29 сакавiка 2024, Пятніца, 11:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Са скрыняў для датэрміновага галасавання ў Берасці зніклі бюлетэні

4
Са скрыняў для датэрміновага галасавання ў Берасці зніклі бюлетэні

Назіральнікі Дзяніс Турчаняк і Сяргей Вакуленка просяць пракуратуру Берасця правесці праверку і распачаць крымінальную справу паводле фактаў падробкі выбарчых бюлетэняў.

На іх думку, парушэнне адбылося на выбарчых участках №60 і 53 Маскоўскага раёна Берасця. Адпаведную заяву яны накіравалі ў пракуратуру 12 кастрычніка.

Як паведаміў БелаПАН Турчаняк, назіральнікам удалося ўстанавіць факты ўскрыцця скрыняў для датэрміновага галасавання дзякуючы спецыяльнай схеме. Сутнасць яе ў наступным: падчас датэрміновага галасавання выбаршчыкі прыходзілі на ўчастак, але замест бюлетэня апускалі ў скрыню чыстыя лісты паперы, а бюлетэні выносілі з сабой. Такім чынам, пры распячатванні скрыні для датэрміновага галасавання ў ёй павінны былі ляжаць лісты паперы, а бюлетэняў павінна было бракаваць.

Аднак на двух участках лісты паперы былі замененыя бюлетэнямі, у якіх галасы былі аддадзеныя за аднаго з кандыдатаў. Гэта даказвае, што скрыня для датэрміновага галасавання раскрывалася. Са слоў Турчаняка, сёння можна казаць пра падмену як мінімум пяці бюлетэняў.

«Усё вельмі проста, і гэта працуе, - адзначыў Турчаняк. - Гэта спрацавала і на ўчастку №60, на якім галасаваў я. Я прагаласаваў датэрмінова, бюлетэнь забраў з сабой, а ў скрыню для галасавання кінуў звычайны лісток паперы. Заўважу, што не толькі я адзін прарабіў гэта: толькі на ўчастку №60 такое зрабілі яшчэ некалькі чалавек, якія аддалі мне свае бюлетэні. У выніку ў мяне на руках знаходзіцца чатыры бюлетэні, якія мне аддалі мае знаёмыя».

Аднак, са слоў назіральніка, 11 кастрычніка падчас падліку галасоў і раскрыцця скрыні для датэрміновага галасавання была ўстаноўленая адсутнасць толькі аднаго бюлетэня. Да таго ж у скрыні не выявілася чатырох чыстых лістоў паперы, хоць яны павінны былі там знаходзіцца.

«Гэта можа сведчыць толькі аб адным: хтосьці памяняў паперу ў скрыні на бюлетэні і аддаў галасы за нейкага кандыдата, - рэзюмаваў Турчаняк. - Уважаю гэта за падробку дакументаў на выбарах, уважаю гэта за крымінальна каральнае дзеянне. Адказнасць за гэта прадугледжваецца артыкулам 192 Крымінальнага кодэкса».

Як паведаміў Турчаняк, два падобныя выпадкі з падменай бюлетэняў мелі месца і на выбарчым участку №53 Маскоўскага раёна Берасця, дзе галасаваў яшчэ адзін актывіст руху «За Свабоду» Сяргей Вакуленка.

«Усяго такі эксперымент мы праводзілі на трох участках, і на адным з іх пры падліку галасоў былі зафіксаваныя лісты паперы. Сёння мы можам казаць чаму - як стала вядома, у другі дзень датэрміновага галасавання назіральнік з АБСЕ сфатаграфаваў пячатку на скрыні для датэрміновага галасавання. Мабыць, на гэтым участку пастанавілі не рызыкаваць і не адчыняць скрыню паўторна», - адзначыў Турчаняк.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках