19 красавiка 2024, Пятніца, 23:57
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Даследчыкі творчасці Караткевіча: Рукапіс другой кнігі «Каласоў» выкралі

7
Даследчыкі творчасці Караткевіча: Рукапіс другой кнігі «Каласоў» выкралі
Уладзімір Караткевіч

Існаваў рукапіс працягу рамана «Каласы пад сярпом тваім», але ён быў выкрадзены «адпаведнымі службамі».

У Горадні ўспаміналі пісьменніка Уладзіміра Караткевіча, паведамляе «Радыё Свабода».

«Ён прыязджаў у Горадню шмат разоў. Любіў горад, не выпадкова Хрыстос у Гародні прызямліўся. Для яго гэта быў, бадай, самы любы горад», - адзначыў прафесар Аляксей Пяткевіч.

Малады даследчык Дзяніс Марціновіч з Менска мяркуе, што знакаміты раман «Каласы пад сярпом тваім» меў працяг і што адной з яго частак, прынамсі, мог быць аповед, вядомы сёння пад назвай «Сіняя-сіняя».

Прафесар Аляксей Пяткевіч, які сябраваў з пісьменнікам, мяркуе, што раман быў скончаны, але рукапіс выкралі «адпаведныя службы».

«Пра гэта, напрыклад, піша і Мальдзіс у сваёй кнізе пра Караткевіча, праўда, асцярожна вельмі піша, як гэты тэкст знік, - кажа ён. - Мальдзіс лепш ведаў Караткевіча, гэта быў самы блізкі сябар. Ён ведаў кухню: што робіць гэты пісьменнік, калі і што ён піша. Усе Мальдзіс ведаў, не выпадкова такую кнігу цікавую напiсаў («Жыццё і ўзнясенне Уладзіміра Караткевіча»). Са словаў Мальдзіса, і я пра гэта ведаў і не раз чуў ад іншых людзей, кватэру Караткевіча не проста абрабавалі. Ніхто не рабаваў. Проста скралі рукапіс другой кнігі рамана. Гэта бомба была б. Разумееце: першая кніга - гэта напярэдадні паўстання, а другая - гэта само паўстанне. Гэта самае асноўнае, што там было сказана. Гэта вызваленчая вайна супраць Расеі. А каму гэта было цікава? І адпаведныя службы, пра якія не прынята распаўсюджвацца асабліва, сваю справу зрабілі: чысценька, акуратна».

На ягоную думку, менавіта з гэтай прычыны і сам Уладзімір Караткевіч не рабіў пасля знікнення вялікага розгаласу.

«Ён, вядома, вельмі перажываў. Ёсць, напрыклад, ягоная прадмова да расейскага выдання рамана, дзе ён піша: мне вельмі цяжка пачынаць пісаць другую кнігу, бо я іх усіх мёртвымі буду бачыць, усе мае любімыя героі загінуць, прычым такой смерцю. Я іх люблю! Вядома, «Каласы» ён дапісаў», кажа прафесар Пяткевіч.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках