25 красавiка 2024, Чацвер, 22:53
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Міжнародны валютны фонд: ВУП Беларусі ўпадзе на 3,6%

1
Міжнародны валютны фонд: ВУП Беларусі ўпадзе на 3,6%

МВФ прагназуе, што зніжэнне ВУП Беларусі будзе большым, чым чакалася раней.

Згодна з новай ацэнкай фонду, ВУП Беларусі ў 2015 годзе можа знізіцца на 3,6%. Новы прагноз МВФ прыводзіцца ў кастрычніцкай справаздачы фонду World Economic Outlook, паведамляе БелаПАН.

Экспэрты фонду таксама чакаюць, што ў 2016 годзе рэцэсія ў беларускай эканоміцы захаваецца, і ВУП краіны знізіцца на 2,2%. Праз пяць гадоў, прагназуюць аналітыкі фонду, магчыма ажыўленне эканамічнай актыўнасці - рост ВУП у 2020-м чакаецца на ўзроўні 1,6%.

Інфляцыя ў Беларусі, гаворыцца ў справаздачы МВФ, у 2015 годзе чакаецца 16,9% (нагадаем, у 2014-м годзе спажывецкія кошты ў краіне выраслі на 16,2%). У 2017 годзе, мяркуюць экспэрты фонду, інфляцыйныя працэсы ў Беларусі некалькі замарудзяцца - рост спажывецкіх коштаў чакаецца на ўзроўні 12,3%.

Пры гэтым МВФ прагназуе, што дэфіцыт рахунку існых аперацый плацежнага балансу Беларусі складзе ў 2015 годзе 4,9% ВУП, у 2016-м - 4,3% ВУП, у 2020-м - 4,1% ВУП.

Варта адзначыць, што ў параўнанні з красавіцкай ацэнкай прагноз дэфіцыту існага рахунку плацежнага балансу Беларусі МВФ адкарэктаваў у бок паляпшэння (у красавіку МВФ чакаў, што дэфіцыт рахунку існых аперацый складзе ў Беларусі 7% да ВУП). Палепшаны таксама прагноз інфляцыі - у красавіку фонд чакаў, што спажывецкія кошты ў 2015 годзе вырастуць на 22,1%.

Аднак цяпер МВФ чакае большага эканамічнага спаду ў Беларусі - нагадаем, у красавіку фонд прагназаваў, што ВУП скароціцца на 2,3% у 2015 годзе.

Як паведамлялася раней, афіцыйны прагноз, зацверджаны беларускімі ўладамі на 2015 год, прадугледжвае рост ВУП на 0,2-0,7%. У студзені-жніўні, паводле звестак Нацыянальнага статыстычнага камітэта Беларусі, ВУП знізіўся на 3,5%.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках