24 красавiка 2024, Серада, 22:01
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Укркандпрам: Беларусь наўпрост парушае пагадненне аб зоне свабоднага гандлю краін СНД

11
Укркандпрам: Беларусь наўпрост парушае пагадненне аб зоне свабоднага гандлю краін СНД

Беларусь прыдумала чарговы інструмент для блакавання доступу на свой рынак канкурэнтных тавараў з Украіны.

Пра гэта заявіў БелаПАН прэзідэнт асацыяцыі «Укркандпрам» Аляксандр Балдынюк, каментуючы пастанову Кіева ўвесці спецмыту на шэраг беларускіх тавараў.

«Гэтай пастановай Беларусь наўпрост парушае пагадненне аб зоне свабоднага гандлю краін СНД, удзельнікамі якога з'яўляюцца Беларусь і Украіна. Згодна з дакументам, пасля таго як імпартны тавар прайшоў мытную ачыстку, да яго павінна выкарыстоўвацца такое ж рэгуляванне, што і да тавару нацыянальнага вырабу, каб не было дыскрымінацыі. Але Беларусь у парушэнне гэтай пастановы ўвяла працэдуру, якая прадугледжвае для імпартных тавараў дадатковую працэдуру», - адзначыў Балдынюк.

Ён падкрэсліў, што дыскрымінацыйныя дзеянні з боку Беларусі ў дачыненні да ўкраінскіх тавараў выкарыстоўваюцца не ўпершыню. У мінулым годзе беларускія ўлады ўвялі ліцэнзаванне на імпарт кандытарскіх вырабаў і фактычна абавязалі ўзгадняць кошты тавару на беларускім рынку.

«З дапамогай ліцэнзавання Беларусь фактычна закрыла свой рынак на адзін-два месяцы для харчовай прадукцыі, перш за ўсё кандытарскай, і зняла гэтыя захады пасля таго, як Украіна ўвяла аналагічныя мыты на беларускую прадукцыю. Цяпер Беларусь прыдумала чарговы інструмент блакавання доступу на свой рынак канкурэнтных тавараў», - сказаў Балдынюк.

Паводле ягоных слоў, Беларусь з зайздроснай рэгулярнасцю «топчацца па існым міжнародным дамоўленасцям», дэкларуючы пры гэтым прыязныя стасункі з Украінай.

«Сэнс усяго - гэта закрыццё для ўкраінскіх тавараў доступу на беларускі рынак на два-тры месяцы, які пасля перамоў здымаецца. Акрамя незваротных страт мы губляем магчымасць прагназаваць гандлёвую палітыку з боку Беларусі. Калі нам кажуць адно, думаюць іншае, а робяць трэцяе і гэта завецца сяброўствам, то мы не зусім разумеем такое сяброўства і не разумеем, што будзе заўтра», - падкрэсліў Балдынюк.

Паводле ягоных ацэнак, ад дыскрымінацыйных дзеянняў з боку Беларусі ўкраінскія кандытары кожны месяц губляюць мільёны даляраў.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках