25 красавiка 2024, Чацвер, 22:02
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Украінцы аб вайсковай базе ў Бабруйску: Гэта можа дорага каштаваць і нам, і беларусам

5
Украінцы аб вайсковай базе ў Бабруйску: Гэта можа дорага каштаваць і нам, і беларусам

Ва Украіне пільна сочаць за сітуацыяй з расейскай вайсковай базай, якую плануюць размясціць у Беларусі.

Падрабязнасцяў аб гэтай авіябазе мінімум - ні расейская, ні беларуская старана дагэтуль не даюць ніякай афіцыйнай канкрэтыкі. Таксама не дэкларуецца, колькі самалётаў будзе там базавацца, якія гэта будуць самалёты і колькі асабовага складу мяркуецца даслаць у Беларусь. Афіцыйны Кіеў неаднаразова заяўляў, што расейская авіяцыя можа наносіць ўдары з тэрыторыі Беларусі і па аб'ектах на тэрыторыі Украіны.

Украінскі карэспандэнт «Радыё Рацыя» Марцін Война апытаў жыхароў памежнага з Беларуссю Чарнігава: што вы думаеце пра расейскую вайсковую базу ў Беларусі?

Алена Ігараўна, настаўніца малодшых класаў: «Мяркую, ўсё, што тычыцца расейскіх вайскоўцаў, можа мець пагрозу не толькі для Украіны, але і для тых дзяржаў, на тэрыторыі якіх будзе знаходзіцца такі вайсковы аб'ект. Нельга верыць ні абяцанням расейцаў, ні іхным гарантыям. Беларускі дыктатар робіць вялікую памылку, і гэта можа дорага каштаваць і беларусам, і іх суседзям».

Уладзімір Мікалаевіч, адстаўны вайсковец: «Стварэнне расейскай базы ў Беларусі мае дзве мэты. Па-першае - паказаць Еўропе сваю вайсковую моц. Маўляў, цяпер нашая база блізка да вашай мяжы, і нам лягчэй будзе вас бамбаваць. Другі кірунак - стварыць пагрозу для Кіева з поўначы. Бо да Кіева там зусім блізка. Таму яны так і робяць. Палітыка - не адная хваля, тут шмат нюансаў».

Ірына, касірка ў прадуктовай краме: «На маю думку, узровень тэхнікі цяпер такі, што калі будзе поўнамаштабнае ўварванне расейцаў ва Украіну, то гэта авіябаза ў Беларусі не паўплывае. Нас будуць знішчаць рознымі «Градамі», «Ураганамі» і гэтак далей. Калі была вайна на Данбасе, там выкарыстоўвалася розны ўзбраенне, акрамя бамбавальнай авіяцыі. Напэўна, не было каманды. Калі будзе каманда - яны прыляцяць і з Саратава, і з Акцюбінска, і з Масквы - незалежна, будзе ў Беларусі тая база ці яе не будзе».

Дзмітрый Мамчур, палітолаг: «Стварэнне расейскай базы ў Беларусі - гэта перш за ўсё знак. Знак чаго? Узаемнай любові беларускай і расейскай палітычных элітаў з перадачай расейцам пэўных функцый. Як калісьці манголам патрэбныя былі апорныя пункты ўздоўж Вялікага шаўковага шляху, так і расейцам патрэбныя базы. Гэта, як сцяжок - маўляў, нашая тэрыторыя, мы тут маем пэўную колькасць расейскіх штыкоў. Вайсковыя базы вельмі рэдка арганізуюцца толькі для таго, каб пагражаць камусьці аднаму. Вайсковыя базы заўсёды шматфункцыянальныя. А расейскую базу ў вашай краіне можна выкарыстоўваць і для пашырэння ўплыву ў той жа самой Беларусі. А таксама - і для дадатковага ціску на Менск».

Пагадненне аб расейскай вайсковай базе ў нашай краіне будзе дзейнічаць на працягу 15 гадоў i аўтаматычна працягваецца кожныя пяць гадоў, пры ўмове згоды расейскага і беларускага боку.

Нагадаем, што сёння на плошчы Свабоды ў Менску а 17 гадзіне пачнецца акцыя супраць расейскіх вайсковых баз у Беларусі.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках