19 красавiка 2024, Пятніца, 12:53
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Аляксандр Кулінковіч: Мой герб - «Пагоня»

8
Аляксандр Кулінковіч: Мой герб - «Пагоня»
Аляксандр Кулінковіч
ФОТА: TUT.BY

Гэта пазіцыя, але гэта не палітыка.

Лідар гурта "Нейрадзюбель" Аляксандр Кулінковіч распавёў пра сваё стаўленне да нацыянальных сімвалаў Беларусі ў інтэрв'ю "Еўрарадыё".

- Кажуць, каб пісаць добрыя песні, рокер павінен быць галодным. А беларускі рокер, напэўна, яшчэ і забароненым. Як думаеш, праўда?

- Гэта нейкі саўковы падыход. Калі мы галадаем, дык няхай будзе, што мы за нешта галадаем, за нейкую ідэю. Мастак не павінен быць галодным - гэта поўная лухта. Паглядзіце на заходніх мастакоў або музыкаў: яны ўсё не забароненыя, не галодныя і нармальныя песні пішуць. Ды і наш выдатны музыка Лявон Вольскі не выглядае галодным. І канцэртаў за мяжой мае больш, чым некаторыя на Радзіме. Былі мы і забароненымі, і дазволенымі, але на якасць песень гэта не ўплывала.

- А на маральнае самаадчуванне як паўплывала забарона?

- Не ведаю, як у астатніх, але на самаадчуванне ў свеце, у музыцы, у тэкстах - не паўплывала ніяк. Таму што, калі ты нешта робіш, то робіш гэта ў сваім маленькім свеце, які трохі ад усяго навакольнага абаронены. Песні пратэсту я ніколі не ўмеў пісаць, таму, ці быў я забаронены або дазволены - гэта ніяк не ўплывала на змест тэкстаў. Мы ж панкі, прыдуркаватасць - наш стыль, і нейкая палітычная сітуацыя не моцна ўплывае на нас.

- Ты мне распавядаеш пра сваю апалітычнасць, а на тэлефоне - "Пагоня"...

- Бо "Пагоня" - гэта мой герб, а бел-чырвона-белы - мой сцяг. Гэта пазіцыя, але гэта не палітыка. На жаль, сапраўды, у нашай краіне так усё паставілі: размаўляеш ты на беларускай мове - апазіцыянер, любіш бел-чырвона-белы і "Пагоню" - апазіцыянер. Глупства нейкае! Я маю пэўныя палітычныя погляды, але я паўтару фразу, якая была сказаная музыкамі падчас візіту дзесяць гадоў таму да Праляскоўскага - мы не хочам граць пад сцягамі. Не ў тым сэнсе, што на маім канцэрце нельга даставаць сцяг. Я мяркую, што граць пад усякім сцягам - гэта агучваць чыюсьці палітычную пазіцыю. Музыкі, якія граюць на мітынгах, пачуваюцца падбрэхічамі. І потым з намі робяць, як з падбрэхічамі.

Мой сцяг - бел-чырвона-белы, мой герб - Пагоня, але яны ў душы, і я маю пэўную палітычную пазіцыю, якую выкажу, калі прыму за патрэбнае, але граць пад гэтымі сцягамі я не хачу. Як і пад чырвона-зялёнымі. У нашай краіне немагчыма проста быць на чыімсьці баку - абавязкова трэба ненавідзець іншую старану. Гэта даводзіць мяне да шаленства. Як ты ставішся да тых музыкаў, якія гралі на праўладных канцэртах - як да падбрэхічаў? Але рэч у тым, што гэтак жа да іх ставіцца і сама ўлада. І да нас было такое ж стаўленне, калі мы гралі на акцыях апазіцыі. Таму я і не хачу граць пад нейкімі сцягамі.

- Скажы мне, апалітычны ты наш, чый Крым?

- Украінскі, вядома! Ён быў украінскім і будзе ім. Праўда, здарыцца гэта праз даволі шмат часу, але так будзе.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках