25 красавiка 2024, Чацвер, 17:25
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Заробкі ў Беларусі абрынуцца да $200

87
Заробкі ў Беларусі абрынуцца да $200

Даходы беларусаў падаюць трэці месяц запар.

Паводле звестак Нацыянальнага статыстычнага камітэта, за кастрычнік, у сярэднім у краіне, работнікі атрымалі амаль на 200 тысяч рублёў менш, чым у ліпені.

Як сцвярджае Белстат, у сярэднім у краіне людзі зарабляюць крыху менш за 7 мільёнаў рублёў. Прычым, калі ў Менску намінальны заробак трымаецца збольшага на леташнім узроўні, у рэгіёнах сярэднія выплаты не дасягаюць і шасці мільёнаў, паведамляе тэлеканал «Белсат».

«Я магу сказаць аб сабе, аб сваіх знаёмых, сваяках, і гэтак далей, лічбы адрозніваюцца ў разы. Таму што сітуацыя пагаршаецца, у кагосьці даходаў зусім няма, у кагосьці - зменшыліся, прычым, вельмі істотна», - кажа мужчына.

«Адсоткаў на 20 можа. Цяпер заробак не даюць, усе шукаюць», - скардзіцца мінак.

«У мяне сын працуе ў будаўнічай арганізацыі, дык у яго заробак на 50% упаў, нават трохі больш», - дадае жыхар Магілёва.

«Калі раней людзі атрымлівалі на некаторых прадпрыемствах па 9 мільёнаў, па 12, то цяпер, я ведаю - чатыры мільёны», - абураецца жанчына.

Незалежныя прафзвязы канстатуюць - баючыся хваляванняў, улады ўтрымліваюць менскія прадпрыемствы на поўным рабочым тыдні за кошт крэдытнай дапамогі. Акрамя таго, сталічныя флагманы хранічна не плацяць рэгіянальным заводам за запчасткі. Або затрымліваюць разлік на многія месяцы. Рэгіянальныя працадаўцы, адпаведна, усё часцей вымушаныя адпраўляць работнікаў у вымушаныя адпачынкі - за 2/3 акладу і без прэмій.

«Магчыма, некаторае выключэнне цяпер МАЗ, можа, трактарны завод, але мы ведаем, што летам ім выдавалася істотная дапамога. І гэтая дапамога ім цяпер дазваляе працаваць, але сутнасць гэтай дапамогі палягае ў тым, што працуюць, відавочна, на склад», - тлумачыць Аляксандр Ярашук, старшыня Кангрэсу дэмакратычных прафзвязаў.

Аднак, у пераліку на сённяшні курс сярэдні афіцыйны заробак за кастрычнік склаў па Беларусі 380 даляраў - на траціну менш, чым год таму. «Хутчэй за ўсё, мы можам прагназаваць, што заробак упадзе да 300 даляраў, а цягам года-двух, і да 200 даляраў», - дадае Аляксандр Ярашук.

Улады заклікаюць беларусаў не лічыць свае даходы ў далярах, бо, маўляў, абясцэньванне рубля не мае значэння, калі кошты ў краіне растуць павольна. Але ўвосень стрыманая да выбараў харчовая інфляцыя пачала даганяць дэвальвацыю. За апошнія два месяцы свіная грудзінка ў «Еўраопце» падаражэла на 20%, сыр - на чвэрць, морква - у паўтара разы, а агуркі - больш, чым у тры разы. Незалежныя прафзвязы канстатуюць - намаганні ўладаў скіраваныя на тое, каб спускаць эканамічны абвал на тармазах, замест таго, каб рэформамі закладваць базу для аздараўлення. Пры такой палітыцы плыўнае падзенне ўзроўню жыцця праглядаецца на гады наперад.

Напісаць каментар 87

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках