20 красавiка 2024, Субота, 8:06
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Заўзятар нацыянальнай каманды Беларусі: Узнікае адчуванне адкрытага цкавання з боку МУС

5
Заўзятар нацыянальнай каманды Беларусі: Узнікае адчуванне адкрытага цкавання з боку МУС

Акцэнт у крымінальных зводках апошнім часам робіцца на футбольнай прыналежнасці злачынцаў.

Пра гэта tut.by распавёў заўзятар нацыянальнай каманды Беларусі і менскага «Дынама» Аляксандр.

- Безумоўна, гэта робіцца спецыяльна. Бо, прыводзячы статыстыку ў іншых правапарушэннях, МУС не робіць ніякага акцэнту на захапленні іншых парушальнікаў. Відавочна, што так ствараецца нейкі вобраз заўзятара-злачынца, дзе паміж словам «заўзятар» і словам «злачынец» замест злучка фактычна ставіцца знак роўнасці. Гэты вобраз прызначаны перш за ўсё для іншых людзей, якія ніякім чынам не маюць дачынення да такога вызначэння, як «фан-рух» прынамсі і да спорту ўвогуле, - кажа ён.

- Ці адчуваеце вы першапачаткова недабразычлівае стаўленне з боку праваахоўных органаў?

- Так, прычым ва ўсім. Ідэалагічная праца дае свой плён. У іх вачах кожны чалавек, які прыходзіць на стадыён, патэнцыйны злачынец

- Але вы згодныя, што ў асяроддзі заўзятараў правапарушальнікаў больш, чым у сярэднім у краіне?

- У мяне на гэты конт можа быць толькі маё, суб'ектыўнае меркаванне - не, не згодны абсалютна. У адной з суседніх краін ужо шмат гадоў праводзіцца турнір у футболе сярод актыўных заўзятараў з многіх краін Еўропы. У гэтым годзе было 24 каманды і вялікая група падтрымкі ў кожнай з іх. Дык вось, ні разу за ўсе гэтыя дзевяць гадоў не было ніводнага інцыдэнту з удзелам заўзятараў ні на футбольным полі, ні на стадыёнах, дзе праводзіліся матчы, ні ў горадзе, дзе адбываецца гэты турнір. Ва ўсіх іншых выпадках патрэбная статыстыка, якая ў нас у краіне, мякка кажучы, не вельмі аб'ектыўная. Бо, калі ёй верыць, то 100% затрыманых заўзятараў - гэта людзі, якія знаходзіліся ў стане алкагольнага ап'янення, нецэнзурна лаяліся і супраціўляліся законным патрабаванням працаўнікоў праваахоўных органаў.

Нядаўна адзін высокапастаўлены чыноўнік публічна абяцаў даць відэаматэрыялы затрымання трох заўзятараў на матчы нацыянальнай каманды Беларусі супраць каманды Македоніі, які адбываўся ў Барысаве, але, на жаль, абяцанне такім і засталося. Мабыць, ён вельмі заняты.

Напэўна, толькі ў нас у краіне супрацоўнікі праваахоўных органаў могуць выступаць у якасці сведак на так званых судах, таму зыход спраў на 100% вядомы яшчэ да пачатку іх разгляду. Адсюль і такая афіцыйная статыстыка.

Ды і калі паглядзець на пакаранні, якія за аналагічныя парушэнні атрымліваюць заўзятары ды іншыя людзі, то ўзнікае адчуванне адкрытага цкавання. Прычым імкнуцца не проста пакараць затрыманых, але і запалохаць, зняважыць.

- Ці ўважаеце вы адэкватнымі захады ў бяспецы з боку МУС у дачыненні да заўзятараў? Прынамсі, скурпулёзныя надгляды.

- Гэта, хутчэй за ўсё, элемент псіхалагічнага ціску. Я быў на многіх стадыёнах Еўропы - такое толькі ў нас. У Нямеччыне, Украіне, Польшчы, Люксембургу паліцыі ўнутры стадыёна няма, але гэта не значыць, што яе няма ўвогуле. Мне давялося пагутарыць з супрацоўнікам паліцыі Бэрліна, які адказвае за бяспеку падчас правядзення матчаў другой Бундэслігі, так яны выдатна ўсведамляюць, што з'яўленне паліцыі ў месцах навалы заўзятараў багата правакацыямі як з аднаго, так і з другога боку, таму паліцыя заўсёды ў баку, яе не бачна.

Але там іншыя законы, там стадыён - гэта сфера службы бяспекі клуба, на арэне якога праходзяць гульні. Паліцыю яны выклікаюць толькі, калі самі не ў сілах справіцца з якім-небудзь інцыдэнтам, што адбываецца вельмі рэдка.

На лонданскім «Уэмблі» падчас матчу Англія - Беларусь, на якім прысутнічала больш за 70 тысяч заўзятараў, я бачыў толькі двух паліцэйскіх. У нас жа часам складаецца адчуванне, што паліцыі на стадыёне больш, чым заўзятараў. І такіх надглядаў, як у Беларусі, няма нідзе, дзе мне давялося пабываць.

- Што трэба зрабіць для нармалізацыі стасункаў паміж МУС і заўзятарамі?

- Звычайная праца любой структуры - гэта калі абывацель не бачыць, як яна працуе, але пры гэтым паўсюль захоўваецца парадак. Што тычыцца стасункаў МУС з заўзятарамі, то ўважаю размовы аб магчымай нармалізацыі ўтапічнымі. Найбліжэйшым часам на гэта разлічваць не прыходзіцца.

Не дапаможа ні вывад міліцыі за межы стадыёнаў, ні ўвядзенне сцюардаў, ды, мабыць, ужо нічога. Занадта ўжо моцна засеў у галовах міліцыі, а адпаведна, і заўзятараў, варожы вобраз бакоў.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках