23 красавiка 2024, aўторак, 11:10
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Міжнародныя назіральнікі зафіксавалі 34 парушэнні

6
Міжнародныя назіральнікі зафіксавалі 34 парушэнні

Група назіральнікаў ад АБСЕ і Рады Еўропы падала вынікі маніторынгу «прэзідэнцкіх выбараў».

Ранейшыя шэсць прэзідэнцкіх і парламенцкіх «выбараў» у выніках такіх маніторынгаў былі ацэненыя як неадпаведныя абавязанням АБСЕ.

Паводле справаздачы, «Беларусь яшчэ павінна прайсці доўгі шлях да выканання сваіх абавязанняў у правядзенні дэмакратычных выбараў». Было адзначана, што назіральнікі не маюць магчымасці назіраць за верыфікацыяй подпісаў за вылучэнне ў кандыдаты, за падрахоўваннем вынікаў «выбараў». Выбаркамы маюць права абмежаваць доступ назіральнікаў на сваё жаданні. У палове выпадкаў назіральнікам не далі доступу да спісу выбаршчыкаў, часам да працэдуры «падліку» галасоў.

«Радыё Свабода» пералічвае некаторыя парушэнні, адзначаныя ў справаздачы міжнародных назіральнікаў:

- Нарматыўна-прававая база не змянілася істотна, праўкі ў Выбарчы кодэкс 2013 і 2014 гадоў (унесеныя без публічнага абмеркавання) не ўлічылі ключавыя рэкамендацыі АБСЕ і іншых, у тым ліку рэкамендацыі наконт незбалансаванасці выбарчых камісій і працэдуры датэрміновага галасавання.

- Абмежаванне свабоды слова наконт заклікаў да зрыву, скасавання або пераносу выбараў, крыміналізацыя паклёпу і абразы ўлад.

- Адсутнасць празрыстых крытэрыяў дабору чальцоў тэрытарыяльных і дзялянкавых выбарчых камісій. Фармаванне гэтых камісій засталося ў кампетэнцыі мясцовай улады.

- Адсутнасць адзінага спісу выбаршчыкаў, што не дазваляе засцерагчыся ад шматразовай іх рэгістрацыі. Выбаршчыкаў можна рэгістраваць у пунктах у дзень галасавання, што не дае дастатковай юрыдычнай абароненасці.

- Высокапастаўленыя чыноўнікі агітавалі за Аляксандра Лукашэнку ў працоўны час, у некаторых выпадках - на дзяржаўных прадпрыемствах. Некаторыя грамадскія аб'яднанні і арганізацыі, якія фінансуюцца дзяржавай, агітавалі за Лукашэнку.

- Фінансавыя справаздачы кандыдатаў не былі выкладзеныя ў адкрыты доступ, не было патрабаванняў аб аўдыце, што не забяспечыла дастатковую празрыстасць фінансавання перадвыбарнай кампаніі.

- Некаторыя дзяржаўныя СМІ асвятлялі выбарчую кампанію з пасланнямі на карысць Аляксандра Лукашэнкі, ён быў найбольш прыкметнай постаццю дзякуючы асвятленню ягонай дзейнасці як службовай асобы.

- Немагчымасць абскардзіць некаторыя пастановы выбаркамаў, у тым ліку канчатковыя вынікі. Абмежаванае кола асоб, якія маюць права падаць скаргу.

- У шэрагу выпадкаў заяўлены прыход не адпавядаў колькасці подпісаў у спісе выбаршчыкаў. На 47 пунктах выяўленыя меркавана аднолькавыя подпісы.

- На 22 пунктах заўважаныя прыкметы ўкідвання туды бюлетэняў.

- З 2001 года ў Беларусі не было зарэгістравана ніводнай новай палітычнай партыі, што супярэчыць параграфу 7.6 Капенгагенскага дакумента АБСЕ 1990 года.

- Траціна працэдур падліку галасоў, за якімі вялося назіранне, атрымалі дрэнную або вельмі дрэнную ацэнку з прычыны значных праблем. Чвэрць працэсаў падрахоўвання вынікаў атрымала негатыўную ацэнку.

- БДІПЧ назірала за шасцю апошнімі выбарамі, і ўсе яны былі ацэненыя як не адпаведныя абавязанням АБСЕ.

- Ні адзін з шасці асуджаных кандыдатаў у прэзідэнты на выбарах 2010 года не быў рэабілітаваны. Права балатавацца абмежаванае папярэдняй крымінальнай асуджанасцю; такія дзеянні, як удзел у несанкцыянаваных акцыях, могуць прычыніцца да аднаўлення выканання прысуду.

- Выбарчы кодэкс забараняе сяброўства ў выбарчых камісіях кіраўнікоў мясцовых выканаўчых і адміністрацыйных органаў. Але іншыя прадстаўнікі кіраўніцтва гэтых органаў - такія, як намеснікі старшыняў, начальнікі аддзелаў, - займалі кіроўныя пасады ў некаторых тэрытарыяльных камісіях або кіравалі іх працай.

- У склад тэрытарыяльных і дзялянкавых камісій была прызначаная мізэрная колькасць прадстаўнікоў апазіцыі, ніводзін з іх не быў прызначаны на кіроўную пасаду. Іхнія скаргі на адмову ва ўключэнні ў склад выбарчых камісій адхіленыя з фармулёўкай «беспадстаўныя».

- Было адзначана, што ініцыятыўная група Лукашэнкі злоўжывала адміністрацыйнымі рэсурсамі ў працэсе збору подпісаў.

- Правілы верыфікацыі подпісаў недакладныя і супярэчаць міжнародным сумленным практыкам. Таксама яны дапускаюць адвольныя пастановы ТВК, якія не могуць быць абскарджаныя.

- Нізкая прысутнасць выбаршчыкаў на большасці агітацыйных мерапрыемстваў сведчыла аб адсутнасці цікавасці грамадскасці да выбараў.

- Практыка перадвыбарчай агітацыі сцерла мяжу паміж перадвыбарнай кампаніяй Лукашэнкі і дзяржавай. Некалькі ягоных давераных асоб былі высокапастаўленымі чыноўнікамі, якія працягвалі ажыццяўляць свае дзяржаўныя функцыі падчас правядзення кампаніі.

- Сход, арганізаваны Міністэрствам абароны, заклікаў усіх цяперашніх і былых вайскоўцаў, а таксама іхнія сем'і, падтрымаць кандыдатуру Лукашэнкі.

- Экзарх Расейскай праваслаўнай царквы ў Беларусі падтрымаў кандыдатуру Лукашэнкі на цырымоніі, дзе былі іншыя духоўныя лідары, прадстаўнікі ўлады, праўрадавых партый і сам Аляксандр Лукашэнка.

- Давераныя асобы Лукашэнкі ладзілі сустрэчы на дзяржаўных прадпрыемствах, што дало яму неправамерную перавагу і супярэчыць параграфу 7.7 Капенгагенскага дакумента АБСЕ 1990 года.

- Арганізатары акцый, на якіх ставілася пад сумнеў легітымнасць выбараў, судом былі аштрафаваныя за правядзенне іх без дазволу.

- Некаторыя дзяржаўныя органы працягваюць практыку засакрэчвання грамадска даступнай інфармацыі, што супярэчыць параграфу 9.1 Капенгагенскага дакумента АБСЕ.

- 22 верасня ЦВК адхіліла запыт журналіста на даванне інфармацыі аб перадвыбарных фондах кандыдатаў, патлумачыўшы, што СМІ не ўпаўнаважаныя атрымліваць гэтую інфармацыю.

- Папярэднія высновы мэдыяманіторынгу сведчаць аб значна большым асвятленні дзейнасці Лукашэнкі. За перыяд з 7 верасня да 7 кастрычніка дзяржаўнае радыё і тэлевізія прысвяцілі 47% свайго палітычнага вяшчання Лукашэнку, 9% - Караткевіч, па 7% - Гайдукевічу і Улаховічу.

- Большасць скаргаў у ЦВК былі адхіленыя на фармальных падставах ці як неабгрунтаваныя. Разгляд скаргаў не заўсёды быў празрысты.

- Блізу дзвюх трацін усіх акрэдытаваных грамадзянскіх назіральнікаў прадстаўлялі грамадскія аб'яднанні, якія фінансуюцца дзяржавай (ФПБ, БРСМ, «Белая Русь»).

- Дрэнная якасць пячатак і скрынь часам ставіла пад сумнеў бяспеку бюлетэняў пры датэрміновым галасаванні.

- На чатырох адсотках пунктаў назіральнікі адзначылі невыкананне таямніцы галасавання.

- У 50% выпадкаў назіральнікам было адмоўлена ў праверцы спісаў выбаршчыкаў, і ў некаторых выпадках яны не маглі бачыць працэдуру датэрміновага галасавання.

- Падлік галасоў атрымаў негатыўную ацэнку назіральнікаў. 30% працэдур падліку галасоў былі ацэненыя як дрэнныя або вельмі дрэнныя.

- Толькі адзін кандыдат публічна крытыкаваў Лукашэнку, што дало выбаршчыкам абмежаваны выбар.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках