19 красавiка 2024, Пятніца, 21:48
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Навукоўцы знайшлі ўчастак мозгу, які адказвае за шчасце

4

Японскія навукоўцы змаглі з дапамогай магнітна-рэзананснай тамаграфіі знайсці вобласць мозгу, якая можа адказваць за фармаванне пачуцця шчасця.

Даследаванне, апублікаванае ў Scientific Reports, адкрывае магчымасць да яго аб'ектыўнага вымярэння.

Каб колькасна ацэньваць узровень шчасця, псіхолагамі былі распрацаваныя спецыяльныя апытальнікі, якія ўлічваюць станоўчыя эмоцыі ў бягучы момант і агульную задаволенасць жыццём. З дапамогай такіх апытальнікаў група даследчыкаў з Кіёцкага ўніверсітэта ўстанавіла ўзровень шчасця групы добраахвотнікаў, паведамляе «Эхо Москвы».

Выкарыстоўваючы структурную МРТ, навукоўцы атрымалі выяву мозгу ўсіх удзельнікаў даследавання. Статыстычны аналіз паказаў, што ўзровень шчасця карэлюе з колькасцю шэрага рэчыва ў адной вобласці правага паўшар'я - унутранай часткі цемянной кары (пракунеус). Раней навукоўцы з дапамогай МРТ высветлілі, што ўзнікненне ў чалавека шчаслівых эмоцый суправаджаецца актывацыяй цемянной кары галаўнога мозгу.

Было ўстаноўлена, што пракунеус уцягнуты ў змяненне суб'ектыўных перажыванняў чалавека. Гэтая вобласць мае мноства сувязяў з іншымі структурамі мозгу і ўцягнутая ў інтэграванне інфармацыі аб бягучых унутраных адчуваннях, памяці пра мінулае і будучыя планы. Усе гэтыя звесткі дазваляюць даследчыкам думаць, што гэтая карэляцыя сапраўды кажа аб функцыянальнай сувязі паміж узроўнем шчасця і памерам пракунеуса.

Новае адкрыццё, верагодна, дазволіць распрацаваць метады, якія развіваюць адчуванне шчасця ў людзей з дапамогай медытацыі. Паводле звестак некаторых даследаванняў, медытацыя павялічвае колькасць шэрага рэчыва ў пракунеусе.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках