20 красавiка 2024, Субота, 18:01
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лідары апазіцыі: Гэта не выбар, а спецаперацыя. Мы не прызнаем іх вынікі

18
Лідары апазіцыі: Гэта не выбар, а спецаперацыя. Мы не прызнаем іх вынікі
ФОТА: «Радыё Свабода»

Выбары сфальсіфікаваныя, прыход завышаны на дзесяткі адсоткаў, заявілі беларускія дэмакраты.

Прэс-канферэнцыя лідараў беларускай апазіцыі адбылася ўвечары 11 кастрычніка ў Менску. У ёй бралі ўдзел былы палітвязень, кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2010 года Мікалай Статкевіч, старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька і грамадскі дзеяч, паэт і экс-кандыдат у прэзідэнты Уладзімір Някляеў, паведамляе карэспандэнт charter97.org.

«Гэта не выбары, гэта спецаперацыя. Вядома, мы не прызнаем іх вынікі. Няма ні найменшых прыкмет паляпшэння сітуацыі - толькі пагаршэнне.

Прыход выбарцаў на гэтыя псеўдавыбары відавочна завышаны, як мінімум, удвая, у тым ліку, завышанае папярэдняе галасаванне. Лукашэнка выкарыстаў увесь свой адміністрацыйны рэсурс і карыстаўся гэтым, каб заганяць людзей на выбары. Але ўсё роўна прыйшлося завышаць прыход на дзесяткі адсоткаў. І гэтыя афіцыйныя лічбы - юрыдычна нікчэмныя.

Мы абвяшчаем кампанію «Улада - народу». Лукашэнка скраў выбары, скраў уладу ў народа. І народ павінен вярнуць гэтую ўладу. Мы не адмовімся ад вулічнай актыўнасці. Першая акцыя ў рамках гэтай кампаніі пройдзе ў канцы лістапада - у гадавіну незаконнага рэферэндуму 1996 года, з якога пачаўся дзяржаўны пераварот у Беларусі, калі Лукашэнка захапіў усю паўнату ўлады. Гэтая акцыя пратэсту адбудзецца пры любых умовах.

Беларусь стаіць на раздарожжы. Калі цягам найбліжэйшага часу спадар Лукашэнка не пачне вяртаць тое, што ён скраў, не пачне змены заканадаўства, у грамадства не застанецца іншага шляху, як вярнуць сабе ўладу сілай. І хай Лукашэнка наважвае, які варыянт яго задавальняе», - заявіў Мікалай Статкевіч.

«У межах кампаніі «Улада - народу» мы вылучаем тры прыярытэтных кірункі: першае - гэта дзяржаўны суверэнітэт Беларусі, другое - гэта свабодныя сумленныя выбары, трэцяе - гэта пазітыўная эканамічная альтэрнатыва. У гэтых напрамках магчымае стварэнне шырокай кааліцыі.

Мы заклікаем міжнародную супольнасць не прызнаваць вынікі «выбарчай» кампаніі легітымнымі, і гэтак жа зробяць грамадзяне Рэспублікі Беларусь.

Гэта выбарчы фарс, мы нічога іншага і не чакалі. Стратэгія ігнору была абсалютна правільнай.

Маё адчуванне пасля знаходжання на выбарчым участку: мне было па-чалавечы шкада ўсіх людзей, якія сёння прыйшлі. Незалежна ад таго, як яны галасавалі, іх голас, у які яны ўкладвалі нейкія эмоцыі, пачуцці - на гэта ўсім было напляваць, таму што ўжо загадзя былі гатовыя выніковыя пратаколы. І за каго б ты ні галасаваў - гэта ўжо дзесятае справа. Таму людзей мне шкада, іх выкарыстоўвалі - брудна і гідка. І трэба спыняць усё гэта», - сказаў Анатоль Лябедзька.

«Завяршылася палітычная кампанія пад назвай «выбары прэзідэнта Рэспублікі Беларусь», - заявіў Уладзімір Някляеў. – Згуляны беларускім рэжымам выбарчы спектакль выбарамі не лічым, і гэтыя выбары не прызнаем».

Падстаў для гэтага больш чым дастаткова, падкрэсліў ён. «Гэта не толькі звесткі незалежных назіральнікаў, але і той факт, што ўлада ажыццявіла падробку, - сказаў палітык. - Ніколі яшчэ так гвалтоўна рэжым не заганяў людзей на выбарчыя ўчасткі для датэрміновага галасавання, дзе па досведу папярэдніх кампаній, мы ведаем, што адбываюцца стопрацэнтныя фальсіфікацыі».

Са слоў Някляева, гэтую выбарчую кампанію можна назваць «як заўгодна, толькі не выбарамі». «Гэта здзекі над народам, здзек над грамадзянамі Беларусі. Мы заклікаем міжнародную супольнасць менавіта так ацаніць тое, што адбылося 11 кастрычніка, і гэтыя выбары ні ў якім выпадку не прызнаваць», - заявіў палітык.

Напісаць каментар 18

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках