23 красавiка 2024, aўторак, 21:25
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Міністр Жарко дабудоўвае новы катэдж за мільён даляраў

52

Міністр аховы здароўя Васіль Жарко ў прыдачу да апартаментаў у Драздах дабудоўвае катэдж за Нацбібліятэкай коштам у мільён даляраў.

Сярэднестатыстычны беларускі медык атрымаў у жніўні на рукі менш за $300. Аднак не ўсе працаўнікі сферы аховы здароўя перабіваюцца ад заробку да заробку. У лесе за Нацыянальнай бібліятэкай міністр Васіль Жарко дабудоўвае велізарны катэдж. Ад цікаўных гасцей будпляцоўку абараняе агароджа з калючым дротам, піша «Наша Нiва».

«Тапас» - новы лідар рынку

Апошнімі гадамі сталічны будаўнічы рынак істотна змяніўся. Па-першае, значна зменшылася колькасць новабудоўляў. У гэтым вінаватыя і крызіс, і жыллёвая палітыка ўладаў, якія ўсё ж прыйшлі да высновы, што Менск не гумовы.

Па-другое, дзяржава фактычна «вымыла» з рынку дробных прыватнікаў, якія не маюць сваіх будаўнічых магутнасцяў. Яны наймалі для прац дзяржаўныя будаўнічыя трэсты, пакідаючы прыбытак сабе. На плаву засталіся адзінкавыя гульцы, здольныя адстаяць свой статус. У лідары рынку выйшла група кампаній «Тапас».

Сакрэт яе поспеху звязваюць з асобай 35-гадовага Паўла Белага (№79 у рэйтынгу самых уплывовых і паспяховых бізнесменаў за 2013). Яго называлі намеснікам дырэктара будаўнічага холдынгу.

У мінулым Белы ўважаўся за перспектыўнага хакеіста, аднак быў вымушаны завяршыць кар'еру праз траўму спіны. Цяпер ён - найлепшы нападнік прэзідэнцкай хакейнай каманды. А ягоны «Тапас» сярод лідараў у колькасці вылучаных ім участкаў пад будаўніцтва.

Кватэры для найбліжэйшага акружэння

«Тапас» у адзіночку забудоўвае раён за Нацыянальнай бібліятэкай, побач са Сляпянскай воднай сістэмай, які ў прэстыжнасці саступае толькі Драздам, дзе жывуць чыноўнікі ды некаторыя іншыя, набліжаныя да Аляксандра Лукашэнкі асобы.

Тут «Тапас» узводзіць малаэтажные жылыя комплексы - у кожным доме «Аквамарына» і «Парк-Сіці» па 10-20 апартаментаў плошчай каля 150 м2.

Большую частку кватэр раскупілі спартоўцы (напрыклад, былыя і цяперашнія зоркі БАТЭ Аляксандр Глеб, Ягор Філіпенка і Сяргей Крывец) і непублічныя бізнесоўцы, аднак сярод уладальнікаў ёсць і знакавыя персоны.

Напрыклад, тут пасялілася асабістая лекарка Лукашэнкі Святлана Канашенка, а таксама сям'я былога начальніка службы прэзідэнцкай аховы Андрэя Уцюрына. Іх кватэры каштуюць прыкладна па $500 тысяч. Цікава, што некаторыя апартаменты лічацца за Упраўленнем справамі прэзідэнта.

Катэджы па мільёне

«Тапас» спецыялізаваўся на будаўніцтве кватэр, але цяпер узяўся яшчэ і за катэджы. У лесе за Нацыянальнай бібліятэкай, побач з іх жа «Парк-Сіці», была арандаваная тэрыторыя ў 2,5 гектара. Згодна з праектам, тут павінны з'явіцца 14 катэджаў.

«Тапас» узводзіць дамы, падводзіць святло, ваду і газ, а таксама выконвае чарнавое аздабленне. Катэджы каштуюць ад $640 тысяч да $1,2 мільёна ў залежнасці ад плошчы (яна вагаецца ад 440 да 790 квадратных метраў). Зямельныя ўчасткі перадаюцца пакупнікам дамоў у арэнду на 100 гадоў.

Для «Тапас» гэта вельмі выгадны праект. Праз дамову з Мінгарвыканкам, за арэнду ўсёй тэрыторыі з участкамі даводзіцца плаціць фіксаваную суму - каля 5 мільёнаў рублёў у месяц. Гэта мізэр.

Спецыяльны дазвол Жарко

На гэты момант на продаж выстаўленыя пяць катэджаў. Ці былі прададзеныя астатнія дамы і хто іх уладальнікі, пакуль не вядома.

Аднак «Наша Нiва» натыкнулася на дзіўны дакумент, які тычыцца аднаго з участкаў у катэджным пасёлку. Яшчэ ў лістападзе 2010 года Мінгарвыканкам прыняў пастанову №2626/1, згодна з якім 15 сотак вылучаныя міністру аховы здароўя Васілю Жарко ў пажыццёвае карыстанне з правам перадачы па спадчыне. Тэрытарыяльна яго ўчастак знаходзіцца ўсярэдзіне катэджнага пасёлка «Тапас», але паводле дакументаў, выведзены з яго.

Ці меў патрэбу Васіль Жарко ў паляпшэнні жыллёвых умоў? За год да выдзялення ўчастка сям'я чыноўніка набыла трохпакаёвую кватэру ў новым доме на вуліцы Піянерскай у Драздах. Яе рынкавы кошт складае каля $500 тысяч. Плошча гэтай кватэры - больш за 120 м2. Паводле нарматываў, якія дзейнічалі тады, такой жылплошчы хапіла б, для таго каб забяспечыць жыллём мінімум васьмярых чалавек.

Паводле афіцыйнай біяграфіі, у Жарко - жонка, дачка (з мужам) і двое ўнукаў. Аднак нават калі міністру і бракавала метраў, зямля ў Менску без правядзення аўкцыёнаў вылучаецца толькі шматдзетным сем'ям. Ён да гэтай катэгорыі не мае дачынення.

Вялікі дом для міністра

У пасёлку «Тапас» спраектаваныя чатыры меншыя паводле памераў катэджы і дзесяць вялікіх. Жарко будуе менавіта вялікі. Кошт такога дома - $1,03 мільёна. Невядома, колькі заплаціў за яго міністр.

Убачыць элітную будпляцоўку няпроста. Уезд у катэджны пасёлак кантралюе ахова «Тапас». Па бакавым перыметры будпляцоўка мяжуе з іншымі катэджамі, вакол якіх - высокі плот. Таму адзіная магчымасць - падысці да дома Жарко з боку лесу. Раней тут праходзіла вузкая дарога да лецішча кіраўніка Міністэрства дзяржаўнай бяспекі БССР Лаўрэнція Цанавы. Цяпер лес высякаюць, каб пашырыць дарогу.

З тыльнага боку катэджа Жарко яшчэ няма суцэльнага плота, затое над агароджай нацягнуты калючы дрот.

У інтэрнэце апублікаваны тыпавы праект такога дома, які будзе і ў міністра. Адзіная розніца ў тым, што Жарко, верагодна, застанецца без басейна.

Катэдж двухпавярховы, але не кампактна-квадратны, а выцягнуты. Яго агульная плошча перавышае 640 м2.

На першым паверсе будзе вялікая гасцёўня, да якой прымыкаюць кухня і камінная. У агульнай складанасці гэта каля 100 м2. З каміннай можна перайсці ў кіназалу і ў трэнажорную залу. Непадалёк спраектаваны і працоўны кабінет. Ёсць зусім маленькая пакой для «абслугі» - усяго 6 м2.

На другім паверсе - дзве спальні і два дзіцячых пакоя (у кожнай свой санвузел і свая гардэробная).

Дом міністра Жарко ўжо на стадыі заканчэння будаўніцтва. Падобна на тое, засталося выканаць аздабленне.

* * *

Васіль Жарко нарадзіўся ў 1956 у в. Леснікі Драгічынскага раёна. Скончыў Юрацішкаўскае медыцынскае вучылішча (1975), Менскі дзяржаўны медыцынскі інстытут (1984) і Акадэмію кіравання (2008).

Працаваў памочнікам санітарнага ўрача ў Івацэвічах (1977), педыятрам Берасцейскай дзіцячай абласной лякарні (1984-1985), загадчыкам аддзялення Драгічынскай раённай лякарні (1985-1991), лекарам-інспектарам, намеснікам начальніка ўпраўлення аховы здароўя Берасцейскага аблвыканкама (1991-2002), намеснікам галоўнага лекара дзіцячай абласной лякарні (2002-2003), дырэктарам санаторыя «Крыница» (2003), генеральным дырэктарам «Белпрофсоюзкурорта» (2003-2005), в.а. генеральнага сакратара Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа (2005-2006).

З 2006 - Міністр аховы здароўя. Жанаты, мае дачку.

Напісаць каментар 52

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках