогіях, у некаторых медыцынскіх накірунках прызнаныя ў свеце, піша «Заўтра тваёй краіны».

Лідуе ў рэйтынгу Bloomberg Паўднёвая Карэя. У пяцёрку самых інавацыйных дзяржаў увайшлі таксама Японія, Нямеччына, Фінляндыя і Ізраіль. Расея заняла 14-е месца, Польшча - 25-е, Украіна - 33-е, Латвія - 41-е, Літва - 43-е.

Пры падрыхтоўцы рэйтынгу звесткі пра 69 краін аналізаваліся паводле шасці крытэраў. Сярод іх: сума дабаўленага кошту на душу насельніцтва; колькасць высокатэхналагічных прадпрыемстваў (у аэракасмічнай, абароннай прамысловасці, у сферы біятэхналогій, у альтэрнатыўнай энэргетыцы, вытворцаў праграмнага забеспячэння і паслуг у інтэрнэце); звесткі аб тым, колькі выпускнікоў сярэдніх школ паступае ў ВНУ і які адсотак рабочай сілы мае вышэйшую адукацыю; інфармацыя, колькі студэнтаў і дактароў навук займаюцца распрацоўкамі і даследаваннямі ў разліку на 1 млн чалавек насельніцтва. Крытэрамі таксама сталі адсотак выдаткаў на распрацоўкі і даследаванні ад ВУП і колькасць заявак на патэнты і вынаходкі на 1 млн насельніцтва і на 1 млн даляраў, накіраваных на даследчую дзейнасць грошай.

Чаму ў прэстыжным рэйтынгу няма Беларусі?

Можна меркаваць як тое, што яна саступіла паводле сукупнасці паказчыкаў Паўднёвай Карэі, Расеі, Літве і іншым, так і тое, што прадстаўнікі Bloomberg не здолелі сабраць, а прадстаўнікі беларускага ўрада, зацікаўленых беларускіх міністэрстваў і устаноў не праявілі паваротлівасць, каб падаць усе неабходныя звесткі.

Карэспандэнт «Заўтра тваёй краіны» ў надзеі на перспектывы для Беларусі ў наступным топ-50 самых інавацыйных дзяржаў свету вывучыў, якія заяўкі на атрыманне патэнта паступілі ў 2014 годзе ў Нацыянальны цэнтр інтэлектуальнай уласнасці Дзяржаўнага камітэта навукі і тэхналогі. Яны публікуюцца ў афіцыйных бюлетэнях «Вынаходствы. Карысныя мадэлі. Прамысловыя ўзоры», якія выдае ўстанова.

«Задавальненне жыццёвых патрэбаў»

У гэтым раздзеле большасць заявак звязана з сельскагаспадарчай вытворчасцю, харчаваннем і медыцынай.

У 2014 годзе былі зарэгістраваныя, напрыклад, заяўкі на «спосаб павышэння ўраджайнасці бульбы» (Інстытут эксперыментальнай батанікі НАН РБ), «прылада для знішчэння каларадскага жука з пасадак бульбы» (прыватныя асобы), «спосаб абароны чорнай парэчкі ад пустазелля» (Інстытут аховы раслін), «кантэйнер для зімовага ўтрымання пчол» і медогонка з падагрэвам мядовых сотаў «(Гарадзенскі дзяржаўны аграрны ўніверсітэт), «спосаб павышэння мясных якасцяў свінняў і вытворчасць больш нішчымнай свініны» (БДСГА), «машына для ўборкі клубняў тапінамбура».

Ёсць у гэтым раздзеле заяўкі на «торт шматслаёвы мядовы» і на «спосаб вытворчасці сыру з блакітнай цвіллю».

Вядучыя медыцынскія ўстановы краіны прадставілі заяўкі на «спосаб прагназавання высокай рызыкі самаадвольнага аборту» (Віцебскі дзяржаўны ордэна Дружбы народаў медыцынскі ўніверсітэт), «спосаб лячэння рэцыдыўнага і мясцовага распаўсюджанага рака шчытападобнай залозы» (Беларуская медыцынская акадэмія паслядыпломнай адукацыі), «спосаб лячэння варыкознай хваробы ніжніх канечнасцяў» (Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт), «спосаб прамянёвага лячэння мясцова-распаўсюджанага рака чалясьніцы III-IV стадый» (Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр анкалогіі і медыцынскай радыялогіі ім. М.М.Аляксандрава) і на многія іншыя вынаходніцтвы.

У рамках гэтага ж раздзелу прысутнічае заяўка на атрыманне патэнта на «трымальнік мыла».

«Розныя тэхналагічныя працэсы, транспартаванне»

У раздзеле можна знайсці заяўкі на «катапульту для запуску беспілотных лятальных апаратаў з паваротнай пляцоўкай» (Фізіка-тэхнічны інстытут НАН РБ) і на «прыладу для прасоўвання бярвенняў па вадзе».

«Хімія, металургія»

Тут прапануюць новыя «спосаб перагонкі нафты» (БДУ) і «спосаб вытворчасці этылавага спірту» (Навукова-практычны цэнтр НАН РБ у харчаванні).

«Папера і тэкстыль»

Беларускіх вучоных па-ранейшаму хвалюе будучыня Беларусі як вялікай ільняной дзяржавы. У раздзел «Папера і тэкстыль» ад прыватных асоб пададзена заяўка на «спосаб атрымання кароткага валакна з лёну». Тут жа прысутнічае заяўка на новы «заціск для бялізны».

«Будаўніцтва, горная справа»

У гэтым раздзеле зафіксаваныя заяўкі на «спосаб павышэння пранікальнасці засоленага нізкапранікальнага нафтавага пласта» («Беларуснафта»), «спосаб дзвюхслоевай распрацоўкі магутнага калійнага пласта складанай будовы» (Салігорскі інстытут праблем рэсурсазберажэння з доследнай вытворчасцю) і «спосаб барацьбы са снежна-ледзянымі ўтварэннямі на дарогах» (БНТУ).

«Механіка; асвятленне; ацяпленне; рухавікі і помпы; зброя і боепрыпасы; выбуховыя работы»

Акадэмія МУС і яе супрацоўнікі падалі заяўку на «спосаб вызначэння інтэрвальнага значэння кута сустрэчы кулі з перашкодай у залежнасці ад характарыстык уваходных агнястрэльных пашкоджанняў, якія ўтварыліся ў выніку рыкашэту пры стрэле з 9-міліметровага пісталета Макарава».

«Фізіка»

Вайсковая акадэмія Беларусі падала заяўку на «спосаб пасіўнага вызначэння вышыні палёту нізкалётнага гелікоптэра».

У раздзел «Фізіка» ўвайшлі і заяўкі на патэнты на «спосаб прагназавання выжывальнасці пацыентаў, якія перанеслі інфаркт мозгу» (Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр неўралогіі і нейрахірургіі) і «спосаб дыягностыкі першаснай паталагічнай цягі да алкаголю ў асоб мужчынскага полу маладога і падлеткавага ўзросту» (Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт).

Беларускі навукова-даследчы геолагаразведачны інстытут і ягоныя спецыялісты ведаюць «спосаб выяўлення нелегальных кар'ераў будаўнічых матэрыялаў».

У гэтым жа раздзеле знаходзяцца заяўкі ад двух прыватных асоб. Адзін з іх прапанаваў «каляндар стагоддзяў», а другі - «бюлетэнь для галасавання».

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках