24 красавiка 2024, Серада, 14:13
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Канферэнцыя ў Кіеве: Лукашэнка - стоадсоткавы афрыканскі дыктатар

23
Канферэнцыя ў Кіеве: Лукашэнка - стоадсоткавы афрыканскі дыктатар

У Еўрапейскага Звязу павінна быць выразная стратэгія ў дачыненні да Украіны і Беларусі.

17 лістапада ў Кіеве адбылася канферэнцыя «Беларускі выклік у еўрапейскай і ўкраінскай замежнай палітыцы» арганізаваная беларускім фондам «Хартыя'97» і ўкраінскай арганізацыяй «Майдан замежных спраў» у рамках праекта Вышаградскага фонду. На мерапрыемстве выступілі ўкраінскі дыпламат і кіраўнік праўлення «Майдана замежных спраў» Багдан Ярэменка, дырэктар славацкага Інстытута грамадскіх праблем Рыгор Месежнікаў, аналітык і каардынатар праграм польскага Інстытута грамадскіх праблем Лукаш Венерскі, беларускі міжнародны аглядальнік Раман Якаўлеўскі, каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Зміцер Бандарэнка, галоўная рэдактарка сайта charter97.org Наталля Радзіна, экспэрт «Майдана замежных спраў» Алег Белаколас. Таксама ў канферэнцыі ўзялі ўдзел экспэрты вядучых аналітычных цэнтраў Украіны, замежныя дыпламаты, прадстаўнікі ўладаў і журналісты.

Дырэктар славацкага Інстытута грамадскіх праблем Рыгор Мэсежнікаў раскрытыкаваў падыход Брусэля да развязання беларускіх праблем.

«Еўрапейскі Звяз падыходзіць да Беларусі з улікам спецыфічных умоў, якія існуюць у краіне. Я не хачу хаваць свайго, мякка кажучы, скептычнага стаўлення да апошніх крокаў Брусэля ў дачыненні да Менска. Мне ўжо даводзілася адкрыта выказвацца на гэтую тэму. Неабходна ўлічыць, што ЕЗ з'яўляецца аб'яднаннем дзяржаў, пабудаваных на пэўных каштоўнасцях. Натуральна, пытанні практычнай палітыкі, так званы прагматызм, геапалітычныя меркаванні вельмі важныя. Але Еўрапейскі Звяз не існаваў бы ў той форме, у якой ён існуе, калі б асноўныя прынцыпы, закладзеныя ў яго падмурак, не былі б ужытыя ў дачыненні да дзяржаў, якія ўступілі ў яго пасля 2004 года.

Тут характэрны прыклад Славаччыны. Развіццё краіны з 1993 да 1998 года не адпавядала паданням і крытэрам, неабходным для ўступлення ў ЕЗ. Я быў сведкам таго, якім чынам была ўжытая дэмакратычная абумоўленасць магчымага сяброўства. Калі б ЕЗ у той час адступіўся ад сваіх прынцыпаў, то наўрад ці насельніцтва краіны, якое было пераважна праеўрапейскім, змагло б правесці дэмакратычныя пераўтварэнні. Нам былі пастаўленыя дакладныя ўмовы, і гэта быў сігнал, перш за ўсё, грамадскасці, дэмакратычнай частцы палітычнага спектру. Змены, якія адбыліся потым, былі матываваныя імкненнем пераадолець цяжкасці, якія стаялі перад уступленнем Славаччыны ў Еўрапейскі Звяз.

Што мы бачым у дачыненні да Беларусі? На яе стасункі з Еўрапейскім Звязам уплывала рэпрэсіўная ўнутраная палітыка. Брусэль наважыў ужыць у дачыненні да Менска пэўныя санкцыі. Мы гаворым аб захадах, якія мелі абмежавальны характар. Калі казаць аб маштабным увядзенні санкцый, то такога, вядома, не было. Гэтыя захады сталі сігналам таго, што Беларусь не адпавядае тым патрабаванням, якія неабходныя для ўдзелу ва «Усходнім партнёрстве». Мы бачым, што «выбары», якія нядаўна прайшлі ў краіне, былі ахарактарызаваныя АБСЕ як неадпаведныя крытэрам свабодных і дэмакратычных. Аднак, ЕЗ наважыў часова прыпыніць санкцыі».

Рыгор Мэсежнікаў падкрэсліў, што Еўрапейскі Звяз павінен заставацца на каштоўнасных пазіцыях у дачыненнях з дыктатарамі.

«Апошнім часам рэжымы аўтарытарнага тыпу спрабуюць, не мяняючыся па-сапраўднаму, захоўваючы сваю сутнасць, унесці ў сваё развіццё некаторыя элементы гібрыднага характару. Перш за ўсё, вонкавыя, - сказаў ён. - Цяпер ЕЗ стаіць перад выбарам: якім чынам ставіцца да тых дзяржаў, якія, як ён мяркуе, дэманструюць пэўныя перамены ў сваёй унутранай і замежнай палітыцы, але напраўду застаюцца ранейшымі. Як ацэньваць такую сітуацыю?

Думаю, што Еўрапейскаму Звязу неабходна заставацца на пазіцыях каштоўнасных. Ён не з'яўляецца гібрыднай арганізацыяй. ЕЗ не можа ператварыцца ў супольнасць, у якой дамінуюць меркаванні прагматычнага характару».

Міжнародны аглядальнік Раман Якаўлеўскі нагадаў пра ўзмацненне вайсковага супрацоўніцтва паміж Менскам і Масквой.

«Цягам апошняга месяца прайшла серыя мерапрыемстваў, якія стануць лёсавызначальнымі для Беларусі, - адзначыў ён. - У Маскве адбыліся пасяджэнні супольных калегій міністэрстваў замежных спраў і абароны дзвюх краін, а таксама асобная сустрэча кіраўнікоў апаратаў Саветаў бяспекі, дзе было падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве, сутнасць якога вядомая толькі ў агульных словах. Усё гэта падаецца як тое, што адбываецца ў рамках так званай «саюзнай дзяржавы», якая не з'яўляецца суб'ектам міжнароднага права. На мой погляд, гэта супрацоўніцтва - на карысць Расеі. Што тычыцца калегіі замежнапалітычных міністэрстваў, галоўнай пасля гэтага пасяджэння стала заява Уладзіміра Макея аб тым, што Беларусь цалкам падтрымлівае дзеянні Расеі ў Сірыі. Што перашкаджала гэта зрабіць раней - застаецца толькі здагадвацца. Мне здаецца, у Маскве яму проста выкруцілі рукі.

Галоўнай высновай пасля пасяджэння калегіі міністэрстваў абароны стала тое, што ўсім вядомы генерал Сяргей Шайгу сказаў пра адзіную вайсковую арганізацыі «саюзнай дзяржавы». Расейска-беларускую рэгіянальную групоўку прызнана мэтазгодным узмацніць, але не за кошт беларускага войска, а за кошт нейкіх вайсковых частак расейскага войска. Гэтыя мерапрыемствы, якія прайшлі ў Маскве, я мяркую, павінны скончыцца такой важнай падзеяй, як пасяджэнне вышэйшага дзяржаўнага савета «саюзнай дзяржавы».

Якаўлеўскі нагадаў, што апошнім часам вайсковая тэма на беларускай тэлевізіі, як самым масавым інструменце прапаганды, пераважае. На ягоную думку, гэта сведчыць аб хваляванні дыктатара і ягоным праўдзівым стаўленні да канфлікту ва Украіне.

«Падчас сваёй «інаўгурацыі» Лукашэнка ў стылі Аркадзя Райкіна спачатку быў у грамадзянскім, а потым паспеў пераапрануцца і выйшаў ужо ў фуражцы. Выходзіць у такім дзіўным адзенні чалавек і пачынае казаць пра пагрозу вайны, - сказаў экспэрт. - Пры гэтым Украіна не проста маецца на ўвазе. Упершыню за апошні час з вуснаў Лукашэнкі і ягонага міністра абароны стаў гучаць тэрмін «дзяржпераварот» у дачыненні да падзей у Кіеве - тое, што мы чуем з Масквы. Раней такога не было. Гэты непрыемны факт сведчыць аб сапраўднай «міратворчасці» Лукашэнкі ў вайне Расеі з Украінай.

Хацелася б адзначыць яшчэ адну заяву міністра абароны. Андрэй Раўкоў сказаў, што Беларусь пачала рыхтавацца да гібрыднай вайны 15 гадоў таму. Узнікае пытанне: «У якой ролі?» 15 гадоў таму такога тэрміна ва ўжытку нават не было. Выяўляецца, яны ўсё гэта даўно ведалі.

Расейскія амбасады ў шэрагу сумежных краін правялі мерапрыемствы, на якіх тлумачылі, чым з'яўляецца «саюзная дзяржава». 2 кастрычніка адно прайшло ў Вільні. Ад Расеі быў генерал замежнай выведкі Рыгор Рапота - дзяржсакратар «саюзнай дзяржавы», а ад Беларусі - першы намеснік міністра замежных спраў. Такім чынам, сёння мы бачым стратэгію Крамля ў дачыненні да Менску. Яна не проста ў падпарадкаванні, а ў набыцці беларускага сілавога блока і «абаронкі».

Аналітык і каардынатар праграм польскага Інстытута грамадскіх праблем Лукаш Венерскі патлумачыў, чаму ў Еўропе падае цікавасць да Беларусі.

«Калі я гляджу на тое, што цяпер адбываецца ў палітыцы Еўрапейскага Звязу ў сувязі з тымі праблемамі, якія ён мае, а менавіта грэцкім крызісам і ўцекачамі, то бачу, што «Усходняе партнёрства» імкліва ўпала сярод прыярытэтаў, - сказаў ён. - Можа быць, гэта не прыкметна з Варшавы, але з Берліна ўжо відаць. Давайце паглядзім на дыскусію, звязаную з санкцыямі супраць Расеі. Яны былі ўведзеныя ў сувязі з анэксіяй Крыма і вайны на Данбасе. Што цяпер чакаюць партнёры з ЕЗ ад Расеі для таго, каб зняць санкцыі? Толькі выканання Менскіх пагадненняў. А што гэта азначае - да канца нікому не зразумела. Можа, будзе дастаткова правядзення выбараў на Данбасе. Як яны пройдуць - гэта ўжо не так цікава. Важна, каб проста былі выкананыя гэтыя пагадненні.

Тое ж самае тычыцца і Беларусі. Яна нашмат ніжэй сярод прыярытэтаў, чым Украіна. Мне здаецца, што лідары ЕЗ чакалі якога-небудзь дзеяння з боку Лукашэнкі, каб атрымаць магчымасць зняць санкцыі і даць яму грошы. Былі моцныя чаканні, што падчас «выбараў» у Беларусі ўсё будзе спакойна. Еўрапейскі Звяз праз геапалітычную сітуацыю і праблемы з уцекачамі зацікаўлены ў стварэнні «зон стабільнасці» - каб не было ніякіх праблем або, не дай бог, напрыклад, другога Майдана».

Каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Зміцер Бандарэнка распавёў пра найноўшую гісторыю Беларусі, забойствы лідараў апазіцыі, разгон Вярхоўнага Савета і этапы фармавання дыктатуры.

«Ці разглядала ў той час Еўропа Беларусь як выклік? Не ведаю, - адзначыў палітык. - Але нейкія сумневы былі. У верасні 2009 года, пасля таго як Беларусь пачала палітыку так званай «лібералізацыі» і пасля непрызнання міжнароднай суб'ектнасці Паўднёвай Асеціі і Абхазіі Менск атрымаў крэдыт Міжнароднага валютнага фонду. Прэзідэнт Украіны Віктар Юшчанка горда заяўляў, што ён з'яўляецца «адвакатам Лукашэнкі», асабістым сябрам, і дапамагаў у лабіяванні гэтага праекта. Таксама ў лабіяванні гэтага праекта «адзначыўся» і гучна пра гэта заяўляў прэзідэнт Грузіі Міхаіл Саакашвілі.

Беларусь атрымала спачатку 2,5 мільярда даляраў, потым яшчэ 1,5 мільярда, услед за гэтым пайшлі крэдыты міжнародных прыватных банкаў. Здавалася б, усё добра, Беларусь «ідзе» ў бок ад дыктатуры, вызвалілі пад ціскам санкцый ЗША палітвязняў. Але тут праходзяць буйныя беларуска-расейскія вайсковыя вучэнні «Захад 2009». Я тады пратэставаў супраць іх, нас жорстка збілі, прысудзілі да адміністрацыйных арыштаў і штрафаў. А потым выявілася, што на гэтых вучэннях адпрацоўваліся танкавы прарыў у Калінінград і нанясенне ядзернага ўдару па Варшаве.

Нам казалі: «Навошта вы пратэстуеце, цяпер жа ўсё добра». А я разумеў, што калі расейцы прыйшлі (а тады на тэрыторыю Беларусі ўвайшлі расейскія танкавыя часткі і дэсантнікі), то яны не ўсе вернуцца назад. І напраўду, з'явілася інфармацыя, што частка з іх засталася і служыць далей у беларускай форме.

Вось тады, калі былы міністр абароны Польшчы Рамуальд Шарамецьеў публічна заявіў, што паводле звестак польскай выведкі адпрацоўвалася нанясенне ядзернага ўдару па Варшаве і прарыў на Калінінград - тады ў першы раз адзіная Еўропа зразумела, што гэта можа быць выклік».

Зміцер Бандарэнка перасцярог краіны Захаду ад фінансавання дыктатуры, якая застаецца верным вайсковым хаўруснікам Расеі і заявіў аб стратэгічным геапалітычным значэнні Беларусі.

«Лукашэнка заявіў, што акрамя «Паланэза», які ўжо ёсць у беларускім войску, трэба, па-першае, паставіць Беларусі замест вайсковай базы расейскія самалёты і ракетную зброю. Аб гэтым сказаў і міністр абароны Беларусі: «Мы разумеем пагрозу з боку Польшчы, не трэба нам базы ВПС, а дайце нам ракетную зброю, якая магло б дастаць усе чатыры базы НАТА, якія цяпер фармуюцца на тэрыторыі Польшчы». Навошта ствараць авіябазу сёння, калі мяжы з Расеяй няма, у нас адначасова можа сесці сотня расейскіх самалётаў. Але ўсе кажуць: трэба даць грошы Лукашэнку, ён жа супраць расейскай авіябазы.

І вось цяпер - не ў 1996, не ў 1999, калі забівалі нашых лідараў, не ў 2009, калі перад выбарамі прыязджалі Радаслаў Сікорскі і Гвіда Вестэрвэле і абяцалі Лукашэнку яшчэ грошай даць - толькі цяпер усе нарэшце зразумелі тое, што ведаюць вайскоўцы ўсіх краін і народаў: Беларусь - ключавая стратэгічная геапалітычная вайсковая тэрыторыя, вельмі зручная і вельмі ўстойлівая.

Функцыя Беларусі - Літвы, як мы раней называліся, - заўсёды палягала ў тым, каб быць стражнікам «Смаленскай брамы». Калі Вялікая Літва трымала гэты плацдарм, яна была стабілізуючай дзяржавай ва ўсходняй частцы Еўропы, у заходняй частцы такой краінай была Францыя. Мы трымалі гэты плацдарм. Але як толькі потым Расея заняла яго - экспансія пайшла ў адваротным кірунку, бо да Віслы ніякіх перашкодаў больш няма».

Галоўная рэдактарка сайта charter97.org Наталля Радзіна заявіла аб неабходнасці распрацоўкі інфармацыйнай палітыкі Украіны ў дачыненні да Беларусі.

«Учора на тэлевізіі ў мяне спыталі падчас інтэрв'ю: «Ну, а што ўкраінцам рабіць?», - Сказала яна. - Магу сказаць, што адназначна трэба ўмацоўваць мяжу на поўначы, бо інфармацыя аб тым, што на тэрыторыі Беларусі знаходзяцца расейскія войскі, з'яўляецца з зайздроснай рэгулярнасцю. І гэта сапраўды былі як тыя расейскія вайскоўцы, якія маглі застацца пасля расейска-беларускіх вучэнняў у ранейшыя гады, так і тыя, якія прыязджаюць як раз у раён Гомеля, на мяжу з Украінай і праводзяць рэкагнасцыроўку мясцовасці.

Акрамя вайсковага чынніка, я, як журналістка, казала б пра інфармацыйную палітыку, якую сёння неабходна мець Украіне ў дачыненні да Беларусі, бо, паводле звестак сацыёлагаў, блізу 60% грамадзян падтрымліваюць дзеянні Расеі ў дачыненні да Украіны. На інфармацыйным полі Беларусі вяшчаюць у асноўным расейскія каналы, бо больш за 20 гадоў Лукашэнка знішчаў незалежныя СМІ.

Беларуская прапаганда мала чым адрозніваецца ад расейскай. Можа быць антыўкраінскі градус трохі меншы, але, як заўважыў тут Раман Якаўлеўскі, напраўду сёння падзеі ва Украіне, Еўрамайдан называюцца «дзяржаўным пераваротам». Беларуская прапаганда ўзяла на ўзбраенне рыторыку расейскай.

Гэтая сітуацыя вельмі небяспечная для Украіны, бо, калі колькасць беларусаў, якія падтрымліваюць дзеянні Расеі ва Украіне, дасягне 80 - 90%, вы будзеце мець яшчэ тысячу кіламетраў фронту. Ніхто ўжо не будзе пытацца ў Лукашэнкі, размяшчаць у краіне расейскую базу ці не. У прынцыпе, яго і цяпер ніхто не пытае. Але можна сказаць, што тады пра якую-небудзь, нават частковую незалежнасці Беларусі ад Расеі нельга будзе казаць».

Наталля Радзіна падкрэсліла, што ў Беларусі існуе вельмі мала СМІ, якія б казалі праўду пра падзеі ва Украіне, а ва Украіне няма СМІ, у якіх бы распавядалі праўду пра Беларусь.

«Гэта катастрофа, бо ўкраінцы не ведаюць пра тое, што адбываецца ў суседняй краіне, - сказала яна. - Учора ў мяне спыталі: «У Беларусі няма алігархаў - гэта ж добра?» Так, у нас ёсць адзін вялікі алігарх, якому падкантрольнае абсалютна ўсё. Чым гэтая сітуацыя лепшая? Мне здаецца, што нічым.

Мы ведаем, што летась адбылася сустрэча Лукашэнкі з Парашэнкам і была дасягнутая дамоўленасць, што ў Беларусі будуць украінскія тэлеканалы. Іх дагэтуль няма. Калі б у Беларусі трансляваўся хоць бы адзін украінскі тэлеканал, гэта б зусім змяніла сітуацыю. Наступны крок, пра што мы з вамі гаворым, - неабходныя FM-радыёстанцыі на мяжы Украіны з Беларуссю, якія б даносілі інфармацыю, перш за ўсё, пра Украіну для беларусаў. Неабходная падтрымка праектаў, сайтаў, газет, якія пішуць пра Украіну. Трэба казаць аб сур'ёзнай інфармацыйнай палітыцы. Мы разумеем, у якой складанай сітуацыі вы цяпер знаходзіцеся. У вас ёсць міжнародныя партнёры. Кажыце ім пра тое, як важна, каб у Беларусі ведалі пра сітуацыю ва Украіне. Ад таго, на чыім баку будзе Беларусь, залежыць, перш за ўсё, стабільнасць і бяспека Украіны.

Сітуацыя ў Беларусі сёння неадназначная. У краіне эканамічны крызіс. Тыя крэдыты, якія Лукашэнка можа атрымаць ад Захаду, не выратуюць сітуацыю. Большасць гэтых крэдытаў пойдуць на аплату працэнтаў у ранейшых пазыках. Расея не ў стане ўтрымліваць сёння свайго дыктатара ў поўным аб'ёме - у тым, у якім яна ўтрымоўвала яго больш за 20 гадоў. На якія-небудзь палітычныя рэформы ці эканамічныя, якія ад яго патрабуе Захад, ён не пойдзе, бо для яго гэта будзе азначаць фактычную страту ўлады. Таму магчымыя нейкія сацыяльныя хваляванні. І ў гэтай сітуацыі вельмі важна падтрымліваць дэмакратычную апазіцыю, бо сапраўды магчымая і змена ўлады».

Экспэрт украінскай грамадскай арганізацыі «Майдан замежных спраў» Алег Белаколас раскрытыкаваў супрацоўніцтва Кіева з аўтарытарнымі рэжымамі. Таксама ён падкрэсліў, што ў сённяшняй сітуацыі краіны ЕЗ павінны больш увагі надаваць Беларусі і Украіне.

«Якую замежную палітыку мы праводзім сёння? Гэта візіты ў Казахстан, Туркменістан - у тыя краіны, якія ў ААН не падтрымалі нашу тэрытарыяльную цэласнасць, - сказаў ён. - Так пра якую замежную палітыку мы гаворым? Такую замежную палітыку мы вялі 23 гады. Яна скончылася тым, што ў нас забралі частку тэрыторыі. Нам ніхто не дае зброі, у нас няма сяброў. І такую палітыку, на жаль, працягвае Пятро Парашэнка.

Мы мяркуем, што замежная палітыка павінна грунтавацца на каштоўнасцях. Узровень свайго супрацоўніцтва з іншымі дзяржавамі Украіна павінна вызначаць узроўнем абароны правоў чалавека ў іх. У нас не можа быць стратэгічнага партнёрства і з краінамі, якія з'яўляюцца лідарамі ў галіне абароны правоў чалавека, і з краінамі, дзе ёсць сур'ёзныя парушэнні. Гэта не проста лозунг ці нейкія абстрактныя рэчы.

Аўтарытарныя рэжымы - і мы гэта бачым кожны дзень на прыкладзе Расеі - гэта пагроза для Украіны.

Лукашэнка - стопрацэнтны афрыканскі дыктатар сучаснага, скажам так, разліву. Хітрыя маніпуляцыі сродкамі масавай інфармацыі, выбарчым працэсам пры фармальным выкананні яго вонкавых прыкмет, ліквідацыя апанентаў - пад выглядам крымінальных расследаванняў або фізічная - гэта прыкметы класічнага афрыканскага дыктатара. Стоадсоткавае супадзенне.

Краіны ЕЗ павінны адыгрываць больш актыўную ролю ў рэгіёне. Будзе натуральным тое, што «старая» Еўропа адцягнецца на Блізкі Усход. На працяглы прамежак часу або на кароткі перыяд, але гэта адбудзецца. Таму ў такой сітуацыі нашы суседзі - чальцы Еўрапейскага Звязу павінны надаць больш увагі і Украіне, і Беларусі».

Напісаць каментар 23

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках