19 красавiка 2024, Пятніца, 11:14
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Еўрапейскі Звяз асудзіў вынясенне смяротнага прысуду ў Беларусі

2
Еўрапейскі Звяз асудзіў вынясенне смяротнага прысуду ў Беларусі

Адпаведную заяву зрабіла прэс-сакратарка Еўрапейскай службы замежных дзеянняў Мая Качыянчыч.

20 лістапада Гарадзенскі абласны суд прыгаварыў 28-гадовага Івана Кулеша да смяротнага пакарання. Ён прызнаны вінаватым у забойстве трох прадавачак у Лідскім раёне, а таксама ў крадзяжы і разбоі. Паводле версіі следства, у верасні 2013 года Кулеш забіў дзвюх прадавачак у Лідзе і скраў з крамы грошы і тавары на суму больш за 37 млн рублёў. У лістападзе 2014 года, паводле звестак следства, падсудны забіў яшчэ адну прадавачку ў Лідскім раёне - нанёс жанчыне больш за 10 удараў сякерай і скраў з крамы грошы і тавары. Акрамя таго, Кулеш прызнаны вінаватым у замаху на забойства сына прадавачкі, які застаў яго ў краме, піша БелаПАН.

"Еўрапейскі Звяз спадзяецца, што права Івана Кулеша на абскарджанне прысуду будзе цалкам гарантаванае. Ён быў асуджаны за сур'ёзныя злачынствы, і мы выказваем нашы самыя глыбокія спачуванні сям'і і сябрам ахвяр гэтых злачынстваў. Аднак Еўрапейскі Звяз выступае супраць смяротнага пакарання ва ўсіх выпадках, бо яно не можа быць апраўданае ні пры якіх абставінах", - гаворыцца ў заяве прэс-сакратаркі.

У Еўрапейскай службе замежных дзеянняў падкрэсліваюць, што смяротнае пакаранне з'яўляецца жорсткім і бесчалавечным пакараннем, "якое не дзейнічае ў якасці стрымліваючага фактару і ўяўляе сабой непрымальнае адмаўленне чалавечай годнасці і недатыкальнасці".

"Еўрапейскі Звяз заклікае Беларусь, адзіную краіну ў Еўропе, якая дагэтуль ужывае смяротнае пакаранне, далучыцца да глабальнага мараторыя на смяротнае пакаранне ў якасці першага кроку да яго скасавання", - сказана ў заяве.

Раней са шкадаваннем аб вынясенні ў нашай краіне чарговага смяротнага прысуду выступіла Рада Еўропы.

Смяротны прысуд у дачыненні да Івана Кулеша - ужо другі ў 2015 годзе. 18 сакавіка Гомельскі абласны суд прыгаварыў жыхара Рэчыцы Сяргея Іванова да вышэйшай меры пакарання. Хлопец прызнаны вінаватым у жорсткім забойстве дзяўчыны. Вярхоўны суд пры абскарджанні пакінуў прысуд у дзеянні. Беларусь - адзіная краіна ў Еўропе і на постсавецкай прасторы, дзе дагэтуль ужываецца смяротнае пакаранне. З пачатку 1990 да вышэйшай меры было прыгаворана больш за 400 асуджаных.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках