24 красавiка 2024, Серада, 21:09
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

EUobserver: Еўрапейскія дыпламаты знаходзяцца ў палоне ілюзій пра Лукашэнку

7
EUobserver: Еўрапейскія дыпламаты знаходзяцца ў палоне ілюзій пра Лукашэнку

Дапамога дыктатару прывядзе да ўзмацнення рэпрэсій.

План, ухвалены амбасадарамі краін Еўрапейскага Звяза на мінулым тыдні, быў складзены замежнапалітычнай службай супольнасці, піша брусэльскае выданне EUobserver (пераклад - charter97.org). Ён прадугледжвае прыпыненне візавых санкцый і размарозку актываў у дачыненні да 171 з 175 фігурантаў «чорнага спісу» з Беларусі, у тым ліку дыктатара Аляксандра Лукашэнкі.

Паводле слоў дыпламатаў, абмежавальныя захады скасуюць на тэрмін з 31 кастрычніка 2015 года да 28 лютага 2016 года, але могуць вярнуць у любы момант. Пастанову пра гэта павінны прыняць у канцы месяца ў тым выпадку, калі «прэзідэнцкія выбары», запланаваныя на нядзелю, 11 кастрычніка, не скончацца арыштамі апанентаў дыктатара.

Чатыры імёны, якія застаюцца ў спісе, звязаныя з палітычнымі забойствамі. ЕЗ таксама захавае забарону на пастаўкі зброі ў Беларусь.

Прыпыненне дзеяння санкцый дазволіць наменклатуры Лукашэнка вярнуць любыя актывы, раней замарожаныя ЕЗ. Яна таксама дасць магчымасць весці бізнес у краінах супольнасці 14 беларускім фірмам з «чорнага спісу».

Найбуйнейшыя «кашалькі» Лукашэнкі - экспарцёры нафтапрадуктаў і калійных угнаенняў - не падпадалі пад санкцыі.

Прыпыненне дзеяння абмежавальных захадаў будзе суправаджацца фінансавай дапамогай. Брусэль падрыхтаваў 29 эканамічных захадаў, якія ўключаюць больш лёгкі доступ да капіталу на рынках ЕЗ і атрыманне крэдытаў Еўрапейскага інвестыцыйнага банка і Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця, сказала крыніца ў ЕЗ.

«Ідэя заключаецца ў тым, каб стварыць альтэрнатыву для Беларусі ў эканамічнай сферы... Мы не кажам, што яна павінна спыніць супрацоўніцтва з Расеяй, але мы хочам, даць ёй новыя магчымасці на эканамічным фронце», - сказаў ён.

Дрэнная ідэя?

План ЕЗ прадстаўлены ў якасці ўзнагароды за вызваленне шасці палітычных зняволеных у жніўні. Ён прыняты на фоне спаду ў беларуска-расейскіх стасункаў і геапалітычнага супрацьстаяння за будучыню былых савецкіх рэспублік.

Лукашэнка на мінулым тыдні сказаў, што яму «не патрэбная» прапанаваная новая база ВПС Расеі, якая б абмежавала ягоны кантроль над абароннай палітыкай краіны. Таксама ён раскрытыкаваў анэксію Расеяй Крыму і яе ўварванне на Данбас і заплюшчвае вочы на дзейнасць беларускіх нацыяналістаў, напрыклад удзельнікаў так званага «атрада «Пагоня», якія змагаюцца на баку Украіны супраць Расеі.

Прыпыненне дзеяння санкцый звязанае з занепакоенасцю праз тое, што мэтай рэваншысцкай палітыкі Крамля аднойчы можа стаць Беларусь.

Але еўрапейскія дыпламаты знаходзяцца ў палоне ілюзій аб тым, што Лукашэнка перастане быць хаўруснікам Расеі ці спыніць рэпрэсіі.

«Цяжка трапіць у галаву і даведацца, пра што ён думае. Але ён, здаецца, дзесьці паміж імі і хоча супрацоўнічаць з абодвума бакамі [Расеяй і Захадам] зыходзячы з таго, хто можа быць карысны для яго, - сказала крыніца ў ЕЗ. - Ніхто не чакае, што Беларусь стане дэмакратычнай дзяржавай за адну ноч».

У беларускіх актывістаў менш надзеяў.

Наталля Радзіна, галоўная рэдактарка сайта charter97.org, які працуе ў выгнанні з Польшчы, называе планы ЕЗ «дрэннай ідэяй».

«Лукашэнка не можа ісці на Захад, таму што ён занадта залежыць ад расейскіх нафтагазавых субсідый. Ён будзе будаваць расейскую авіябазу, нягледзячы на ягоныя словы, таму што, калі ён скажа «не», гэта будзе азначаць канец ягонаму рэжыму», - сказала яна.

«Ён таксама не можа зрабіць гэта [ісці на Захад], таму што дэмакратычныя рэформы знішчаць ягонае кіраванне, - дадала яна. - Прыпыненне дзеяння санкцый проста прывядзе да ўзмацнення рэпрэсій. Ён убачыць у гэтым карт-бланш ад ЕЗ».

Страх

Былы палітвязень і кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2010 года Мікалай Статкевіч заклікаў да пратэстаў у Менску ў суботу. Ён чакае, што на акцыю прыйдзе да пяці тысяч чалавек.

Лідары апазіцыі байкатавалі галасаванне, якое, з іхніх слоў, было сфальсіфікаванае - у «выбарах» удзельнічаюць толькі падабраныя ўладамі кандыдаты.

Апазіцыя таксама застаецца слабой, паводле слоў Радзінай, таму што «людзі сапраўды баяцца». «Калі вы кідаеце выклік ураду, можаце быць змешчаныя ў турму на пяць ці шэсць гадоў. Вас могуць збіць на вуліцы, могуць нават забіць», - кажа яна.

Журналістка мяркуе, што празаходнія погляды абмяжоўваюцца беларускай і расейскай прапагандай, якая манапалізавала сродкі масавай інфармацыі. Яна адзначыла, напрыклад, што навіна аб атрыманні Нобелеўскай прэміі ў літаратуры беларускай пісьменніцай Святланай Алексіевіч атрымала 23 секунды на экране тэлевізара, а затым тры з паловай хвіліны заняў матэрыял аб дзяржаўных культурных праектах.

Прамень святла

Наталля Радзіна сказала, што лаўрэатка Нобелеўскай прэміі з'яўляецца «прамянём святла пасля 20 гадоў цемры» для беларускага грамадства. «Гэта нагадвае мне пра тое, як [польскі пісьменнік] Чэслаў Мілаш атрымаў Нобелеўскую прэмію, - сказала яна. - Гэта дало людзям некаторы гонар у той час, калі яны сутыкаюцца з вельмі складанай палітычнай сітуацыяй. Сітуацыя ў Беларусі такая ж, якой была ў Польшчы ў 1980 годзе».

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках