29 сакавiка 2024, Пятніца, 1:44
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Жэлька Бабіч: Незразумела, чаму ў няўдачы нацыянальнай каманды Беларусі абвінавачваюць БГК і мяне

3
Жэлька Бабіч: Незразумела, чаму ў няўдачы нацыянальнай каманды Беларусі абвінавачваюць БГК і мяне

Галоўнай спартовай падзеяй мінулага тыдня стаў "круглы стол", арганізаваны Беларускай федэрацыяй гандбола пасля няўдалага выступу мужчынскай нацыянальнай каманды на чэмпіянаце ў Катары.

На гэтым мерапрыемстве ўсё было дакладна раскладзенае па паліцах. Гулялі слаба, гімн не спявалі, гандбалістаў, якія хацелі б памерці за радзіму, у складзе каманды не выявілася, у дзіцячых трэнераў плюнулі... Загадкай засталася толькі адна рэпліка кіраўніка БФГ Уладзіміра Канаплёва: "Замежныя трэнеры, якія працавалі з нашымі клубамі, - ворагі народа" .

Хто працаваў? Са славенцам Барысам Дзенічам, які ачольваў у мінулым сезоне менскае "Дынама", усё зразумела. А харват Жэлька Бабіч? Ён жа па-ранейшаму ля стырна Берасцейскага гандбольнага клуба імя Мяшкова. Значыць, гэта не пра яго, ён не вораг? Або, можа ўжо звольнілі? Пры адказе на тэлефонны званок начальнік прэс-службы БГК Аляксандр Кульбака паспяшаўся супакоіць: "Не хвалюйся. Бабіч на месцы і працуе ў штатным рэжыме. На днях ён праводзіць майстар-клас для берасцейскіх гандбалістаў-падлеткаў. Прыязджай, будзе цікава".

Карэспандэнт pressball.by пагутарыў з Жэлькам Бабічам:

- Не можам не запытаць пра тую крытыку, што абрынулася на БГК імя Мяшкова пасля няўдалага выступу нацыянальнай каманды Беларусі на чэмпіянаце свету ў Катары.

- Зразумела, што ўсе засмучаныя такім вынікам. Крытыкаваць у такіх выпадках трэба. Але мне не зусім зразумела, чаму ў няўдачы абвінавачваюць БГК і мяне як галоўнага трэнера гэтай каманды. Калі хтосьці так мяркуе, гэта яго права, гэта яго меркаванне. Страляць у гэтых людзей у адказ я не збіраюся. Давайце паглядзім на іншыя каманды. Дрэнна выступілі расейцы. Там шмат гульцоў з "Чэхаўскіх мядзведзяў". У няўдачах вінаваты гэты клуб? Харватыя саступіла ў чвэрцьфінале Польшчы. Гэта памылка Піліпа Гардана? Бо ў "ПСЖ" выступаюць тры харваты-зборнікі.

- Пасля такой крытыкі вы захоўваеце аптымізм на вызначальны адрэзак сезону?

- Аптымізм нікуды не дзеўся. Хачу паўтарыць тое, што ўжо казаў і Уладзіміру Канаплёву, і Аляксандру Мяшкову. І БГК імя Мяшкова, і я рабілі і працягваем рабіць усё магчымае на карысць беларускіх гульцоў і нацыянальнай каманды Беларусі. Атрымліваецца па-рознаму. Калісьці лепш, калісьці горш. Але намеры выключна такія. Калі хтосьці бачыць мае памылкі, то я гатовы да стасункаў, да дыялогу. А як інакш?

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках