28 сакавiка 2024, Чацвер, 20:25
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Алесь Бяляцкі: Беларусь - рэгіянальны лідар у аўтарытарызме

7
Алесь Бяляцкі: Беларусь - рэгіянальны лідар у аўтарытарызме
Алесь Бяляцкі
ФОТА: CHARTER97.ORG

Нягледзячы на нарастаючы крызіс у Беларусі, Аляксандр Лукашэнка не мяняе падыходы да кіравання краінай.

Пра гэта вядомы беларускі праваабаронца, былы палітвязень Алесь Бяляцкі распавёў у інтэрв'ю Рускай службе «Голасу Амерыкі».

Лейтматывам гутаркі сталі словы, сказаныя напачатку:

«На хвалі нацыянальнага ўздыму пасля атрымання Беларуссю незалежнасці многія меркавалі, што яна можа стаць рэгіянальным лідарам у пытаннях палітычнага, эканамічнага і сацыяльнага развіцця. Відавочна, Беларусь сапраўды стала лідарам, але ў пытаннях ужывання аўтарытарных практык».

Праваабаронца падкрэсліў, што пра гэта ён казаў яшчэ 15 гадоў таму:

«Многія практыкі парушэння правоў чалавека, якія выкарыстоўваюцца ў Беларусі, пераймаюцца потым іншымі аўтарытарнымі краінамі. Але ёсць і зваротны працэс: напрыклад, закон аб сродках масавай інфармацыі Беларусь вельмі выразна спісала з расейскага заканадаўства.

Відаць, як аўтарытарныя ўлады вучацца адна ў адной. Гэта свайго кшталту выклік для праваабарончага таварыства постсавецкіх краін».

На думку Алеся Бяляцкага, беларускі дыктатар няздольны на дыялог з апанентамі, пра які гаварылася ў нядаўнім звароце лідараў апазіцыі да Еўразвязу:

«Беларускія ўлады займаюць прынцыповую пазіцыю адсутнасці дыялогу, яны не хочуць гэтага дыялогу, усё ідзе на ўзроўні падаўлення, дэманстравання «сілы» ўладаў у дачыненні да дэмакратычнай апазіцыі».

Аўтарытарную сутнасць беларускай улады і стаўленне да яе насельніцтва добра прадэманстравалі «выбары» 2010:

«Да выбарчай кампаніі людзі ставіліся несур'ёзна. Большасць з тых, хто «галасаваў», рабілі гэта аўтаматычна, так як гэта адбывалася некалі ў Савецкім Саюзе, дзе людзей выганялі на «выбары». Усе разумелі, што гэта не мае нічога агульнага з сапраўдным выбарчым працэсам. Людзі не вераць, што гэта механізм, які можа паўплываць на іх рэальнае жыццё. Таму калі Лукашэнка напісаў сабе 83%, або 93%, або 103% - гэта не мае значэння, людзі разумеюць, што на сёння ў Беларусі няма свабодных выбараў.

Усе выдатна разумеюць, што «выбары» фальсіфікуюцца, на сёння закон аб выбарах «дазваляе» ўладам абвясціць абсалютна любыя вынікі, якія яны палічаць патрэбнымі. Таму палітычныя цяжкавагавікі, дэмакратычныя палітыкі не пайшлі ў гэтую «выбарчую» кампанію, а тыя «кандыдаты», якія там былі, задавальнялі ў першую чаргу самога Лукашэнку. Бо гэта былі людзі, якія гулялі паводле сцэнару, напісанага ўладамі».

На пытанне: «Ці можна казаць, што пасля вызвалення палітвязняў палітычны рэжым у Беларусі пачаў мяняцца?» - Алесь Бяляцкі адказаў адназначна «не».

«Выбары былі сфальсіфікаваныя. Напраўду вельмі здзіўляе практычна поўнае скасаванне санкцый супраць тых чыноўнікаў, якія ўдзельнічалі ў фальсіфікацыі выбараў 2006 і 2010 гадоў. Я нагадаю, што старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына была занесеная ў санкцыйны спіс менавіта за фальсіфікацыю выбараў 2006 года. Цяпер «выбары» прайшлі паводле такога ж сцэнару, але яе са спісу выключылі. Гэта не правільна.

Мы бачым, што беларускія ўлады не збіраюцца мяняць свайго стаўлення да правоў чалавека ў краіне, свае саступкі яны ўспрымаюць як прыкрыя і часовыя. Вельмі непрыемна ўсведамляць, што гэты час адсутнасці ў краіне палітвязняў хутка скончыцца.

Адной з маіх мэтаў візіту ў Вашынгтон з'яўляецца актуалізацыя тэмы развіцця грамадзянскай супольнасці ў Беларусі. Мы чакаем, каб урады ЗША і Еўразвязу размаўлялі з беларускімі ўладамі на простай, зразумелай мове, каб прастора свабоды і дэмакратыі ў Беларусі пашыралася, а сітуацыя не замарозілася. Вельмі важна, каб Беларусь на пайшла па шляху Азербайджана, улады якога маюць вельмі нядрэнныя стасункі з ЕЗ і ЗША, але ў той жа час у краіне практычна адбываецца знішчэнне грамадзянскай супольнасці, і многія журналісты, праваабаронцы, блогеры знаходзяцца ў турме. Вельмі важна, каб стандарты дэмакратыі ды правоў чалавека, якія прынятыя ў Еўрапейскім Звязе і ЗША, былі дастасавальныя і да Беларусі», - заявіў праваабаронца.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках