19 красавiка 2024, Пятніца, 12:24
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лябедзьку выклікалі ў суд за плакат «Je suis Charlie»

1
Лябедзьку выклікалі ў суд за плакат «Je suis Charlie»

Лідэр Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька атрымаў раніцай 30 студзеня позву ў суд.

На пасяджэнні будзе разглядацца адміністрацыйная справа ў дачыненні да ўдзельнікаў акцыі салідарнасці з загінулымі журналістамі французскага гумарыстычнага часопіса Charlie Hebdo. Акцыя прайшла 11 студзеня каля пасольства Францыі ў Менску.

Як паведаміў Лябедзька БелаПАН, пасяджэнне пачнецца 4 лютага, а 9.00, у судзе Цэнтральнага раёна. Са слоў палітыка, яму невядома, ці атрымалі ўжо позвы іншыя ўдзельнікі акцыі.

«У гэтым выпадку для ўлады гэта не вельмі прыемная сітуацыя, улады самі сябе высякаюць. Лукашэнка ўчора назваў ідыётамі тых, хто затрымліваў нас за гэтую акцыю, - сказаў Лябедзька. - З аднаго боку, цяпер тут на коне рэпутацыя самога Лукашэнкі, з другога боку - гэта ўдар па ягоны ж кадрах».

Як раней паведамлялася, адміністрацыйныя пратаколы за ўдзел у акцыі салідарнасці былі складзеныя ў дачыненні Лябедзькі, былога рэдактара сатырычнай газеты "Навінкі" Паўла Канавальчыка і намесніка старшыні Беларускай партыі "Зялёныя" Дзмітрыя Кучука.

На прэс-канферэнцыі 29 студзеня Лукашэнка запатрабаваў разабрацца з затрыманнем у Менску ля пасольства Францыі людзей з плакатамі «Я Шарль». Карэспандэнт Бі-бі-сі Таццяна Мельнічук заклікала ўладу адэкватна рэагаваць на крытыку і не затрымліваць людзей з адрозным ад афіцыйнага пунктам гледжання.

«Моцная ўлада ніколі не будзе баяцца крытыкі і прыніжацца да дробязнай расправы з тымі, хто крытыкуе тое, што адбываецца не так, - сказала журналістка. - Вельмі карыкатурнымі выглядаюць некаторыя дзеянні ўлады, калі арыштоўваюць чатырох чалавек, якія выйшлі да амбасады Францыі з таблічкай «Я Шарль» менавіта ў той дзень, калі ва ўсім свеце ўспамінаюць тых, хто загінуў у рэдакцыі гэтага французскага штотыднёвіка».

«Цалкам падтрымліваю гэта, - заявіў Лукашэнка і перанакіраваў пытанне кіраўніку сваёй адміністрацыі Аляксандру Косінцу. - Гэта што, такая праблема ў нас? Ну, выйшла чатыры чалавекі. Яны што, супраць мусульман выйшлі? Яна (Таццяна Мельнічук) мае рацыю. Калі ўлада пачынае такое рабіць, яны - ідыёты, проста дзейнічаюць на шкоду кіраўніцтву».

«Сітуацыя зафіксаваная, разбярэмся», - заявіў у адказ Косінец.

Нагадаем, раніцай 7 студзеня ў Парыжы людзі ў масках уварваліся ў рэдакцыю французскага сатырычнага часопіса Charlie Hebdo і адкрылі агонь з аўтаматаў Калашнікава. Загінулі 10 журналістаў і двое паліцэйскіх. Прычынай нападу стала публікацыя ў тыднёвіку карыкатур на ісламскія тэмы.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках