28 сакавiка 2024, Чацвер, 16:54
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мікалай Статкевіч: У патрэбны момант людзей для пераменаў будзе дастаткова

35

Беларусы яшчэ здольныя здзівіць увесь свет і саміх сябе.

Перакананасць у гэтым, выступаючы ў праграме «Госць на Свабодзе» «Радыё Свабода», выказалі кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2010 года, былы палітвязень Мікалай Статкевіч і ягоная жонка Марына Адамовіч.

На пытанне вядоўцы праграмы Сяргея Дарафеева пра тое, як могуць адбыцца перамены ў Беларусі, Мікалай Статкевіч адказаў:

«Каб змены адбыліся, нейкая крытычная маса людзей павінна «выявіць у сабе чалавека», павінны нешта пераадолець у сабе і адчуць сябе годнымі людзьмі.

Людзі так уладкаваныя, што рэагуюць на прыклад. Гэта я заўважыў яшчэ на «хіміі»: калі вядзеш сябе годна, вакол цябе ўтвараецца «поле годных паводзін». І людзям, каб знайсці «у сабе чалавека» патрэбныя годныя прыклады».

Каментуючы сітуацыю пасля тэрактаў у Парыжы і магчымасць узмацнення жорсткасці рэпрэсій у Беларусі на гэтым фоне, Мікалай Статкевіч сказаў:

«Падставы для згортвання свабод заўсёды знойдуцца, пытанне толькі ў тым: ці хопіць цяпер у Аляксандра Лукашэнкі грошай, каб займацца «згортваннем свабод»?

Да таго ж нейкая частка грамадства будзе ў гэтай сітуацыі «шукаць сабе іншага цара», таму што Аляксандра Лукашэнку ўжо вельмі шмат хто ў Беларусі не ўспрымае як «моцнага лідара».

На пытанне вядоўцы: «Ці гатовыя вы быць гэтым «царом»?» - палітык адказаў: «Я б не хацеў быць «царом». Але я заўважыў яшчэ па літаратуры, што добрая кніжка падабаецца вялікай колькасці людзей па зусім розных прычынах. Так і ў добрым палітыку: людзі бачаць у ім тое, што хочуць убачыць. Я спадзяюся, што меншасць, якая думае, здольная мысліць, убачыць ува мне свайго лідара. Хацелася б, каб надзеі на лепшае жыццё, вялікія заробкі, адсутнасць страху звязвала з дэмакратычнымі лідарамі і большасць нашага грамадства.

Успамінаючы пра тое, што ва Украіне ўчора адзначалася гадавіна Рэвалюцыі годнасці, удзельнікі праграмы задаліся пытаннем: ці гатовыя беларусы выйсці на Плошчу за годнасць?

«Беларусы яшчэ здольныя здзівіць увесь свет і саміх сябе. Мая ўпэўненасць заснавана на падзеі 19 снежня 2010 года», - сказала з гэтай нагоды Марына Адамовіч.

Мікалай Статкевіч падтрымаў гэтае меркаванне, дадаўшы, што для гэтага толькі «трэба даць людзям надзею».

«На апошняй акцыі ў рамках выбарчай кампаніі 10 кастрычніка былі тысячы людзей. Гадоў 10 таму я б не змог сабраць столькі людзей на несанкцыянаваную акцыю ў цэнтры Менска», - заявіў палітык.

Разважаючы пра сваю ролю лідара ў будучых у Беларусі пераменах, Мікалай Статкевіч сказаў:

«Для мяне важна, як мяне ўспрымае актыўная частка грамадства. Я думаю, многія з іх успрымаюць мяне як лідара. Прынамсі, калі я іду па вуліцах Менска, я гэта бачу: пастаянна падыходзяць людзі з розных сацыяльных слаёў, вельмі многія паспяховыя людзі - і дзякуюць і просяць не здавацца.

Я цяпер праводжу акцыі ў «месцах страху». Гэта свайго роду «тэрапія страху», паўторнае перажыванне стрэсавых сітуацый. У нас «стрэсавыя» месцы - гэта КДБ, МУС, Дом урада.

Да будынку КДБ, у «месца страху» прыйшло 150 чалавек. Шмат гэта ці мала? Я думаю, гэта даволі шмат: людзі прыйшлі на акцыю, разумеючы, што яна не прывядзе да поспеху. Я бачыў там шмат зусім незнаёмых мне маладых людзей. Калі з'явіцца надзея і шанец - людзей будзе дастаткова, запэўніваю».

Напісаць каментар 35

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках