25 красавiка 2024, Чацвер, 10:24
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Паміж Беларуссю і Ізраілем пачаў дзейнічаць бязвізавы рэжым

5
Паміж Беларуссю і Ізраілем пачаў дзейнічаць бязвізавы рэжым

Візы скасаваныя для грамадзян, якія вандруюць з турыстычнай мэтай.

Міжурадавае пагадненне аб скасаванні віз краіны падпісалі 19 верасня 2014. У адпаведнасці з артыкулам 7 пагаднення дакумент уваходзіць у дзеянне праз 90 дзён пасля атрымання па дыпламатычных каналах апошняга пісьмовага паведамлення, якім бакі інфармуюць адзін аднаго аб выкананні ўсіх неабходных унутрыдзяржаўных працэдур, піша БелаПАН.

Беларускі бок яшчэ ў студзені 2015 апавясціў ізраільскіх калегаў аб выкананні ўсіх прадугледжаных працэдур. Затрымка ратыфікацыі пагаднення Ізраілем была звязана з правядзеннем у гэтай краіне 17 сакавіка датэрміновых парламенцкіх выбараў. Скасаванне візавага рэжыму з Беларуссю кабінет міністраў Ізраіля зацвердзіў 16 жніўня.

Як патлумачыла часовая павераная ў справах Ізраіля ў Беларусі Юлія Рачынскі, візы скасаваныя толькі для тых грамадзян, якія едуць з турыстычнай мэтай. «Для паездак з іншай мэтай дагэтуль патрабуецца віза», - дадала яна.

Якія-небудзь дадатковыя дакументы для турыстычнай паездкі ў Ізраіль, са слоў Рачынскі, беларускім грамадзянам браць не абавязкова. «Паўнамоцтвы па санкцыянаванні ўезду ў Ізраіль пераходзяць ад амбасады да памежнай службы, і калі ў людзей ёсць нейкая боязь, яны могуць узяць з сабой альбо нумар пасведчання асобы грамадзяніна Ізраіля, які іх запрашае, альбо копію пасведчання асобы для падачы памежнікам», - сказала дыпламатка. Астатнія дакументы беларускія грамадзяне могуць браць на сваё меркаванне. Між іншым, турысты могуць дадаткова даць памежнікам турыстычную праграму, пацверджанне бранавання гатэля. «Зноў-такі, гэта не афіцыйнае патрабаванне - гэта рэкамендацыя тым, у каго ёсць нейкая боязь і хто хоча перастрахавацца», - адзначыла Рачынскі.

З яе слоў, пытанні ў памежнікаў могуць паўстаць да людзей, якія нядаўна ўзялі шлюб з грамадзянамі Ізраіля. «Мы рэкамендуем ім афармляць запрашэнне праз МУС Ізраіля», - адзначыла часовы павераны.

Яна таксама падкрэсліла, што ў выпадку адмовы ва ўездзе ў Ізраіль у беларускіх грамадзян будзе магчымасць цягам двух дзён абскардзіць гэтую пастанову. Турыстам рэкамендуецца перад паездкай даведацца нумар тэлефона консульскага аддзела беларускай амбасады ў Ізраілі, каб мець магчымасць звярнуцца па юрыдычную дапамогу ў выпадку неабходнасці.

Рачынскі таксама паведаміла, што пытанне пра закрыццё амбасады Ізраіля ў Беларусі пакуль не развязанае. «Спадзяемся, што пастанова да канца года будзе прынятая, і мы будзем дакладна ведаць, ці працягне амбасада сваё існаванне. Пакуль мы працуем, як і працавалі дагэтуль», - заявіла дыпламат.

Нагадаем, 4 жніўня гэтага года ўрад Ізраіля падтрымаў прапанову прэм'ер-міністра Біньяміна Нетаньяху аб ліквідацыі сямі дыпламатычных прадстаўніцтваў у сувязі з скарачэннем выдаткаў. У ліку дыппрадстаўніцтваў, меркаваных да скарачэння, ізраільскі прэм'ер назваў і пасольства ў Беларусі.

Крыху пазней былы ізраільскі пасол у Беларусі Іосіф Шагал паведаміў, што ў МЗС Ізраіля створана камісія па вывучэнні пытання аб скарачэнні сямі дыппрадстаўніцтваў у свеце. Ці закране гэта скарачэнне амбасады ў Беларусі, невядома, дадаў Шагал.

Дыпламатычная місія Іосіфа Шагала ў Беларусі завяршылася ў канцы жніўня. Калі ў Беларусь прыбудзе новы пасол Ізраіля, пакуль невядома, паведаміла Юлія Рачынскі.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках