26 красавiка 2024, Пятніца, 0:53
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Шэсць парад аб тым, як даверыць ваш рамонт іншым людзям

5
Шэсць парад аб тым, як даверыць ваш рамонт іншым людзям

Рамонт кватэры патрабуе шмат часу і ладнага клопату - узгадненне дазволаў, выбар і купля аздобных матэрыялаў, пошук майстроў і кантроль за іхняй працай.

DELFI прапануе 6 практычных парад для паспяховай арганізацыі рамонтных работ.

1. Праверце, каго ўпускаеце ў сваю кватэру

Упускаючы пабочнага чалавека ў кватэру, спачатку абавязкова пераканайцеся ў ягоных прафесійных і чалавечых якасцях. Добра, калі майстра параілі добрыя сябры, але калі вы знайшлі яго ў інтэрнэце, карысна будзе пачытаць водгукі іншых кліентаў. Папярэдне пераканаўшыся, што ён ведае сваю справу і выконвае работы ў тэрмін, трымае слова, не схільны да шкодных звычак накшталт курэння на працоўным месцы, вы пазбавіце сябе ад шмат якіх непатрэбных турбот!

2. Вывучыце рынкавую прапанову

Выбіраючы ламінат, шпалеры, плітку, дзверы ды іншыя аздобныя матэрыялы, параўнайце некалькі прапаноў, не хапайце першае-лепшае. Кватэру мы рамантуем надоўга, таму і матэрыялы патрэбныя якасныя, не кажучы ўжо пра тое, што нікому не хочацца пераплачваць! І адным з найлепшых месцаў для параўнання прапаноў і кансультацый з прафесіяналамі з'яўляецца выстава. Да таго ж тут вы знойдзеце найноўшыя калекцыі і атрымаеце прывабныя зніжкі.

3. Кожнай справе сваю чаргу

Каб унікнуць залішніх турбот і выдаткаў, важна выконваць паслядоўнасць рамонтных работ. Пачынаць заўсёды варта з "брудных" спраў, напрыклад, з афарбоўкі сцен, і толькі потым слаць падлогавае пакрыццё. Бо крыўдна ж будзе запэцкаць фарбай плітку коштам 50 еўраў за квадратны мэтар. Мудры плаціць адзін раз!

4. Не лянуйцеся ўдавацца ў драбніцы

Кожны майстар, як бы ён ні быў прафесійны, схільны хутчэй скончыць працу і перайсці на новы аб'ект. Таму не выключана, што ён стане раіць матэрыялы, якія патрабуюць меншай працы, хутчэй сохнуць, цвярдзеюць ды інш. Таму ў вашых жа інтарэсах ведаць не толькі ўласцівасці выбраных матэрыялаў, але і працэс працы ў цэлым. Лепш за ўсё пра прадукт і яго якасці раскажуць яго вытворцы і прадаўцы, з якімі вы зможаце грунтоўна пагутарыць проста на выставе. І калі ўжо вы наважылі паслаць паркет, што патрабуе больш часу і працы, не адступайце і не дазваляйце майстру сябе пераканаць, што лепшым варыянтам будзе іншае, не такое працаёмістае пакрыццё для падлогі!

5. Арліным вокам сочыце за працэсам

Якім бы добрым ні быў майстар, нястомна сочыце за ягонай працай, каб канчатковы вынік вас не расчараваў. Нават з найлепшых матываў майстар можа змясціць разеткі на некалькі сантыметраў вышэй або пафарбаваць сцяну не ў тры, а ў два пласты. Таму лепш за ўсё скласці падрабязны план і рэгулярна спраўджваць яго выкананне з майстрам. І не забывайце фіксаваць этапы рамонтных работ на фота ці відэа, каб у выпадку супярэчнасцяў мець рэчыўныя довады. На ўсялякі выпадак.

6. Застрахуйце рамонтныя работы

Расчынаючыся з рамонтам, не забывайце дапоўніць стандартнае страхаванне кватэры страхаваннем рамонтных работ. Адна-адзіная птушачка ў страхавой дамове ў пэўным выпадку зэканоміць вам сотні, калі не тысячы еўраў. Бо ніколі нельга да канца прадугледзець усё - а раптам падчас рамонту вада з трубы залье вашу або суседскую кватэру.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках