28 сакавiка 2024, Чацвер, 15:06
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Аляксандру Казуліну - 60 гадоў

14
Аляксандру Казуліну - 60 гадоў
АЛЯКСАНДР КАЗУЛІН
ФОТА: RFE/RL

25 лістапада споўнілася 60 гадоў Аляксандру Казуліну, экс-кандыдату ў прэзідэнты, былому рэктару БДУ і палітычнаму вязню.

«Радыё Свабода» павіншавала Аляксандра Казуліна з 60-годдзем.

- Інтэрв'ю не будзе. Гэта не абмяркоўваецца. А вось пару слоў сказаць магу, - адразу папярэдзіў юбіляр.

І ўсё ж мы паспрабавалі задаць некалькі пытанняў, на якія атрымалі не столькі канкрэтныя і дакладныя адказы, якіх чакалі ад матэматыка, колькі хутчэй філасофскія разважанні аб жыцці.

- У вашым жыцці было ўсё: узлёты, імклівая бліскучая кар'ера, падзенні, нечаканая адстаўка. Вы дасягнулі вельмі высокіх планак - міністр, рэктар, рэфарматар навукі. А потым была адстаўка, сыход у палітыку, турма... З вышыні пражытых гадоў - пра што шкадуеце?

- Жыццё для чаго нам даецца? Гэта добры падручнік. Каб мы маглі асэнсаваць, што нам даецца, для чаго, дзеля чаго мы існуем у гэтым свеце і што сабой уяўляем. Усё, што вы пералічылі, - гэта вонкавае. А самае галоўнае - што ўнутры.

Нам трэба разумець, што ўсё, што нам даецца, і выпрабаванні таксама - гэта ўсё не проста так. Так, многае нам даецца з нябёсаў, але заўсёды ёсць вольная воля. І гэта перакрыжаванне таго, што з нябёсаў, і свабоднай волі чалавека і дае пэўны плён. Часцяком мы бачым толькі вонкавы бок і забываемся пра тое, што ў нас усярэдзіне. І што нас рухае наперад. Калі мы ўсе гэта зможам асэнсаваць - атрымаецца вельмі добры падручнік. Ну, і потым, для мяне галоўнае - гэта вельмі сур'ёзнае вывучэнне навукі, сутнасці чалавечай свядомасці. Бо гэта нашмат больш сур'ёзна, чым вышэйшая матэматыка або дыферэнцыяльныя ўраўненні - мая асноўная спецыяльнасць. Або тая ж самая педагогіка.

Таму, калі вы хочаце пачуць адказ на сваё пытанне - то яго проста не будзе. Ганарыцца трэба тым, што застаецца і што рухае наперад людзей у плане асэнсавання, эвалюцыі. Калі не будзе зменаў у свядомасці, то нічога не будзе. І калі мы не будзем разумець, што галоўнае ў нас - гэта тая чароўная іскрынка, якая павінна быць у кожнага ўнутры. Але некаторыя людзі гэтую іскрынку ўнутры сябе не адчуваюць, не заўважаюць, заганяюць куды глыбей унутр або наогул гасяць. Але калі гэтая іскрынка ёсць, калі вугольчыкі тлеюць, то чалавек павінен гэта падтрымліваць і вельмі беражліва да гэтай іскрынкі ставіцца.

- Аднак, у Беларусі вельмі шмат таленавітых, здольных людзей - вы шмат гадоў працавалі ў найлепшым беларускай ВНУ і гэта ведаеце. І ў многіх была гэтая іскрынка. Але куды яна потым дзелася? Чаму ў грамадстве апатыя, абыякавасць?

- На гэтае пытанне кожны павінен адказаць сам. Гэта не агульная справа. Кожны павінен сам сабе адказаць, ці ёсць у яго гэтая іскрынка і ці свеціцца яна пастаянна. Яна можа то ўспыхнуць, то згаснуць. Калі лямпачка міргае, наўрад ці гэта добра, праўда?

- Пасля даволі актыўнага палітычнага жыцця вы адышлі ў цень. Але ўсё-ткі, назіраючы і за апазіцыяй, і за ўладай з боку, - як вы думаеце, ці будзе нейкі штуршок, які нешта зменіць, расварушыць у грамадстве - і ў свядомасці таксама?

- Калі мы гаворым пра ўладу ці апазіцыю, то трэба параіць ім паглядзець у люстэрка, і адразу ўсё стане відавочна. Калі глядзець у будучыню, то будучыня заўсёды лепшая, чым сённяшняя рэальнасць. Калі ў лепшую будучыню не верыць, то гэтай будучыні і не будзе.

- Чым вы ганарыцеся ў сваім жыцці?

- Я магу ганарыцца сваімі дочкамі Вольгай і Юліяй за тое, што яны знайшлі сабе працу, яны самі змаглі ўладкавацца ў гэтым складаным жыцці. Бо вельмі доўгі час яны проста не маглі працаваць, маючы добрую адукацыю, валодаючы замежнымі мовамі - у сілу ўсім вядомых абставін. Я нават не ведаю, як гэта назваць - цяжкасцямі, выпрабаваннем... І толькі два гады таму мая старэйшая дачка, накіраваўшы ў самыя розныя кампаніі некалькі тысяч сваіх рэзюмэ, прайшоўшы каля пяцісот гутарак, знайшла сабе добрую, цікавую ёй працу і сама сябе забяспечвае, мае належны заробак. Малодшая дачка таксама самастойна ўладкавалася, працуе. Тое, што яны трывала стаяць на сваіх нагах і сталі добрымі спецыялістамі кожная ў сваёй сферы, мяне як бацьку вельмі радуе.

Аляксандр Казулін служыў у марской пяхоце, з чырвоным дыпломам скончыў механіка-матэматычны факультэт БДУ, у 29 гадоў абараніў кандыдацкую дысертацыю ў праблемах аналітычнай тэорыі дыферэнцыяльных ураўненняў. У 41 год стаў рэктарам БДУ і абараніў доктарскую дысертацыю ў новых адукацыйных тэхналогіях, быў чальцом урада, міністрам. Уважаецца за рэфарматара вышэйшай школы. Менавіта Казулін выступіў з ініцыятывай ўваходжання Беларусі ў Балонскі працэс. У 2003 годзе - гучная адстаўка. У 2006 годзе Аляксандр Казулін быў кандыдатам у прэзідэнты. 25 сакавіка 2006 года быў арыштаваны і затым асуджаны на 5,5 гадоў «за злоснае хуліганства і арганізацыю масавых беспарадкаў». У снежні 2006 года праваабарончая арганізацыя «Міжнародная амністыя» прызнала Аляксандра Казуліна «вязнем сумлення». У жніўні 2008 года, адседзеўшы два з паловай гады, ён быў памілаваны спецыяльным указам Лукашэнкі.

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках