26 красавiка 2024, Пятніца, 2:06
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

The Forbes: Сірыя можа стаць для Пуціна ягоным Ватэрлоа

7
The Forbes: Сірыя можа стаць для Пуціна ягоным Ватэрлоа

Ёсць усе падставы сцвярджаць, што Расея патрапіла ў блізкаўсходнюю пастку.

Аб гэтым піша аналітык выдання The Forbes Мелік Кайлан (пераклад - Иносми.ру).

Такім чынам, расейцы пачалі наносіць авіяўдары ў Сірыі па пазіцыях сіл, якія выступаюць супраць Асада. Каб апраўдаць інтэрвенцыю Масквы, Уладзімір Пуцін у Нью Ёрку ўшчунуў ЗША ды іх хаўруснікаў за іх некампетэнтныя дзеянні на Блізкім Усходзе і ў Лібіі. У адказ заходнія СМІ ў паніцы пачалі званіць паўсюль, дзе можна, пра крах палітыкі Барака Абамы, пра пагрозу Ізраілю, небяспеку з'яўлення новых натоўпаў уцекачоў і шмат што іншае. Як жа ва ўсім гэтым разабрацца?

Пачнем з простага факту ўварвання Расеі ў Сірыю. Здзіўленне, узрушэнне, жах у навінавых агенцтвах. І ўсё ж, калі так, нас павінна здзіўляць толькі тое, што гэта адбылося толькі цяпер, а не нашмат раней. Я не раз пісаў з гэтай нагоды, што расейска-сірыйская стратэгія вельмі падобная да пуцінскай палітыку ў другой чачэнскай вайне канца 1990-х. Вось нататка за чэрвень мінулага года (прычым, не першая), у якой я пішу і падаю цытаты пра тое, што Башар Асад наўмысна прыяў росту ўплыву ІДзІЛ. У гэтай публікацыі я кажу, што «гэтыя ваенныя хітрыкі Асада неяк падазрона нагадваюць тое, што адбывалася ў Чачні ў 1990-я гады, калі джыхадысты праніклі ў шэрагі чачэнскіх паўстанцаў і ўзялі на сябе іхнюю барацьбу за незалежнасць, чынілі розныя крывавыя злачынствы і адштурхнулі ад сябе сусветную грамадскасць. Гэта дазволіла Пуціну ўжыць супраць іх дывановыя бамбаванні, не звяртаючы ўвагі на мноства невінаватых людзей. Пасля гэтага ваеўнікі, як і належыць, падзяліліся на варожыя групоўкі». Асад амаль ніколі не бамбаваў ІДзІЛ, аддаючы перавагу нападам на больш памяркоўныя арганізацыі, а цяпер і расейцы пачалі рабіць тое ж самае.

Фактычна Пуцін наважыў, што надышоў зручны момант, каб замкнуць пасткі, якія ён цярпліва расстаўляў: раскалоць паўстанцаў на супрацьлеглыя лагеры, дазволіць выйсці на першы план экстрэмістам, якіх не падтрымлівае сусветная грамадскасць, ізаляваць памяркоўныя групоўкі, выключыўшы іх з удзелу ў працэсе, а затым цалкам знішчыць апазіцыю. Чаму цяпер? Ягоныя наступальныя дзеянні ва Украіне прыпыненыя. Эканоміка ў ягонай краіне знаходзіцца ў хісткім становішчы, і ад гэтага трэба адцягнуць увагу. Асад катастрафічна здае пазіцыі. Але найперш зніжэнне напружанасці паміж ЗША і Іранам пагражае парушыць усе планы Масквы ў дачыненні да ўсіх азіяцкіх краін у яе блізкім замежжы. Зірніце на карту. Калі Іран зблізіцца з Захадам, цалкам зменіцца расстаноўка сіл на шахматнай дошцы. Каўказ - ад Азербайджана да Грузіі і далей на поўнач - будзе адкрыты ўсяму свету. За гэтымі каўказскімі краінам рушыць следам Арменія. Далей на ўсходзе нафта і газ з Цэнтральнай Азіі ўжо не будуць мець геаграфічнай прывязкі і пацякуць праз Іран на Захад, сарваўшы ўсе планы ШАС і Кітая, паводле якіх кантраляваць развіццё рэгіёну павінны дзве супердзяржавы. Затое былыя сярэднеазіяцкія рэспублікі Савецкага Саюза скінуць векавечнае ярмо і будуць развівацца, маючы больш шырокую аўтаномію - што стане катастрофай для імперскіх амбіцый расейцаў. З XIX стагоддзя і дагэтуль Расея ніяк не жадала аслабіць свой кантроль над краінамі ў сябе ў тыле, нягледзячы на рэвалюцыі, войны і гады халоднай вайны. Менавіта так могуць сабе дазволіць думаць і планаваць на перспектыву маналітныя дзяржавы - іх з кожным днём не даймаюць, не адцягваюць і не збіваюць з абранага шляху ні вольная прэса, ні гуманітарныя крызісы ці сумленныя выбары. Яны апантаныя толькі ўладай.

Цікавую дадатковую тактычную асаблівасць усяго гэтага сцэнару адзначае нястомны Майкл Вайс ў The Daily Beast. Вайс таксама на працягу некалькіх гадоў паказваў на дачыненне Асада да ІДзІЛ. У сваім апошнім запісе ён падрабязна тлумачыць, як КГБ перапраўляе чачэнскіх экстрэмістаў з Расеі ў Сірыю, дзе яны ўступаюць у шэрагі ІДзІЛ або падобных арганізацый - такім чынам гэтыя экстрэмісты пакідаюць чыніць непарадкі на расейскім Каўказе і дапамагаюць уносіць раскол у шэрагі сірыйскай апазіцыі. Гэтыя метады далёка не новыя. Згадваю, як на постсавецкім этапе грамадзянскай вайны ў Афганістане - да таго, як туды прыйшлі амерыканцы - кіраўнік Паўночнага альянсу Ахмад Шах Масуд, які пасля быў забіты, увесь час скардзіўся на тое, што яны часта захопліваюць у палон «кітайскіх» зняволеных, якія ваююць на баку талібаў. Напраўду гэта былі уйгуры з Сіньцзян-Уйгурскага аўтаномнага раёна - незадаволеныя мусульмане, якіх кітайскія ўлады перапраўлялі ў Пакістан, а той пасылаў іх ваяваць на баку «Талібану».

Але вернемся да галоўнага сцэнару: пуцінскі гамбіт у Сірыі з'яўляецца ківам для Ірана - будзьце лаяльныя ў дачыненні да Масквы, і шыіцкі паўмесяц зноў будзе дзейны: Іран, Ірак, Сірыя, «Хезбала». Тэгерану больш не давядзецца рабіць стаўку на ЗША. З пункту гледжання Масквы ядзернае пагадненне Тэгерана з ЗША не павінна, ні ў якім разе не павінна прывесці да пераарыентацыі Ірана на Захад. Цэнтральную Азію трэба лакалізаваць і стрымліваць. Ні Масква, ні Пекін ані не сумняюцца ў тым, якая ідзе стратэгічная гульня. Як і Савудаўская Арабія. «Савудаўскі чыннік» - яшчэ адна з прычын таго, што Пуцін пачаў дзейнічаць менавіта цяпер. Як я ў агульных рысах апісаў у нядаўнім артыкуле, савудыты ўвесь жнівень сустракаліся з Пуціным, але ўсё-ткі наважылі пагадзіцца з ядзернай угодай, укладзенай прэзідэнтам Абамам з Іранам. Несумненна, савудыты рабілі Пуціну выгадныя прапановы, абяцаючы ўзняць кошт нафты ці пакінуць падтрымліваць чачэнскіх сепаратыстаў. Без усякага сумневу, савудыты наўзамен прасілі адхіліць ад пасады Асада, але атрымалі катэгарычную адмову. І Крэмль пайшоў ва-банк, накіраваўся ў Сірыю.

Падобна да таго, толькі Вашынгтон збянтэжаны і збіты з панталыку ў дачыненні да сапраўдных матываў Пуціна. Менавіта пра гэта людзі з Дзярждэпу кажуць на публіцы, хоць, калі шчыра, гучыць гэта вельмі нязграбна. Прэзідэнт Абама выслухаў шмат крытыкі і вытрымаў мноства нападаў дзеля ўкладання ядзернага пагаднення з Іранам. І, напэўна, у яго былі вельмі сур'ёзныя прычыны намагчыся свайго. Яго кансультавалі па-сапраўднаму разумныя, праніклівыя і годныя павагі спецыялісты ў замежнай палітыцы, ветэраны - такія як Уільям Луэрс і Томас Пікерынг. Калі ва ўрада ЗША наогул яшчэ захавалася добрая калектыўная памяць у геастратэгічных справах, ён застанецца верным менавіта такім прафесіяналам, якія эфектыўна працавалі на працягу некалькіх дзясяткаў гадоў халоднай вайны. Бо найперш менавіта яны прапанавалі ідэю іранскага дэмаршу з прыняццем стратэгічнага дакумента і стварэннем сайта «Іранскі праект». Без усякага сумневу, яны бачылі сітуацыю ва ўсіх дэталях.

І калі іх таксама здзівіў пуцінскі гамбіт, то дзівавацца яны павінны найперш ягонай неразважлівасці. На працягу 10 гадоў, пакуль ішлі войны ў Іраку і Афганістане, ён назіраў за нерашучасцю, марудлівасцю і памылкамі Захаду і карыстаўся гэтым. Ён, вядома ж, памятае «лебядзіную песню» Савецкага Саюза ў Афганістане. Ён выдатна ведае, што бомбавыя ўдары не прыносяць асаблівых вынікаў у наземнай вайне. Было б вар'яцтвам, калі б ён увёў войскі, спрабуючы ўтрымаць Украіну, Абхазію, Паўднёвую Асецію, Чачэнію ды іншыя краіны, размешчаныя ля меж Расеі. Так, вы можаце заявіць, што ўмяшанне Расеі ўмацуе саслабелы баявы дух шыіцкіх войскаў на полі бою - іранскага, ірацкага, ўрадавага войска Асада, «Хезбалы» і да гэтага падобных, і яны пойдуць у бой. Але гэта было б вялікай памылкай. Калі Расея пачне ваяваць у Сірыі, у Захада пакрысе знікне стымул стрымліваць ІДзІЛ або іх апекуноў у раёне Персідскай затокі і міжнародную плынь легіянераў-сунітаў. Еўропа і ЗША (а таксама Ізраіль!) імгненна пакінуць для іх быць ворагамі. Гісторыя вернецца ў 1980-я гады, калі слова «джыхад» азначала вайну супраць Расеі ў Афганістане. У Сірыі гісторыя здзейсніла поўны цыкл і вярнулася ў той пункт, адкуль усё і пачалося. Таму ёсць усе падставы сцвярджаць, што калі хтосьці і трапіў у пастку, то гэта расейцы.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках