29 сакавiка 2024, Пятніца, 14:43
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Коштавы рубікон: пасля «выбараў» падаражэе ўсё

3
Коштавы рубікон: пасля «выбараў» падаражэе ўсё

Аналітыкі не сумняваюцца ў тым, што павольная дэвальвацыя - неўнікнёная.

Напярэдадні «прэзідэнцкіх выбараў» улады абвясцілі непублічны мараторый на рост коштаў. Але экспэрты перакананыя: пасля апублікавання вынікаў галасавання беларусаў зноў чакае коштавая гонка, паведамляе «Радыё Свабода».

Перш, на думку эканамістаў, падскочаць тарыфы на жыллёва-камунальныя паслугі і праезд у грамадскім транспарце. Згодна з указам Лукашэнкі, штоквартальна кошты павінны індэксавацца ў адпаведнасці з тэмпамі росту намінальнага заробку. Аднак сёлета зроблена ўсё для таго, каб замарозіць даходы - і, адпаведна, да пэўнага часу ўтрымаць кошт «камуналкі».

Між тым у галіновых міністэрствах яшчэ раней агучвалася, што кампенсацыю насельніцтвам камунальных выдаткаў пакрысе выведуць на 100-адсоткавы ўзровень замест цяперашніх 30-40%. Гэтага, дарэчы, патрабуюць і міжнародныя фінансавыя структуры, у якіх Лукашэнка просіць новых крэдытаў.

Аналагічная сітуацыя і з праездам у грамадскім транспарце. Адказныя за галіну даўно наракаюць на стратныя пасажырскія перавозкі, кажучы, што іх кошт павінен быць у два разы вышэйшы. На думку аналітыкаў, наўрад улады наважацца на радыкальныя крокі, абмежаваўшыся ростам на 20-30%. Зрэшты, нават такая карэкцыя наўрад стане выратаваннем - інфляцыя хутка з'ядае дробныя набаўкі.

Былы начальнік управы жыллёвай гаспадаркі Менгарвыканкама, экс-старшыня рады Рэспубліканскага саюза ЖКГ, эканаміст Іван Анташкевіч перакананы, што іншых варыянтаў, як паставіць на «лічыльнік» уласных грамадзян, папросту няма:

«Складана казаць за ўрад, ён арыентуецца ў адпаведнасці са сваімі задачамі. Але ў кожным выпадку курсы бягуць. У Расеі, дзе асноўны наш экспарт, усё дрэнна. Сабекошт пры гэтым прывязаны да даляра, далярызацыя краіны вялізная. Адпаведна, моцна памяншаецца заплата як у жыллёва-камунальнай, так і ў іншых сфэрах гарадской гаспадаркі. Таму грошы неяк і недзе трэба здабываць. За кошт эканомікі - доўга, хоць трэба падцягваць і такім чынам. Таму я ўсё ж схіляюся да таго, што крок за крокам кошты будуць узнімаць. Пагатоў пасля «выбараў» ужо будуць новыя аргументы: можна засланіцца зімовым перыядам, можна нагаварыць пра маразы і г.д. Асабіста я больш схільны думаць, што тарыфы неўнікнёна ўзнімуцца. Далей эканоміку стрымліваць нельга, інакш яна задыхнецца».

Нягледзячы на прагнозы моцнага паслявыбарнага падзення рубля, нават незалежныя экспэрты не бачаць для гэтага аб'ектыўных падстаў. Беларускія грошы шчыльна завязаныя на працэсах у Расеі, аднак кошт нафты, якая мае стратэгічнае значэнне для залежнай ад сыравіны расейскай эканомікі, прыкметна вагаецца, пакідаючы поле для манэўру на фінансавым рынку.

Тым не менш аналітыкі не сумняваюцца ў тым, што павольная дэвальвацыя - неўнікнёная. Да канца года пры адсутнасці эканамічных шокаў і захаванні цяперашняга адмоўнага сальда бягучых рахункаў курс рубля можа адкаціцца да 18 тысяч за даляр. Пры больш адчувальных працэсах, выкліканых наступствамі ўдзелу Расеі ў сірыйскай авантуры, - да 19 тысяч.

Яшчэ адно актуальнае пытанне – ці пацягне за сабой абясцэньванне нацыянальнай валюты рост кошту аўтамабільнага паліва? Дзякуючы вонкавым працэсам, нафтапрадукты на АЗС не даражэюць ўжо некалькі месяцаў. Але нават у «замарожаным» стане беларускі кошт істотна вышэйшы за расейскі і залежыць ён болей не ад ваганняў на сыравінным рынку, а ад маржы нафтаперапрацоўчых заводаў, якую з'ядае інфляцыя. Як кажа эканамічны аглядальнік Аляксандр Герасіменка, у варунках, калі кошт прадукцыі дыктуецца не абставінамі, а дзяржавай, кіравацца рынкавымі законамі не даводзіцца:

«У нас ёсць прадаўцы, ёсць манапалісты - які кошт захоча, такі і паставяць. І куды падзенуцца людзі? Будуць купляць. Увогуле, атрымліваецца пэўны парадокс: тэарэтычна мы не можам сказаць, што ў нас дзяржава-манапаліст, бо ёсць і прыватныя станцыі. Але рынак гэты ўсё адно рэгуляваны, у нас няма вольнага цэнаўтварэння. Калі б яно было вольнае, калі б, зноў жа, былі вольныя пастаўкі нафтапрадуктаў, на нашы АЗС «палілося» бы паліва з той жа Расеі, дзе яно на 30-40% таннейшае. Расейцам выгадна было прадаваць яго нам. І з Еўропы, і ад іншых вытворцаў сюды пайшла б гэтая прадукцыя. Але, паўтаруся, рынак наш рэгуляваны, манапалізаваны, таму тут і не дзейнічаюць рынкавыя законы. Значыць, кошт не фармуецца ў адпаведнасці з умовамі канкурэнцыі. Іншымі словамі, маем сваю спецыфіку, пры якой кошт гэтага тыпу прадукцыі цалкам рэгулюецца дзяржавай».

Прадказваюць экспэрты і «паўзучы рост» кошту прадуктаў харчавання - у такой ступені, каб новыя кошты надта не мулялі вочы пакупнікам. У варунках зніжэння заробкаў кожнае, нават нязначнае павышэнне выклікае ў электарату нэрвовую рэакцыю. Тым не менш, мяркуюць аналітыкі, імпартаваныя тавары праз дэвальвацыю рубля будуць даражэць. Інакш давядзецца папросту адмовіцца ад замежнай прадукцыі.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках