28 сакавiка 2024, Чацвер, 20:35
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Праваабаронцы і назіральнікі распавялі ў Вільні аб «выбарах» у Беларусі

3
Праваабаронцы і назіральнікі распавялі ў Вільні аб «выбарах» у Беларусі

«Выбары» у Беларусі прайшлі з парушэннямі, яны не адпавядаюць міжнародным стандартам, непразрыстыя і несвабодныя.

Гэта падчас прэс-канферэнцыі ў Беларускім доме правоў чалавека ў Вільні канстатавалі беларускія назіральнікі, паведамляе charter97.org.

«Выбары пачаліся ў досыць неспрыяльных варунках, у сітуацыі з працягам рэпрэсій, наяўнасці палітычных зняволеных і масавых чыннікаў пераследу журналістаў», - сцвярджаў прадстаўнік кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Уладзімір Лабковіч.

Паводле ягоных слоў, толькі пад жнівень, гэта значыць пад пачатак агітацыйнай кампаніі, улады адмовіліся ад дырэктыўных рэпрэсій, вызвалілі палітвязняў і спынілі пераслед журналістаў, грамадзянскіх і палітычных актывістаў.

Падрахоўваючы вынікі назірання за выбарамі, Лабковіч сказаў, што агулам выбарчы працэс не адпавядае шэрагу ключавых міжнародных стандартаў правядзення дэмакратычных свабодных выбараў.

Кіраўнік Беларускага Хельсінскага камітэта Алег Гулак дадаў, што вынікам давяраць нельга, што была процьма скаргаў, а людзей прымушалі галасаваць датэрмінова.

«На ўсіх этапах выбарчай кампаніі ўсе значныя працэсы і працэдуры не былі ў дастатковай ступені празрыстымі. Сама ж працэдура падліку галасоў, паводле адпрацаванай раней практыкі, адбывалася такім чынам, што не толькі назіральнікі, але і большасць чальцоў камісій не могуць быць упэўненыя, што падпісаныя імі вынікі адпавядаюць бюлетэням», - казаў ён.

«У нас адбываецца шмат падмен паняткаў, і гэта ўжо людзям не коле вочы, - заявіў Гулак. - Калі іх так падштурхоўваюць да ўдзелу ў выбарах, фактычна пазбаўляючы магчымасці рабіць свабодны выбар».

«Сістэма проста не ўмее рабіць па-іншаму, калі яна будзе рабіць па-іншаму, то яна не зможа выканаць сваю функцыю. Таму ўсе абяцанні з высокіх трыбун застаюцца абяцаннямі, а далей усё ідзе па старой каляіне. Чарговы раз сістэма прадэманстравала, што ў яе няма магчымасці паляпшацца», - дадаў Алег Гулак.

Прадстаўнік кампаніі «Права выбару», якая вяла назіранне за працэсам галасавання на ўсіх яго этапах, Дзяніс Садоўскі заявіў, што яны не маглі прыняць іншай пастановы, акрамя як непрызнанне вынікаў выбараў.

«У гэтай выбарчай кампаніі знайшлі сваё адлюстраванне ўсе негатыўныя практыкі, якія раней былі аб’ектам крытыкі як нацыянальных, такі міжнародных назіральнікаў. Беларускія ўлады не скарысталіся магчымасцямі, і мы не зафіксавалі момантаў, якія б казалі пра прагрэс у пытанні правядзення выбараў дэмакратычна і свабодна», - сцвярджаў ён.

Садоўскі адзначыў, што ў тэрытарыяльных і ўчастковых выбарчых камісіях прадстаўнікоў апазіцыі практычна не было.

«Ва ўчастковых выбаркамах, якія лічаць галасы, колькасць іхняя - 73 000 чалавек, з іх прадстаўнікоў дэмакратычнай апазіцыі было блізу 40 чалавек, г.зн. 0,05% ад агульнай колькасці. Пра якую празрыстасці выбараў можна казаць пры такім фармаванні камісій?» - здзіўляўся ён.

Калі казаць пра збор подпісаў за кандыдатаў, то ён праходзіў параўнальна свабодна, казаў Дзяніс Садоўскі, аднак і тут яны зафіксавалі «масавае выкарыстанне адміністрацыйнага рэсурсу пры зборы подпісаў за дзейнага прэзідэнта».

«Сама працэдура праверкі таксама выклікае пытанні, яна абсалютна непразрыстая, назіральнікі і грамадства не маюць доступу да гэтага, і фактычна рэгістрацыя або нерэгістрацыя кандыдата ўскладзеная толькі на дзейныя ўлады», - мяркуе Садоўскі.

Паводле ягоных слоў, змены ў заканадаўстве перад выбарамі, якія скасавалі дзяржаўнае фінансаванне кандыдатаў, калі ў выніку кожны кандыдат мусіў сам фармаваць свой бюджэт, прычыніліся да таго, што Лукашэнка меў максімальныя рэсурсы для правядзення кампаніі, а, да прыкладу, кандыдатка Таццяна Караткевіч, «улічваючы велізарны страх людзей падтрымліваць апазіцыю», за ўсю кампанію сабрала 1000 еўраў.

«За такія сродкі, натуральна, правесці агітацыйную кампанію немагчыма», - упэўнены ён.

Акрамя таго, кажучы пра падлік галасоў, Садоўскі адзначыў масавую маніпуляцыю з прыходам - «больш чым на палове дзялянак, дзе мы праводзілі назіранне, прыход быў сфальсіфікаваны».

«Людзей не было, але яны прыпісваліся і так накручваўся прыход. Разбежнасць з прыходам фіксаваліся як у Менску, так і ў рэгіёнах. Кампаніяй «Права выбару» было складзена больш за 1000 скаргаў, з іх 509 было ў дзень выбараў, і збольшага яны тычыліся падліку галасоў, які расчараваў як міжнародных назіральнікаў, так і нацыянальных. Былі заявы Лукашэнкі аб празрыстасці падліку галасоў, але мы гэтага не зафіксавалі» - падкрэсліў ён.

Назіральнікі, паводле ягоных слоў, былі пазбаўленыя магчымасці здзяйсняць рэальны кантроль за падлікам галасоў.

У дзень выбараў кампанія «Права выбару» фіксавала сур'ёзныя маніпуляцыі з галасаваннем дома.

«Калі сябры камісіі абвясцілі, што ў Віцебску 777 чалавек запісаліся галасаваць дома, 503 чалавекі ў Оршы, толькі на адной дзялянцы ў Полацку 491 чалавек запісаўся. Мы падлічылі, колькі, да прыкладу, у Оршы камісіі спатрэбілася часу, каб абысці ўсіх людзей. Ім спатрэбілася 4 гадзіны 50 хвілін, што на аднаго чалавека складае 1 хвіліна 10 секунд. Гэта проста вокамгненны абыход людзей. Вядома, навошта гэта робіцца, і якія вынікі запісаныя ў пратаколах камісіі», - сцвярджаў Дзяніс Садоўскі.

Таксама, з ягоных слоў, іхнія назіральнікі не былі ў пунктах дапушчаныя да пратаколаў, яны не вывешваліся.

«У такіх варунках наша кампанія не магла прыняць іншай пастановы, акрамя як непрызнання вынікаў выбараў», - падсумаваў ён.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках