24 красавiка 2024, Серада, 2:15
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Будаўніцтва развязкі на другім коле ў Менску адклалі на 15 гадоў

9

Раней часткова «развязаць» праблемны транспартны адцінак ля Запарожскай плошчы сталіцы планавалася пад пачатак 2014 года.

Праблема выспявала гадамі. Скрыжаванне вуліц Філімонава, Запарожскай і Сталетава ды прылеглыя да яго адцінкі вулічна-дарожнай сеткі на працягу шэрагу гадоў уважаліся за адны з «вузкіх» месцаў у Менску, піша «Інтэрфакс».

Прычым вузкім як у першасным, так і ў пераносным сэнсе. Выезд з кола на Запарожскай плошчы ў бок Батанічнага саду мае толькі тры палосы руху. У выніку ў самы розрух тут збіраўся вялікі збой самаходаў.

Пару гадоў таму праблему часткова лакалізавалі, па-новаму размеркаваўшы транспартныя плыні: адна палоса - у бок Батанічнага саду, другая - на Запарожскую плошчу.

Аднак за кардынальнае развязанне транспартнага пытання ўважалася будаўніцтва двухузроўневай развязкі з расшырэннем вуліцы Сталетава.

У распрацаванай некалькі гадоў таму Схеме будаўніцтва і рэканструкцыі транспартных збудаванняў у горадзе Менску на перыяд 2010-2020 года прапаноўвалася будаўніцтва транспартнай развязкі на скрыжаванні вуліцы Сталетава і Запарожскай.

Папярэдне гэта выглядала так. Транспарт, які спускаецца на Запарожскае кола з эстакады над чыгункай па вуліцы Радыяльнай, рухаецца праз эстакаду і «перацякае» у расшыраную вуліцу Сталетава.

Пры гэтым кола павялічваецца, на яго робяцца новыя з'езды. Зразумела, пры гэтым абшар усёй Запарожскай плошчы таксама павялічваецца.

Стварэнне двухузроўневай развязкі на Запарожскай плошчы актуальнае яшчэ і таму, што праз вуліцы Радыяльная і Філімонава ў перспектыве пройдзе трэцяе транспартнае кола Менска. Такім чынам, забяспечыць тут прымальны хуткасны рэжым проста неабходна.

Мабыць, да з’яўлення на карце Менска паўнавартаснага трэцяга транспартнага кола ў сталічных улад найбліжэйшым часам рукі наўрад дойдуць. Бо двухузроўневую развязку на Запарожскай плошчы не пачнуць будаваць ні ў 2015-м, ні нават у 2020-м.

- Раней, у сувязі з планаваным будаўніцтвам развязкі ў некалькіх узроўнях на Запарожскім коле чырвоныя лініі вуліц былі істотна ссунутыя, - распавядае галоўны архітэктар праекта УП "Мінскграда" Аляксандр Бандарчык. - У выніку частка існай забудовы вакол Запарожскай плошчы трапляла ў межы новых чырвоных ліній. Гэта частка вытворчых тэрыторый і невялікія крамы. Усе гэтыя аб'екты былі запланаваны да вынасу. Але пазней была перагледжаная транспартная канцэпцыя, і ў бліжэйшыя гадоў 15, а магчыма, і больш, транспартная развязка на Запарожскай плошчы застанецца ў цяперашнім выглядзе.

Са слоў прадстаўніка горадабудаўнічай арганізацыі, сягоння «вялікай патрэбы ў новым варыянце развязкі няма». Таму з'явілася магчымасць трохі зрушыць чырвоныя лініі бліжэй да праезнай часткі. У выніку вузкая палоса ўздоўж скрыжавання вуліц Запарожская і Філімонава будзе забудаваная.

Праблемы ёсць і з расшырэннем вуліцы Сталетава. Са слоў начальніка аддзела архітэктуры і будаўніцтва адміністрацыі Партызанскага раёна горада Менска Мікалая Кацэвіча, такі праект існаваў, і рэалізаваць яго меркавалася яшчэ ў 2014 годзе. Але...

- Праектам прадугледжаны выхад вуліцы Сталетава на развязку і расшырэнне яе да чатырох палос, - распавядае спецыяліст. - Мы думалі, што гэта выпадзе зрабіць да чэмпіянату свету ў хакеі 2014 года. Былі запланаваныя і грошы для ажыццяўлення гэтага праекта - у яго рамках прадугледжанае руйнаванне двухпавярховых дамоў уздоўж праезнай часткі. Індывідуальная забудова па другі бок вуліцы Сталетава пры гэтым захоўваецца.

Мікалай Кацэвіч дадаў: тэрыторыя, дзе цяпер знаходзяцца двухпавярховікі, запланаваныя да руйнавання ў сувязі з расшырэннем вуліцы, была прапанаваная адной вядомай кампаніі пад распрацоўку праекта дэталёвай забудовы ўсяго мікрараёна.

- Такі план быў распрацаваны, - адзначае начальнік аддзела архітэктуры і будаўніцтва раённай адміністрацыі. - Але мы заўважылі, што інвестар хоча будаваць дамы на самых «прынадных» дзялянках, каб мець вялікую выгаду. А наконт далейшай забудовы кампанія не гаварыла. Мы ж прапанавалі пачаць з вуліцы Сталетава - зруйнаваць двухпавярховыя дамы і хлявы, будаваць першы шматпавярховы дом, перасяляць жыхароў. У выніку пастанавілі скасаваць дачыненні.

Згодна з планамі пяцігадовай даўніны, да 2014 года на карце Менска павінны былі з'явіцца, акрамя пабудаваных да ЧС-2014 развязак, падобныя аб'екты, напрыклад, на скрыжаваннях першага транспартнага кола і праспекта Дзяржынскага, вуліцы Ціміразева і трэцяга транспартнага кола, вуліцы Ташкенцкай і МКАД. Іх, як бачым, пакуль няма. Так што арганізацыя руху на Запарожскай плошчы і ў яе ваколіцах пакуль вядзецца менш дарагімі спосабамі - з дапамогай святлафораў, дарожнай разрысоўкі і да г.п.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках